1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Просты чалавек такую матрыцу зрабіць не здолее"

Алесь Пятровіч13 августа 2007 г.

Археалагічныя даследванні ў вёсцы Воўчын Камянецкага раёну працягваюцца ня першы год. Але сёлета берасцейскім вучоным сапраўды пашанцавала: у старажытных мясцінах былі раскрытыя пласты XVI-XVII стагоддзяў.

https://p.dw.com/p/BU8x
Фото: Kölner Verkehrs-Betriebe AG
Вёска Воўчын вядомая перш за ўсё сваім старадаўнім касьцёлам святой Троіцы, дзе быў каранаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Дарэчы, пазней менавіта тут пэўны час захоўваліся ягоныя парэшткі, калі магіла караля, пахаванага ў Санкт-Пецярбургу, была раскапаная, а прах перавезены ў родныя мясціны. Перад пачаткам другой сусветнай вайны гэтыя парэшткі Панятоўскага апынуліся ў Варшаве, але дагэтуль беларускія і польскія гісторыкі ня ўпэўненыя, што ў Воўчыне не засталося нічога, што нагадвала б пра часовы прытулак апошняга караля. Апошнія археалагічныя даследванні на гэтую тэму адбывался ў 1989-м годзе, але ніякіх вынікаў яны не прынеслі.

У адрозненнні ад раскопак, звязаных са спадчынай Панятоўскага, куды больш плённымі былі даследванні, зробленыя выкладчыкамі і студэнтамі гістарычнага факультэту Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Гэта падцвердзіў дацэнт навучальнай установы Аляксандр Башкоў:

”Закансэрваваны матэрыял XVI-XVII стагоддзя зараз трапляе да нас у рукі. І па сутнасці гэта з’яўляецца лепшым вынаходніцтвам за апошнія гады нашай працы. Таму што на захадзе Беларусі мала ёсць населеных пунктаў, дзе так бы добра захаваліся пласты гэтага часу”.

Некаторыя знаходкі сведчаць пра тое, што археолагі маюць справу не з выпадковай калекцыяй, а з прафесійнай дзейнасцю на воўчынскай зямлі сапраўдных майстроў.

”Доказам з’яўляецца свінцовая матрыца, па якой рабілася канкрэтная загатоўка і тады ўжо непасрэдна самі вырабы. Укладалася пласцінка і далей шляхам чаканкі стваралі упрыгожванні. Просты чалавек такую матрыцу для сябе зрабіць ня зможа”.

Шанцуе на знаходкі і звычайным студэнтам:

”Літаральна ўчора я знайшла драўляны калёсік з дзіркай. Кіраўнік казаў, што хутчэй за ўсё гэта падшыпнік для нейкага млыну. Але гэта трэба яшчэ правяраць”.

Але сапраўдную сенсацыю выклікала іншая сёлетняя знаходка – фібула (іншымі словамі – засцёжка для верхняга адзення), якая датаваная канцом I – пачаткам II стагоддзя нашай эры. Гэта ёсць сведчаннем так званай Пшэворскай культуры, асяродкамі якой на тэрыторыі Заходняй Беларусі дагэтуль лічыліся толькі дзве мясціны.

Колькасць і каштоўнасць знойдзеных у Воўчыне рэчаў зрабілі актуальным пытанне пра стварэнне ўласнай экспазіцыі, кіраўніком якой прызначана Галіна Качаноўская:

”У бліжэйшай будучыні плануецца адкрыццё музея. Дзеля гэтага ўжо трэці год у Воўчын прыязжаюць студэнты гістарычнага факультэту Берасцейскага дзяржаўнага універсітэту і ўсе вынікі іх раскопак будуць прадстаўленыя ў музеі гісторыі вёскі Воўчын”.

Але гэта пакуль яшчэ аддаленая перспектыва. Як паведаміў выкладчык кафедры гісторыі славянскіх народаў Берасцейскага дзяржаўнага універсітэту Віталь Піліповіч, знойдзеныя рэчы яшчэ трэба падрыхтаваць да захоўвання ў належных умовах:

"Перад тым, як экспанаты будуць перададзены ў музей, будзе зробена навуковая, а таксама хімічная апрацоўка некаторых матэрыялаў. Таксама па выніках раскопак будзе складзены і зроблены фільм, у якім будуць адлюстраваныя ўсе асноўныя этапы дзейнасці археалагічнай экспедыцыі ў Воўчыне”.

Мяркуецца, што гэтая праца зойме прыблізна адзін год.