1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Тутэйшыя" у Гомелі

Пётр Іваноў16 сентября 2008 г.

У Гомелі адбылася прэм’ера тэлефільма паводле п’есы Янкі Купалы "Тутэйшыя". Беларускія гледачы, якія не маюць спадарожнікавых антэн, убачылі экранізацыю класічнага твора ўпершыню.

https://p.dw.com/p/FJDL
Фото: DW / Olja Melnik

П’еса "Тутэйшыя" была напісана ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. У гэты ж час і разгортваюцца падзеі твора. Яго аўтар, Янка Купала, паказаў складаны для Беларусі перыяд, калі нямецкая акупацыя змянялася польскай, а польская – бальшавіцкай.

У 2007 годзе рэжысёр Валеры Мазынскі разам са сваім калегам з Польшчы Дарыюшам Шадам экранізаваў класічны твор Купалы. Аўтары кінастужкі паспрабавалі дакладна ісці за арыгіналам і аднавіць тагачасную атмасферу. Мінск пачатку мінулага стагоддзя "знайшлі" ў польскім мястэчку Тыкоцін, што знаходзіцца на самай мяжы з Беларуссю. У памяшканні, дзе рабіліся здымкі, пераклейвалі шпалеры, размяшчалі антыкварныя крэслы, люстэрка, грамафон.

Купала з галівудскімі эфектамі

Распавядае адзін з актораў "Тутэйшых" Франак Вячорка: "Фільм аўтэнтычны, у фільме амаль не змененае аніводнай рэплікі, аніводнага слоўца. Усё, што пісаў Купала, усё засталося ад Купалы. Я думаю, што гэта добрая магчымасць апынуцца ў 1920-х гадах, вярнуцца назад і паглядзець на сябе з перспектывы мінулага стагоддзя. І тое, што фільм, мае рэтравыгляд, гэта надае яму пэўнай разынкавасці".

Кінаспектакль "Тутэйшыя" немагчыма ўбачыць у афіцыйным пракаце. Але аўтары стужкі ўжо пачалі займацца яе рэгістрацыяй і спадзяюцца прэзентаваць твор Купалы ў беларускіх кінатэатрах. Пакуль жа паказы адбываюцца ў офісах і на кватэрах.

Гомельская прэзентацыя "Тутэйшых" сабрала каля 30 чалавек, пераважна моладзі. Усе паўтары гадзіны, колькі доўжылася стужка, гамельчукі неадрыўна назіралі за драматычнымі падзеямі на экране.

Студэнтка Алена пасля прагляду падзялілася сваімі ўражаннямі: "Мне фільм спадабаўся, але спадабаўся як чалавеку, які цікавіцца пытаннямі беларускай ідэнтычнасці, нацыянальнай свядомасці. Ня ўпэўнена, што стужка будзе мець папулярнасць сярод звычайнай моладзі. Мне не хапіла сучаснага падыходу да экранізацыі Купалы, можа быць нават з нейкімі галівудскімі эфектамі".

Стужка для развіцця самаідэнтыфікацыі

Франака Вячорку, аднак, крытыка не засмучае. Прэзентуючы стужку гомельскім гледачам, Франак адзначыў, што "Тутэйшыя" разлічаны на значна шырэйшую публіку і больш сталую, якая мае праблемы з самаідэнтыфікацыяй. "Найперш гэты фільм павінны паглядзець людзі ў рэгіёнах. У Менску няма праблемы самаўсведамлення сябе як беларусаў – у нас людзі маюць доступ да інтэрнету, чытаюць газеты. А ў рэгіёнах, тым больш у малых мястэчках, людзі баяцца ці пазбаўлены доступу да альтэрнатыўнай інфармацыі, мультымедыя, кіно".

Ларыса Шчыракова, арганізатарка кінапаказу ў Гомелі, таксама лічыць важным сам факт знаёмства з незалежнай прадукцыяй. Паводле Ларысы, жывыя сустрэчы з палітыкамі і культурнымі дзеячамі "ва ўмовах, калі існуюць чорныя спісы непажаданых творцаў для афіцыйнай улады, гэта бадай што адзіная магчымасць пабачыць і пачуць альтэрнатыўную думку і творчасць".