1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Якія пытанні задалі б выбаршчыкі кандыдатам у прэзідэнты і на якой мове?

Алена Данейка

Група сацыёлагаў пад кіраўніцтвам прафесара Манаева высвятляла гэта падчас нацыянальнага апытання.

https://p.dw.com/p/82vq

Гіпатэтычную магчымасць пагаварыць з дзеючым прэзідэнтам выбаршчыкі, паводле дадзеных апытання, выкарысталі б, каб звярнуцца да прэзідэнта с просьбай палепшыць іх матэрыяльнае становішча. У гэтым выпадку рэспандэнты выглядаюць не выбаршчыкамі, а хутчэй падданымі, робяць выснову сацыёлагі. І адзначаюць, што найбольш часта сустракаецца такое пытанне да Лукашэнкі: "Колькі гадоў Вы збіраецца заставацца прэзідэнтам?". Пры гэтым прыхільнікі прэзідэнта пытаюць: "На які час хопіць сіл?", а праціўнікі: "Дакуль?".

Рэспандэнты, якія маюць апазіцыйны настрой, альбо наогул не маюць пытанняў да прэзідэнта, альбо задаюць такія, якія не паддаюцца статыстычнай апрацоўцы з-за іх нізкай паўтаральнасці. Самыя тыповыя гучаць так: "Калі людзі будуць жыць нармалёва?", "Чаму Лукашэнка ўпэўнены, што яго нельга замяніць?", "Чаму ў Беларусі парушаюцца правы чалавека?"

Пытанні адзінаму кандыдату ад дэмсіл Аляксандру Мілінкевічу, адзначаюць сацыёлагі, гавораць пра цікавасць беларусаў да новай палітычнай фігуры. Выбаршчыкаў цікавіць праграма Мілінкевіча, асаблівасці яго перадвыбарнай кампаніі і шляхі дасягнення заяўленых мэт. Пры гэтым існуе патрэбнасць у ідэнтыфікацыі Мілінкевіча па прынцыпе старога савецкага анекдота: "Ты за белых або за чырвоных?" Важна адзначыць, што не да Лукашэнкі, а да яго асноўнага канкурэнта звяртаюцца з пытаннямі прыкладна паўтары млн выбаршчыкаў, якія жадаюць перамен у краіне.

Выбаршчыкі, гатовыя галасаваць за Мілінкевіча, як правіла, карыстаюцца у паўсядзённым жыцці рускай мовай або камбінацыяй рускай й беларускай. Але не адной беларускай мовай, якая, падкрэсліваюць сацыёлагі, з’яўляецца сёння нярэдка своеасаблівым індыкатарам апазіцыйнасці.

Функцыю распазнання па прынцыпе "свой-чужы" выконвае "трасянка" – сумесь рускай і беларускай мовы, якой карыстаецца частка насельніцтва. На сустрэчах з выбаршчыкамі Лукашэнка ўжывае беларускія прастамоўі і дыялектызмы. Аўдыторыя ўспрымае гэта як прыкмету "свайго", канстатуюць сацыёлагі. Яны таксама высвятлілі, што найбольш зацікаўленыя ў зносінах і з Лукашэнкам, і з Мілінкевічам -- грамадзяне альбо старэйшыя за 60 гадоў, альбо ва ўзросце ад 30 да 50 гадоў.

Цікава, што пытанне да Лукашэнкі, "Калі людзі будуць жыць нармалёва?", якое, на думку сацыёлагаў, можна інтэрпрэтаваць і як выраз незадаволенасці цяперашнім становішчам у краіне, і як жаданне перамен, прысутнічае ва ўсіх узроставых групах. А найбольш распаўсюджанае пытанне-просьба аб павялічэнні пенсіі сярод носьбітаў "трасянкі" сустракаецца значна часцей, чым сярод, тых, хто гаворыць па-руску.