1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як беларусы адзначылі валійскае свята

Марына Мазуркевіч

У рэзідэнцыі Брытанскага амбасадара ў Мінску беларусы ўпершыню адсвяткавалі Дзень святога Дэвіда – апекуна Уэльса. Пачынаючы з XVIII стагоддзя, ён адзначаецца 1 сакавіка.

https://p.dw.com/p/DGaP
Часовы павераны ў справах Вялікабрытнаіі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс на свяце святога Дэвіда.Фото: Marina Masurkevitsch

У дзень святого Дэвіда валійцы звяртаюцца да сваіх каранёў і ўзгадваюць продкаў.Пад гукі нацыянальнай валійскай арфы часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі ў Мінску Найджэл Гулд-Дэвіс прызнаўся:

"Хаця я сам брытанец, але я не зусім англічанін. На адну чвэрць я - ірландзец і на адну чвэрць - валіец. І яшчэ адзін сакрэт: гэта ніяк не звязана з гэтым мерапрыемствам, але 1 сакавіка – гэта таксама і мой дзень нараджэння".

А дзе гэты Уэльс?

Палічыўшы, што не ўсе беларусы чулі пра Уэльс, сапраўдны валіец юрыст Гарэт Попкінс, што прыехаў на свята з Масквы, патлумачыў:

"Мы - усяго 5% насельніцтва Вялікабрытаніі, 10% тэрыторыі. Маленькая краіна са сваёй уласнай кельцкай старажытнай мовай, якая зусім не падобная да англійскай".

Цяпер ва Уэльсе, як і ў Беларусі, дзвюхмоўе. Кельцкай карыстаецца каля 20% насельніцтва.

Дзень святога Дэвіда – выдатная нагода пакаштаваць смачныя валійскія стравы: кельцкія пірагі з пятрушкай, валійскія галушкі ды гламарганскія каўбаскі. Сам Дэвід, які жыў у VII стагоддзі, быў вегетарыянцам, а ягоныя паслядоўнікі ўпрыгожвалі капелюшы пер’ем цыбулі.

Але цяпер ў гэты дзень валійцы прэзентуюць адзін аднаму нарцысы. Усё тлумачыцца проста: на кельцкай мове “цыбуля” і "нарцыс" - адно слово, а хадзіць з кветкай у пятлічцы нашмат лацвей, чымсьці з цыбулінай.

Слова з 58 літар

Сама назва Брытаніі таксама кельцкага паходжання. Яна азначае "пярэсты". Распавёўшы пра гэта, Гарэт Попкінс перайшоў на беларускую мову:

“Я ўпершыню ў Мінску. Мае ўражанні самыя добрыя. І паколькі вы зараз цярпліва слухалі пра маю краіну, я вельмі спадзяюся зараз пагутарыць з вамі пра Беларусь”.

Але гутарка ішла ўсё роўна пра Уэльс - пра невялікую, але вельмі ганарлівую валійскую вёсачку, якую ў 1870-м годзе назвалі словам з 58 літар: Llanfairpwllgwyngyllgogerychwyrndrobwllllantysiliogogogoch.

Беларусам такое, нават, чытаць жахліва, не тое, што вымаўляць. А валійцы, нічога сабе, адольваюць. У перакладзе гэтая назва гучыць так: "Царква святой Марыі ў зарасніках белага арэшніка побач з хуткім вірам каля царквы святога Тайсілія і чырвонай пячоры".

Чым беларусы падобныя да кельтаў?

Беларусы не апранаюць кельцкія спадніцы. Але старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў адшукаў паміж імі і валійцамі шмат агульнага:

"Падобныя сваёй ментальнасцю. Тым, што і яны доўгі час не мелі сваёй незалежнасці, тым, што захавалі свой унікальны фальклор".

Алег Трусаў адзначыў яшчэ, што захавальніцамі мовы і ў беларусаў, і ў валійцаў былі жанчыны.

"Там нават жанчыны давалі такую ўрачыстую клятву, што калі выйдуць замуж, неістотна, якой нацыянальнасці будзе муж, а дзеці павінныя размаўляць дома на роднай мове”.

Лідар гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч знайшоў падабенствы ў кельцкіх ды беларускіх мелодыях. Але ўсіх пераўзыйшоў пераможца конкурса Еўрапейскага радыё Аляксандр Селіверстаў – ён адшукаў цэлых дзесяць падабенстваў: пачынаючы ад замкаў ды дуды і заканчваючы тым, што і беларусы, і кельты:

"Зразумела, займаюцца сельскай гападаркай. Беларусы - добрыя земляробы, а валійцы вырошчваюць авечак".

Госці слухалі кельцкую музыку ў выкананні беларускіх гуртоў, каштавалі валійскія стравы ды глінтвейн, а тым часам яшчэ і вучыліся:

“Павучыцца трэба веданню сваёй гісторыі. Валійцы вельмі шануюць сваю нацыянальную сімволіку. Яны дабіліся, што яна ў Валіі шануецца разам з англійскай”, - рэзюміраваў за ўсіх Алег Трусаў.