Нiна Багiнская пра Беларусь Лукашэнкi i гiстарычныя каранi беларусаў | Беларусь: взгляд из Европы - спецпроект DW | DW | 05.04.2021

Посетите новый сайт DW

Зайдите на бета-версию сайта dw.com. Мы еще не завершили работу. Ваше мнение поможет нам сделать новый сайт лучше.

  1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages
Реклама

Беларусь

Нiна Багiнская пра Беларусь Лукашэнкi i гiстарычныя каранi беларусаў

Нiна Багiнская спецыяльна для DW напiсала пра тое, як яна бачыць Беларусь, Лукашэнку i Цiханоўскую, а таксама пра тое, што натхняе асабiста яе на пратэст.

Нiна Багiнская

Нiна Багiнская

Для спецыяльнай рубрыцы DW "Беларусь. Перспектывы" Нiна Багiнская напiсала каментар пра яе бачанне сiтуацыi ў Беларусi. Арфаграфiя аўтара пакiнута ў арыгiнале. Абмеркаваць разважаннi Нiны Багiнскай можна тут - пад адпаведным пастом ў тэлеграм-канале "DW Беларусь".

"Маці наша, Беларусь наша, колькі яшчэ будуць зьвінець ланцугамі дзеці Твае?

"Собака бьющую руку лижет". О не, не, не, мы нашчадкі Міколы Гусоўскага, мы племя Скарыны, браты Кастуся Каліноўскага! Мы ўжо вам не сабакі!

Рукi з кветкамi

Рубрыка "Беларусь. Перспектывы" дае магчымасць беларусам выказаць свае думкi на старонках DW

Беларусь ліцьвінская - краіна жаноцкага роду. Жаноцкі род - гэта вытрымка: вычакаць час, здольнасьць ператрываць мажлівую небясьпеку. Інтэлект жанчыны вышэйшы за мужчынскі, бо, нарадзіўшы дзіця, жанчына мае клопат аб захаваньні роду, а гэта значыць, роднага этнасу, Бацькаўшчыны. Мужчына - ваяр, цяга да войнаў, заваёў, улады - гэта мужчынскі род.

Тысячагадовая гісторыя Беларусі - гэта гісторыя абароны, захаваньня свайго этнасу ад ворагаў, што праз нашу краіну (цэнтар Эўропы) ішлі на ўсе бакі Сьвету. На гэта патрэбна больш адвагі, чым забіваць. Наша хрысьціянская заступніца Беларусі - Сьвятая Эўфрасіньня Полацкая. Яе крыж, зроблены Лазарам Богшам, знаходзіўся ў Магілёўскім краязнаўчым музэі, зьнік падчас II Сусьветнай вайны...

Рэпрэсii ў мiнулым i ў сучаснай Беларусi

Пасьля II Сусьветнай вайны людзі пацягнуліся да дабра, да міра. Краіны з імпэрскім таталітарным утварэньнем пачалі руйнавацца. Толькі праўда, справядлівасьць, добрыя ўчынкі захоўваюць жыцьцё людзей, жыцьцё нашай плянэты Зямля. Сэнс жыцьця чалавека - не пагубіць экалёгію чалавека, захаваць добрыя стасункі паміж людзьмі, расьлінным і жывёльным сьветам.

А для гэтага трэба прыпыніць работу зла. Мы нелюдзі, калі ў сучасным Сьвеце Зямлі хоць адна нацыя (народ), хоць адна расьліна ці жывёліна загіне, прыпыніць сваё існаваньне. На жаль, войны, рэпрэсіі не прыпыніліся. У Беларусі аднавіўся сталінскі фашызм 20-30-х гадоў прошлага стагодзьдзя. Лукашэнка збудаваў таталітарную сыстэму, абустроіў зьнішчэньне правоў і свабод чалавека. Фактычна на Беларусі ўзьнікла рабаўладаньне. У гэтым яму дапамагае імпэрская Пуцінская Маскоўская дзяржава - "Россия".

Мы, народ беларускі, вінаваты, што столькі год - больш дваццаці - трывалі ягоную антынародную сыстэму, але ў 2020 г., нарэшце, ізноў падняліся на вызваленьне. Сталі вядомы Ціханоўская, Калеснікава, Цапкала... Людзі ўспомнілі свой гістарычны нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, забаронены ўладаю Лукашэнкі, і масаю пайшлі на пратэсты.

Беларусы - не рабы

Шэлінг і Гегель, нямецкія філёзафы ў 30-50 гг. 19 стагодзьдзя, зрабілі ўплыў на грамадзкую думку ня толькі свайго народа, але і народа Расеі. Гэтыя філёзафы падзялілі народы на гістарычныя (якія кіруюць) і негістарычныя (якія падпарадкоўваюцца). Мой народ апынуўся ў кагорце негістарычных, але мой народ не раб і на працягу ўсёй гісторыі вызваляўся ад тых, хто жадаў над ім гаспадарыць. Кастусь Каліноўскі натхніў многія пакаленьні на вызваленьне ад прымусу суседніх краін - гэта нацыянальны запавет Паўстаньня ў 1863 годзе.

Зараз у 2020 годзе гісторыя вызваленьня паўтарылася. Народ паўстаў супраць тыраніі Лукашэнкі, супраць інтэграцыі з Расеяй, супраць русіфікацыі. Нас рэпрэсуюць турмою, штрафамі, ёсьць забітыя. Гэта грамадзянская вайна. Я ў свае 74 гады не баюся - хто не радзіўся, той не памрэ, дык паміраць трэба чалавекам, а не быдлам-сьвіньнёю.

Прыкладам чалавечнасьці, розуму, сьмеласьці можа быць навагрудзкая лекарка Саламея Пільштынова (Русецкая) "Авантуры майго жыцця".

Маімі арыенцірамі сталі Ларыса Геніюш ("Споведзь"), а яшчэ Зоська Верас (1892-1991 гг.), зьбіральніца словаў і зёлак. "... ахвярная працаўніца на маларасцяробленых лядах беларускай культуры ды гісторыі. Не маючы ў паслужным спісе ўніверсітэцкіх дыпломаў, закончыўшы ўсяго толькі гімназію і агародніцка-пчалярскія курсы, яна, тым не менш, ні ў якой справе не выглядала дылетантам - пісала вершы і апавяданьні, перакладала п’есы для школьных тэатраў, склала запатрабаваны і сёння "Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік", рэдагавала часопісы "Заранка", "Пралескі" і "Беларуская борць" (апошні - спецыялізаваны, для пчаляроў). Зоська Верас пражыла ладную частку жыцця..." Гэта укладаньне, прадмова Міхася Скоблы да кнігі спадарыні Верас, якая была выдадзена ў 2015 годзе ў Менску, - "Пакуль рука пяро трымае. Успаміны, лісты". Зоська Верас была жывой сьведкай нашай гісторыі і пасьпела ў сваіх лістах данесьці праўду людзям, выкрывала фальш савецкай гістарыяграфіі".

Аўтар: Нiна Багiнская, грамадзкi дзеяч

Каментар выказвае асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і Deutsche Welle ў цэлым.

Больш па тэме:

Смотреть видео 03:55

Полгода протестов против Лукашенко в Беларуси: что дальше?

Контекст

Ссылки в интернете

Аудио- и видеофайлы по теме