1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

12 марта 2010 г.

Маладыя апазіцыянеры атрымалі буйныя штрафы за пікет, на суд над Аўтуховічам і Асіпенкам не змаглі патрапіць усе жадаючыя, Праваабарончы цэнтр "Вясна" прэзентаваў штогадовы агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека.

https://p.dw.com/p/MRQP
На столе лежит судейский молоток
Фото: picture-alliance/ dpa

Суд Партызанскага раёну Мінску вынес вялікія грашовыя штрафы моладзевым актывістам за несанкцыянаваны пікет, на судовы працэс над былымі ваўкавыскімі прадпрмыальнікамі не дапусцілі ўсіх жадаючых, у тым ліку і многіх незалежных журналістаў, Праваабарончы цэнтр "Вясна" прадставіў агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе.

Працэс не для ўсіх

10 сакавіка ў Вярхоўным Судзе Беларусі пачаўся разгляд гучнай крымінальнай справы па абвінавачанні былых ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, якім, апроч іншага, інкрымінуюць і падрыхтоўку да тэрарыстычнага акту.

Николай Автухович
Мікалай АўтуховічФото: Bymedia

Нягледзячы на тое, што працэс з’яўляецца адкрытым, не ўсе жадаючыя змаглі патрапіць у залу судовых паседжанняў. Сярод тых, каго не пусцілі на працэс, былі і журналісты некаторых незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Па словах праваабаронцы і юрыста Алега Волчака, гэта ёсць парушэннем правоў грамадзян, бо суд павінен быў забяспечыць магчымасць прысутнічаць на працэсе ўсім жадаючым.

Штрафы за пікет

Актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, якіх 10 сакавіка затрымалі ў Мінску каля будынку амбасады Літвы, дзе маладзёны ладзілі акцыю пратэсту, 11 сакавіка пакаралі буйнымі штрафамі. Разгляд адміністратыўных справаў Паліны Кур’яновіч, Паліны Д'якавай і Максіма Вянярскага адбыўся ў судзе Партызанскага раёну беларускае сталіцы. Ноч да суду моладзевыя актывісты правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў па вуліцы Акрэсціна, які дэмакратычная супольнасць называе "палітычнай турмой".

Суддзя Чацвярткова інкрыміналава маладзёнам удзел у несанкцыянаваным пікетаванні і прыгаварыла Паліну Д'якаву да штрафу ў памеры 1 мільён 225 тысяч рублёў (больш за 300 еўра ў пераліку), Максім Вянярскі мусіць сплаціць 700 тысяч рублёў (каля 175 еўра), а Паліна Кур’яновіч атрымала штраф у 1 мільён 50 тысяч рублёў (больш за 260 еўра).

Нагадайма, што 10 сакавіка маладыя апазіцыянеры правялі пікетаванне, пад час якога разгарнулі каля будынку літоўскае амбасады расцяжку з надпісам "Не - супрацоўніцтву з беларускай дыктатурай!". Так маладзёны выказалі свой пратэст супраць запрашэння прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі наведаць Вільнюс дзеля ўдзелу ў святкаванні дваццацігоддзя аднаўлення незалежнасці Літвы.

Хроніка “Вясны”

Алесь Беляций и Валентин Стефанович
Старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі и праваабаронца Валянцін СтэфановічФото: Bymedia

Праваабарончы цэнтр Вясна прэзентаваў агляд – хроніку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі за 2009 год. На пачатку агляду даецца агульны аналіз грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне ў мінулым годзе, асвятляюцца важныя падзеі і рэакцыя на іх з боку еўрапейскай і сусветнай супольнасці. Далей у аглядзе прыводзяцца канкрэтныя факты парушэнняў правоў чалавека, на прыкладзе якіх, як сцвярджюць аўтары хронікі, можна адсачыць пэўную гісторыю барацьбы прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці за асноўныя правы і свабоды.

Старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі адзначыў, што ў Беларусі летась адбылася пэўная змена рэпрэсіўных інструментаў - стала менш людзей, якія пераследаваліся ў крымінальным парадку альбо якія "сядзелі на сутках". У той жа час, у Беларусі павялічылася колькасць людзей, якіх збівалі, аднавілася практыка прызыву ў войска палітычна актыўных маладых людзей. "У нас з’явіліся такія рэчы, як прэвентыўнае затрыманне і вываз людзей за межы гораду перад нейкімі акцыямі, чаго раней не было, і ні нам, ні пацярпелым пасля зваротаў у пракуратуру фактычна не ўдалося дабіцца праўды", - падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца лічыць, што пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў апошнія леташнія месяцы не ёсць выпадковым. "Ужо пры канцы 2009 году было відаць, што пачынаецца прэзідэнцкая кампанія, і ўзровень рэпрэсій пры канцы году, у снежні, пачаў узрастаць", - адзначыў старшыня ПЦ "Вясна".

Новыя старыя праблемы

Па словах Алеся Бяляцкага, пачатак 2010 году вызначыўся рэзкай канфрантацыяй і накручваннем сітуацыі з няўрадавымі арганізацыямі, у прыватнасці, з Саюзам палякаў на Беларусі, а таксама з правядзеннем акцый, калі яны жорстка разганяліся, напрыклад, у лютым. Таксама застаецца праблема нерэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў – літаральна днямі чарговую адмову ў легалізацыі дзейнасці атрымала Асамблея няўрадавых арганізацый.

Руководитель непризнанного властями Союза поляков Беларуси Анжелика Борис
пачатак 2010 году вызначыўся рэзкай канфрантацыяй з Саюзам палякаў на БеларусіФото: bymedia

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на тое, што дагэтуль у Беларусі не адменены артыкул 193 прым. Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ажно да двух гадоў пазбаўлення волі. Дагэтуль не вырашана пытанне ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, на чым настойваюць беларускія ды замежныя праваабаронцы, а таксама ўплывовыя еўрапейскія структуры.

Застаецца таксама праблема альтэрнатыўнай службай, што толькі за апошнія месяцы прывяло да вынясення двух крымінальных прысудаў маладзёнам, якія адмовіліся служыць ў войску з рэлігійных перакананняў. Прычынай такіх судовых захадаў ёсць адсутнасць у Беларусі закону аб альтэрнатыўнай службе, хаця яе магчымасць прадугледжана Канстытуцыяй краіны.

Валянцін Стэфановіч лічыць, што зараз ёсць пэўны спрыяльны час, калі ўсё ж трэба дамагацца ад уладаў прымаць адпаведныя змены ў законы і такім чынам пашыраць межы свабоды. Паводле юрыста, гэта вельмі цяжка рабіць, асабліва ўлічваючы гэты год – год напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. "Мы прадбачым, што, напэўна, будзе ўсплёск рэпрэсіяў, як тое ў нас звычайна бывае пад час выбараў, тым не менш, менавіта над гэтымі праблемамі мы будзем працаваць і надалей", - заявіў сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме