Апальныя літаратары едуць на Сусветны кангрэс пісьменнікаў | Беларусь и белорусы: новости и аналитика | DW | 17.06.2008
  1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Апальныя літаратары едуць на Сусветны кангрэс пісьменнікаў

Делегацыя Саюза беларускіх пісьменнікаў возьме ўдзел у Сусветным кангрэсе пісьменнікаў, які пачнецца 28 чэрвеня ў сталіцы Швецыі. У складзе дэлегацыі – Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Уладзімір Някляеў і Алесь Ліпай.

default

Сусветны кангрэс пісьменнікаў “Wooltic – 2008” пройдзе ў Стакгольме з 28 чэрвеня да 2 ліпеня. Як адзначыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, гэта найбуйшейшы пісьменніцкі кангрэс, які праводзіцца пад патранажам ураду Каралеўства Швецыя. У ім будуць браць удзел каля тысячы пісьменнікаў розных кантынентаў: “Паколькі са Шведскім саюзам пісьменнікаў СБП ужо не адзін год мацуе творчыя кантакты, сувязі, дэлегацыя з Беларусі будзе адной з самых вялікіх – чатыры чалавекі. Для параўнання – з Украіны, Літвы запрошаныя па два дэлегаты, з Расійскай Федэрацыі прыедзе адзін чалавек.

У Стакгольме беларускія пісьменнікі ўжо пачуваюцца не гасцямі, яны не толькі адпачываюць у шведскім Доме творчасці на выспе Готланд, але і ладзяць літаратурныя выступы сумесна са шведскімі пісьменнікамі. Што, у прыватнасці, беларускія літаратары хочуць ад гэтага кангрэсу? Найперш, яшчэ больш шчыльна ўмацаваць стасункі з літаратарамі не толькі Швецыі, але і іншых краінаў, і маштабна прэзентаваць сучасную беларускую літаратуру, культуру на Сусветным пісьменніцкім форуме. З нашага боку з дакладам будзе выступаць Барыс Пятровіч. Будуць працы і ў асобных секцыях па розных праблемах, пачынаючы ад аўтарскіх правоў і заканчваючы свабодай творчага слова”.

Паводле Алеся Пашкевіча, за мяжой добра ведаюць, што ў краіне існуе яшчэ адзін – афіцыйны Саюз пісьменнікаў Беларусі: “Аб тым, што ў Беларусі існуюць дзве творчыя пісьменніцкія арганізацыі, ведаюць не толькі ў суседніх з Беларуссю краінах, але і ў далёкіх пісьменніцкіх арганізацыях. Ведаюць і ідэалагічныя нюансы стварэння іншага, альтэрнатыўнага Саюза пісьменнікаў Беларусі і тыя нялюдзкія ўмовы існавання Саюза беларускіх пісьменнікаў. У Стагольм і на іншыя пісьменніцкія форумы, па маіх звестках, аніводнага члена альтэрнатыўнага Саюза пісьменнікаў Беларусі не запрашалася. Такім чынам, гэтыя фестывалі яшчэ сведчаць і аб падтрымцы пісьменнікаў Еўропы, еўрапейскіх пісьменніцкіх арганізацыяў апальнага Саюза беларускіх пісьменнікаў”.

Реклама