У Мiнску прайшоў устаноўчы сход Саюзу пiсьменнiкаў Беларусi | Беларусь и белорусы: новости и аналитика | DW | 18.11.2005
  1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Мiнску прайшоў устаноўчы сход Саюзу пiсьменнiкаў Беларусi

18 лiстапада 2005 году ўвойдзе ў беларускую гiсторыю як дата фармальнага раздваення беларускix пiсьменнiкаў па палiтычнай прыкмеце.

default

«Новую рэс п ублiканскую арганiзацыю «Грамадскае аб`яднанне «Саюз пiсьменнiкаў Беларусi» стварылi на ўстаноўчым сходзе 18 лiстапада прадстаўнiкi лiтаратурнага цэху краiны»

- так ацанiла адбытае дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА. Тым самым магчымасць, што новае аб`яднанне будзе зарэгiстраванае, не выключаецца.

З`езд прайшоў у адным з лепшых будынкаў сталiцы – Палацы прафсаюзаў i пры ўзмоцненай мiлiцэйскай ахове. Сваю неабходнасць мiлiцыя прадэманстравала, калi не пусцiла ў будынак журналiстаў недзяржаўных СМI i прыйшоўшых па ўласнай iнiцыятыве кiраўнiкоў «старога» «Саюза беларускiх пiсьменнiкаў». Дарэчы, пра гэты факт дзяржаўнае агенцтва навiнаў БЕЛТА замаўчала. Затое распаўсюдзiла такую iнфармацыю:

«Празаiкi, паэты, драматургi i крытыкi ў сваiх выступах на сходзе адзначалi, што ранейшая арганiзацыя «Саюз беларускiх пiсьменнiкаў» апошнiмi гадамi не задавальняла iх прафесiйныя патрабаваннi, у цэнтры яе ўвагi былi галоўным чынам палiтычныя памкненнi. У шэрагу выпадкаў праца вялася ў накiрунку супрацьстаяння ўладзе, дэскрыдытацыi iснага дзяржаўнага ладу», - заключыла БЕЛТА.

Ужо да абеду новая арганiзацыя была заснаваная, а яе кiраўнiком адзiнагалосна абраны Мiкалай Чаргiнец, у мiнулым кiраўнiк перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкi, а цяпер – член Савету Рэспублiкi. Дарэчы, на банкет, якi завершыў мерапрыемства, Чаргiнец не застаўся.

Вядомы культуролаг i журналiст Маскiм Жбанкоў, якi выпадкова апынўся ў той дзень каля Палаца прафсаюзау, адбытаму не здзiвiўся:

«Беларусь бярэ прыклад з Расii, дзе таксама з`явiлася два саюза пiсьменнiкаў . Праўда, там дэмакратычна-прагрэсiўныя пicьменнiкi аддзялiлiся ад артадаксальных i праўладных, а тут усё наадварот. Гэта сведчыць пра тое, што, верагодна, у нас бальшыня пiсьменнiкаў усё ж знаходзяцца ў апазiцыi рэжыму». Дарэчы, нiводнага сапраўды вядомага пiсьменнiка ў новую арганiзацыю не ўвайшло. Калi, натуральна, не лiчыць самога Мiкалая Чаргiнца, як паведамiла БЕЛТА , аўтара «больш як 40 мастацкix твораў».

Як мяркуюць эксперты, гэта не перашкодзiць уладам для ўзмацнення пралукашэнкаўскай арганiзацыi аддаць яму Дом лiтаратара i санаторый «Iслач». Бо ў назве новай арганiзацыш ёсць слова «Беларусь», дазвол на выкарыстанне якога дае асабiста Аляксандр Лукашэнка.