1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Arche адзначае юбілей з “Ваенным” нумарам

Пётр Іваноў5 августа 2008 г.

10 год таму пачаў выходзіць часопіс Arche, які лічыцца галоўным выданнем сучасных беларускіх інтэлектуалаў. Напярэдадні юбілею з галоўны рэдактарам Валеркам Булгакавым сустрэўся наш аўтар Пётр Іваноў.

https://p.dw.com/p/Er7B
Фото: Pjotr Ivanov

Слова аrche ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “першапачатак”, “тое, што ляжыць у аснове”. Arche ад самага свайго пачатку разбураў міфы, выяўляў звыклыя рэчы з адваротнага боку. Нездарма самы першы Arche быў прысвечаны тэме “Парнаграфія”. А нумар, які выйшаў месяц таму, паказвае Другую сусветную вайну на тэрыторыі Беларусі зусім не так, як гэта робяць афіцыйныя падручнікі.

“За намі нічога не стаяла, акрамя амбіцый”

Нязменны галоўны рэдактар Arche Валерка Булгакаў фіксуе, што за 10 год існавання часопіса было выдадзена агулам каля 60 тыс асобнікаў. Але ўсё ж такі асноўнае дасягненне інтэлектуальнага выдання – гэта, канешне, яго аўтары:

“Калі мы пачыналі ў 1998 годзе, за намі фактычна нічога не стаяла, акрамя амбіцый і некалькіх чалавек. Цяпер мы маем устойлівы калектыў. Вядучыя інтэлектуалы, не толькі беларускія, часам еўрапейскага ці цэнтральна-еўрапейскага кантэксту, лічаць сваім грамадзянскім абавязкам штомесяц даваць тэксты ў наш часопіс”.

Цяпер Arche выходзіць штомесяцова, хаця ў год свайго з’яўлення часопіс здолеў выдаць толькі адзін нумар. Arche па-ранейшаму застаецца ў падпісных каталогах Белпошты:

“Насуперак прымхам і забабонам, што на Arche нельга падпісацца, я хачу сцвердзіць адваротнае: Arche даступнае ў любым аддзяленні Белпошты на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Наш падпісны індэкс вельмі просты: 00345.

Віртуальны Arche радыкальна абновіцца

Валерка Булгакаў адзначае, што Arche мае не толькі друкаваную версію. У адрозненне ад многіх беларускамоўных выданняў, Arche існуе ў інтэрнеце з 1999 года. А літаральна праз некалькі тыдняў віртуальны часопіс радыкальна абновіцца:

“У нас будзе паўнавартасны інтэрнет-партал. Гэта будзе абсалютна самадастатковае выданне, якое будзе рэагаваць на культурныя і палітычныя выклікі нашага часу. Рэгулярныя штодзённыя апдэйты, спецыяльныя інтэрнет-прадукты – адным словам, мы паспрабуем дыверсіфікаваць выданне, зрабіць яго не толькі папяровым праектам, але і праектам, скіраваным да інтэрнет-аўдыторыі”.

“Ваенны” нумар

Тэксты апошняга нумара Arche яшчэ нельга прачытаць у інтэрнеце, а вось папяровая версія ўжо даступная. Arche пад назвай “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” адразу выклікаў ажыятаж сярод чытацкай аўдыторыі. Валерка Булгакаў тлумачыць такі інтарэс тым, што:

“Мы тут зрабілі па-свойму прарыў. Мы паказалі, што за 10-15 апошніх гадоў у свеце з’явілася вельмі моцная школа даследаванняў Беларусі пад нямецкай акупацыяй, якая ніякім чынам ідэалагічна не кантралюецца беларускім рэжымам. Гэта будзе калі не адкрыццём, то шокам. Бо мы асвятляем тыя аспекты, якія традыцыйна замоўчваліся беларускай прапагандысцкай машынай і яе навукова-гістарыяграфічным суправаджэннем”.

“Ваенны” нумар Arche распавядае пра марадэрствы беларускіх партызанаў, пра некампетэнтнасць савецкага кіраўніцтва ў 1941 годзе, пра забароненыя аспекты беларускай калабарацыі. Уражанне ўзмацняецца за кошт чатырохсот ілюстрацыяў таго часу, многія з якіх беларускі чытач убачыць упершыню.

Максімальная нейтральнасць

Разумеючы правакацыйнасць абранага падыходу, рэдакацыя Arche спрабавала захаваць максімальную нейтральнасць. Так, сярод аўтараў нумару – яўрэйскія, амерыканскія, нямецкія, беларускія навукоўцы, якіх цяжка абвінаваціць у сімпатыях да нямецкага нацыянал-сацыялізму. Жорсткая навуковая дыстанцыя дапамагае “ваеннаму” нумару Arche разбурыць небяспечны міф, які, на думку Булгакава, існуе ў беларускім адраджэнскім асяроддзі:

“Міф, што часы Другой сусветнай вайны – гэта быў “малы залаты век беларускага Адраджэння”, што немцы дазвалялі друк па-беларуску тарашкевіцай, спрыялі школьніцтву. Мы спрабуем паказаць адваротны бок – што гэта ўсё адбывалася коштам каласальнага знішчэння насельніцтва – і гэта рэальна было, гэта не прыдумалі камуністы”.

Галоўны рэдактар Arche упэўнены, што аб’ектыўная карціна падзей апошняй вайны таксама дапаможа беларусам быць больш устойлівымі да дэфармацыі чалавечнасці ў сучасным жыцці.