1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як адзначалася ў Беларусі гадавіна прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека?

Алена Мікалаева, Генадзь Канстанцінаў12 декабря 2005 г.

У Віцебску міліцыя ў цэнтры гораду затрымала актывістаў апазіцыі, а ў Бабруйску прайшоў семінар праваабаронцаў, у часе якога адбыўся паказ дакументальнае стужкі “Васіль Быкаў. Вяртанне”, а таксама выступ Касі Камоцкай

https://p.dw.com/p/7bm7
Фото: AP

Восем чалавек затрымала міліцыя ў Віцебску ў часе акцыі ў падтрымку незалежнае прэсы, адбытай у Дзень абароны правоў чалавека 10 снежня.

Прыкладна 20 прадстаўнікоў рэгіянальных аддзяленняў трох партыяў: БНФ, АГП (Аб’яднаная грамадзянская партыя) і БСДП (сацыял-дэмакраты) выйшлі на плошчу Свабоды ў цэнтры Віцебску, каб абараніць канстытуцыйныя правы сямі тысяч падпішчыкаў адзінага ў вобласці незалежнага выдання “Витебский Курьер”. Гэтая газета, як і іншыя ў Беларусі выданні дэмакратычнай скіраванасці, выключана з рэспубліканскага падпіснога каталогу на 2006 год. У распаўсюдзе праз шапікі “Белсаюздруку” ёй таксама адмоўлена. Удзельнікі акцыі выступілі і ў падтрымку рэспубліканскай незалежнай газеты “Народная воля”. Актывісты партыяў стаялі на плошчы з завязанымі ртамі, трымаючы ў руках свежыя нумары гэтых апальных выданняў. У іх была ўкладзеная зыскавая заява, якую прапаноўвалася падпісаць і адрасаваць у суд па месцы жыхарства. Адказчыкам названае Рэспубліканскае дзяржаўнае прадпрыемства сувязі “Белпошта”. Таксама ўдзельнікі акцыі збіралі ў мінакоў подпісы “Віцебскага кур’ера”. Аднак акцыя цягнулася толькі 15 хвілінаў. Роўна столькі цярпення хапіла ў прадстаўнікоў правапарадку, якія назіралі з машыны і пры гэтым здымалі ўсё на відэакамеру.

Затым на плошчу Свабоды з мігалкамі і сірэнамі прымчэлі 2 міліцэйскія машыны і 1 з супрацоўнікамі АМАПу. У кожнай такой брыгадзе знаходзілася па адным міліцыянце з відэакамерай. Сярод затрыманых удзельнікаў акцыя пацёра прадстаўнікоў рэгіянальнага аддзялення БСДП і па адным з партыяў БНФ і АГП. Іх даставілі ў аддзяленне ўнутраных справаў Кастрычніцкага раёну Віцебску. На ўсіх склалі пратакол паводле артыкула 167 часткі першай (удзел у несанкцыянаваным мітынгу). Восьмага ўдзельніка, Сяргея Серабро, пазаштатнага карэспандэнта “Витебского курьера” выпусцілі без складання на яго пратакола. Затое сцердлі ўсе адзнятыя кадры з яго фотаапарата.

У той жа дзень у Бабруйску прайшоў семінар, арганізаваны мясцовай філіяй Праваабарончага цэнтру “Вясна”. У Дзень абароны правоў чалавека ўдзельнікі абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з актывізацыяй дзяржаўнай прапаганды напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. У часе семінару адбыўся паказ дакументальнага фільму “Васіль Быкаў. Вяртанне”рэжысёра Віктара Корзуна. Гэты фільм-рэквіем пра вялікага пісьменнікагэтак і не дайшоў у Беларусі да масавага гледача, але стаў уладальнікам розных прызоў за межамі краіны.