1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У чым сутнасць праекта "народнае галасаванне"?

Паўлюк Быкоўскі

На днях адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Незалежнай грамадскай камісіі выбаршчыкаў. Яе мэта - акумуляваць выбарчыя бюлетэні ў межах прапанаванага Зянонам Пазняком праекта "народнае галасаванне"

https://p.dw.com/p/7wv2
Фото: dpa

Заснавальнікі канферэнцыі, сярод якіх пераважна сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, заявілі пра намер падаць дакументы ў Мінюст на рэгістрацыю гэтай новай арганізацыі.

Лідэр КХП БНФ Зянон Пазняк, некаторыя беларускія праваабаронцы, а таксама акадэмік Аляксандр Вайтовіч заклікаюць выбаршчыкаў прыйсці на ўчасткі для галасавання са сваімі загадзя падрыхтаванымі "бюлетэнямі" або з чыстымі аркушамі паперы і ўкінуць іх у скрыню для галасавання замест выбарчых бюлетэняў, выданых выбарчай камісіяй. Пасля гэтага сапраўдны бюлетэня Пазняк прапануе перадаць у грамадскую камісію, якая здолее устанавіць фальсіфікацыю вынікаў галасавання, або асабіста прынесці яго на Кастрычніцкую плошчу Мінска, дзе павінны адбыцца апазіцыйны мітынг.

У інтэрвію "Нямецкай хвалі" намеснік старшыні КХП БНФ Юры Беленькі сказаў: "Тыя людзі, якія не хочуць, каб іхны голас быў скрадзены, вырашылі процістаяць гэтаму працэсу. І тады з'явілася ініцыятыва пад назвай "народнае галасаванне".

Паводле Беленькага, на днях дакументы, што неабходныя для рэгістрацыі гэтай арганізацыі, будуць пададзеныя ў Міністэрства юстыцыі. І заснавальнікі спадзяюцца, што арганізацыя "Незалежная грамадская камісія выбаршчыкаў" будзе зарэгістраваная і здолее быць прадстаўленай на выбарчых участках.

Аўтары праекта сцвярджаюць, што калі шмат выбаршчыкаў прыйдзе на акцыю пратэсту са сваімі сапраўднымі бюлетэнямі, то яны дакажуць непраўдзівасць паведамлення Цэнтрвыбаркама пра перамогу Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. Аптымісты з ліку прыхільнікаў "народнага галасавання" кажуць пра намер сабраць некалькі мільёнаў выбарчых бюлетэняў. Песімісты максімум разлічваюць на шматтысячны мітынг, які сам па сабе мусіць быць доказам адсутнасці ўсенароднай падтрымкі прэзідэнта.

І прадстаўнікі Цэнтрвыбракаму, і грамадскай камісіі прызнаюць, што заканадаўства дазваляе выбаршчыкам рабіць з бюлетэнямі тое, што прапануе Зянон Пазняк. Аднак яны разыходзяцца ў ацэнцы значэння гэтых дзеянняў. Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў "Нямецкай хвалі":

"Па сутнасці, тое што прапануе спадар Пазняк, з юрыдычнага пункту гледжання можна разглядаць як байкот выбараў. Але калі ацаніць з арганізацыйнага і палітычнага пункту гледжання самі прапановы сп. Пазняка, то я б сказаў, што гэта нерацыянальная прапанова па арганізацыі збору макулатуры. Адзіны орган, які можа агучыць вынікі галасавання -- гэта выбарчая камісія. Якіясь іншыя арганізацыі - ці то назіральнікі, ці то грамадскія фармаванні - яны не правамоцныя падводзіць вынікі галасання "

Асцярожна выказваюцца аб ініцыятыве Зянона Пазняка і прадстаўнікі апазіцыйных кандыдатаў. Так, у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" Аляксандр Бухвостаў, кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча сказаў "Мы пакуль спакойна ставімся да гэтай ініцыятывы". Праўда, Бухвостаў не выключыў, што цяпер, пасля ўстаноўчай канферэнцыі арганізацыі "Незалежная грамадская камісія выбаршчыкаў" палітсавет сфармуе сваё стаўленне да гэтага праекту.

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах было каля 140 тысяч несапраўдных і больш за 12 тысяч сапсаваных бюлетэняў. Ўзялі бюлетэні, але не кінулі іх у скрыню для галасавання каля 5 тысяч чалавек. Спроба апазіцыі сабраць дастатковую колькасць "скрадзеных" бюлетэняў, або іх частак, каб гэтым пераканаўча даказаць фальсіфікацыю вынікаў галасавання, тады не знайшла поспеху.