1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Студэнт-каліновец: “Прабачце мяне, я супрацоўнічаў з КДБ!”

Вольга Класкоўская, Варшава30 января 2007 г.

Інтэрв'ю з гомельскім апазіцыйным актывістам, удзельнікам праграмы для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў імя Кастуся Каліноўскага, які шакаваў мясцовую (і не толькі) грамадскась сваім прызнаннем у супрацоўніцтве з КДБ.

https://p.dw.com/p/9mdV

«На працягу года я супрацоўнічаў з Камітэтам дзяржбяспекі, быў яго інфарматарам. Я вельмі шкадую пра той учынак і хачу папрасіць прабачэньня ва ўсіх, каго я гэткім чынам пакрыўдзіў. Для мяне сталася відавочным, што з'яўляючыся супрацоўнікам КДБ, я прыношу шкоду нашаму грамадству і нясу маральную адказнасць за тое, што адбываецца ў нашай краіне",

- гаворыць 20-гадовы Улад Міхайлаў. Прызнанне маладога чалавека сталася сапраўдным -- без перабольшвання - шокам, нечаканасцю для апазіцыйных актывістаў, тамтэйшай дыяспары, але, найперш, для яго аднакурснікаў -- студэнтаў-каліноўцаў.

"Мы да канца не ведаем матываў, што падштурхнулі Уладзіслава да гэтага кроку. Таму не ведаем, наколькі гэта шчырае прызнанне",

- мяркуе частка студэнтаў. Некаторыя "гарачыя галовы" ў парыве эмоцыяў абяцалі "разабрацца са здрайцам па-свойму". Маўляў, няма апраўдання гэтаму ўчынку, і хлопец павінен адказаць за свае дзеянні "па ўсёй строгасці". Другая ж частка студэнтаў, а таксама выкладчыкі, выказаліся ў абарону Уладзіслава і перакананыя, што ён зрабіў сапраўды мужны ўчынак -- маецца на ўвазе яго прызнанне. І што ні ў якім разе нельга папракаць, а тым болей абвінавачваць чалавека ў тым, што здарылася. Болей за тое, шэраг студэнтаў і выкладчыкаў перакананыя, што ўчынак Уладзіслава можа стацца прыкладам для іншых маладых людзей, што, магчыма, хацелі б прызнацца і спыніцца, але не маюць на гэта мужнасці і адвагі:

"Разумеем, наколькі цяжка далося Уладу гэтае рашэнне. І тут можна выказаць толькі словы падзякі за яго мужнасць: не кожны здольны на такі ўчынак. Ён не заслугоўвае той неадэкватнай крытыкі, рэакцыі з боку "каліноўцаў", што зараз на яго абрынулася".

Уладзіслаў не хавае, што вельмі перажывае з-за таго, што дзеецца, і вельмі шкадуе, што ў яго біяграфіі мелі месца такія прыкрыя акалічнасці. Але разам з тым цешыцца з таго, што яму хапіла сілы волі своечасова асэнсаваць усю сур'ёзнасць і магчымыя наступствы такога, як ён выказваецца сам, "падвоенага жыцця", спыніцца, пакаяцца і пачаць новае жыццё.

Суразмоўца падкрэслівае, што рашэнне аб прызнанні ў супрацы з "ворганамі" далося яму вельмі цяжка і не адразу:

"Вялікі ўплыў на мяне аказалі сакавіцкія падзеі ў Беларусі, тое, што адбылося падчас прэзідэнцкай кампаніі. Я быў шакаваны і вырашыў, што болей так працягвацца не можа. Так, безумоўна, я вельмі доўга ішоў да гэтага рашэння, цяжка было. Натуральна, я асэнсоўваў, што колькасць маіх сяброў адразу зменшыцца і ўсё будзе супраць мяне. Але далей так жыць ужо не мог".

Адразу пасля прызнання Уладзіслава шмат хто пачаў абвінавачваць маладога чалавека ў тым, што такім чынам ён проста зарабляе сабе на палітычны прытулак.

- Ці насамрэч ёсць такія планы?-- звяртаюся да суразмоўцы.

- Канешне, не. Зараз я ў першую чаргу думаю пра вучобу. Мая задача -- гэта атрымаць добрую адукацыю, а далей час пакажа.

Дарэчы, на інтэрв'ю Уладзіслаў пагадзіўся не адразу. Малады чалавек патлумачыў гэта тым, што не хоча спекуляваць на драматычных варунках і рабіць сабе непатрэбнага піяру, шуму вакол сваёй персоны.

На пытанне "што будзеш рабіць далей?" мой суразмоўца заўважае, што хацеў бы працаваць на карысць дэмакратыі ў Беларусі і, наколькі гэта магчыма, спрыяць палітычным зменам у краіне:

"Я спадзяюся, што мой крок паўплывае на свядомасць і іншых людзей і падштурхне іх да выбару: ці сумленне, ці кан'юнктурныя памкненні. Я хацеў паказаць таксама, што адмовіцца ад супрацоўніцтва са спецслужбамі цалкам рэальна. Проста не трэба баяцца. Трэба працягваць жыць далей..."