1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сяргей Дубавец – лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес»

Павел Андрыеўскі

За 13 гадоў свайго існавання літаратурная прэмія таварыства вольных літаратараў не згубіла сваёй значнасці. Да таго ж, яна паказвае актуальны стан беларускай ліатаратуры.

https://p.dw.com/p/7nPj

«Гліняны Вялес» — найстарэйшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі. Пачынаючы з 1993 года, яна ўручается аўтару лепшай беларускай мастацкай кнігі. У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся вядомыя беларускія літаратары Ігар Бабкоў, Алесь Разанаў, Славамір Адамовіч, Уладзімір Арлоў. «Гліняны Вялес» за 2005 год атрымае Сяргей Дубавец за кнігу эссе «Вострая брама». Менавіта яе экспертная рада прэміі выбрала сярод пяць прэтандэнтаў. Акрамя лаўрэата на статуэтку старажытнага славянскага бога, апекуна мастацтваў Вялеса прэтэндавалі Вінцэсь Мудроў, Югася Каляда, Алесь Наварыч и Наталля Кучмель.

За 13 гадоў свайго існавання літаратурная прэмія таварыства вольных літаратараў не згубіла сваёй значнасці. Да таго ж, яна паказвае актуальны стан беларускай ліатаратуры. Напрыклад, сярод пяць кніг-намінантаў дзве ўяўляюць сабой эсэ, а большасць аўтараў — людзі сярэдняга і малодшага пакалення. Гаворыць адзін з лідэраў ТВЛ, полацкі літаратар Алесь Аркуш:

“Вельмі характэрна для нашай сённяшняй беларускай літаратуры, што эсэістыка выходзіць на першы план, абстаўляючы і паэзію, і прозу. І я б не сказаў, што гэта аўтары сталыя і вядомыя. Гэта аўтары сярэдняга ці нават малодшага пакалення”.

Як адзначае Алесь Аркуш, за гэтыя гады змяніліся задачы не толькі прэміі, але і самой літаратурнай арганізацыі, якая яе заснавала. Ад пачатку Таварыства вольных літаратараў ставіла сваёй мэтай змагацца з манаполіяй адзінага выдавецтва і таталітарызмам афіцыйнага Саза пісьменнікаў, на якім, паодле словаў Алеся Аркуша, была замкнута ўся літаратура. Супрацьстаянне гэтае было настолькі сур'ёзным, што сябрам таварыства было забаронена знаходзіцца ў Саюзе пісьменнікаў. А зараз вольныя літаратары вырашылі падтрымаць сваіх калег з Саюза пісьменнікаў. Алесь Аркуш патлумачыў, што гэта адбылося

“калі саюз пісьменнікаў пачалі практычна развальваць, стварыўшы яму альтэрнатыўны саюз, - улады стварылі яму, - мы выступілі ў падтрымку таго саюза. Бо сёння мы практычна аднолькавыя, мы існуем у аднолькавых умовах”.

Па традыцыі ўручэнне “Глінянага Вялеса” адбудзецца ў сакавіку ў музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку. Акрамя таго, сёлета адбудзецца ўручэнне і яшчэ адной літаратурнай прэміі, заснаванай Таварыствам вольных літаратараў — «Важкая цагліна». Яна ўяўляе сабой сапраўдную плінфу — цэглу са сцяны полацкага Сафійскага сабора — і прысуджаецца за значны ўнёсак у беларускую літаратуру. Премію атрымае паэт Янка Сіпакоў. Дагэтуль «Важкая цагліна» уручалася толькі аднойчы. Першым яе ўладальнікам стаў Адам Глобус.