1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

2 апреля 2010 г.

У Віцебску затрыманы грамадзянкія актывісты, у Мінску заведзена новая крымінальная справа за палітычныя графіці, Міжнародны Камітэт у абарону журналістаў выступіў у падтрымку Паўла Шарамета.

https://p.dw.com/p/MmFa
Судейский молоток - символ правосудия - лежит на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Віцебскіх дэмакратычных актывістаў затрымалі за распаўсюд незалежнага друкаванага выдання і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, у беларускай сталіцы ўзбуджана чарговая крымінальная справа за нанясенне палітычных графіці, Камітэт у абарону журналістаў са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку выступіў у падтрымку вядомага журналіста Паўла Шарамета, якога днямі пазбавілі беларускага грамадзянства.

Затрыманне віцебскіх актывістаў

У Віцебску міліцыянты затрымалі двух актывістаў дэмакратычнага руху: Віктара Рамнёва – за распаўсюд незалежнай газеты “Витебский курьер”, а Вольгу Карач – за непадпарадкаванне супрацоўнікам праваахоўных органаў. Віктар Рамнёў быў дастаўлены ў адззяленне міліцыі Першамайскага раёна Віцебска, дзе ў яго канфіскавалі больш за 50 асобнікаў згаданага друкаванага выдання, заснавальнікам якога спадар Рамнёў і з’яўляецца. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе выдання “без выходных звестак”, хаця гэтыя звесткі пазначаны на апошняй старонцы кожнага нумара газеты. Варта адзначыць, што газета “Витебский курьер” зарэгістравана ў Расійскай Федэрацыі і друкуецца ў Смаленску.

Стойка с газетами и журналами
За распаўсюд незалежнай газеты у Беларусі затрымліваюцьФото: Bymedia

Вольгу Карач, якая заявіла пра сваё жаданне прысутнічаць на допыце Віктара Рамнёва, на пачатку папрасілі пакінуць памяшканне міліцэйскага пастарунка. Пасля таго, як жанчына адмовілася гэта зрабіць, яе затрымалі, заявіўшы, што на яе будзе складзены пратакол за непадпарадкаванне распараджэнням супрацоўнікаў міліцыі. Вольга Карач з'яўляецца кандыдатам у дэпутаты Віцебскага гарадскога савета. Дзяячка адзначыла, што гэтае затрыманне ёсць парушэннем яе законных правоў.

Нагадайма: 25 сакавіка бягучага году Ліёзненскі раённы суд аштрафаваў Віктара Рамнёва за перавоз выдання “Витебский курьер” на 1 225 тысяч беларускіх рублёў (больш за 300 еўра ў пераліку). 10 Перад гэтым мясцовыя міліцыяны рэквізавалі ў Рамнёва 10 тысяч асобнікаў газеты. 26 сакавіка Віцебскі раённы суд прысудзіў Віктару Рамнёву штраф за перавоз пяцідзесяці тысяч асобнікаў незарэгістраванай газеты “Наш дом”.

Крымільная справа за графіці

У Першамайскім раёне Мінску тутэйшыя міліцыянты завялі новую крымінальную справу за палітычныя графіці. Уноч з 11 на 12 сакавіка бягучага году невядомыя нанеслі надпісы палітычнага зместу на платах і на будынку суда Першамайскага раёну беларускае сталіцы.

Актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Руслан Матвееў быў дапытаны ў якасці сведкі, пры гэтым у юнака знялі адбіткі пальцаў, узялі сліну для аналізу ДНК і прапанавалі прайсці дэтэктар хлусні.

На стене написано слово кризис
За палітычныя графіці - крымінальная справа?Фото: Bymedia

Руслан Матвееў распавёў журналістам, што следчы аддзелу дазнання Смірноў на пачатку цікавіўся яго ўдзелам у моладзевых дэмакратычных структурах, а потым высвятляў, чым маладзён займаўся ўноч з 11 на 12 сакавіка. Смірноў паказаў Матвееву крымінальную справу з фотаздымкамі надпісаў палітычнага зместу, у тым ліку “Жыве Беларусь!”, “Зубр” ды іншыя. Следчы паказаў балончык з фарбай, з дапамогай якога, на думку дазнаўцаў, рабіліся надпісы. Руслан Матвееў паведаміў, што пад адным з надпісаў на плоце міліцыянты прачыталі нумар яго тэлефона. Па словах маладзёна, ён не ведае, хто мог напісаць гэты нумар.

Паводле крымінальна-працэсуальнага кодэксу, чалавеку, калі той разглядаецца ў якасці сведкі, могуць задаваць пытанні толькі наконт іншых асобаў. Калі ж пытанні тычацца яго ўдзелу ў тым ці іншым правапарушэнні, то дапытваць яго могуць толькі ў якасці падазраванага і ў прысутнасці адваката, але гэтым разам следчыя рабілі інакш. Следчы Смірноў паведаміў юнаку, што хутка таго зноў будуць выклікаць у міліцыю дзеля дачы паказанняў.

Варта нагадаць, што Першамайскае раённае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінску ўжо прыцягвала да крымінальнай адказнасці за нанясенне палітычных графіці тагачаснага актывіста “Маладога фронту” Артура Фінькевіча, якога ў той час пакаралі абмежаваннем волі з адбыванем пакарання ў магілёўскай спецкамендатуры. Пазней юнака асудзілі да рэальнага пазбаўлення волі за ўхіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (артыкул 415 КК РБ).

У падтрымку журналіста

Павел Шарамет
Павел ШараметФото: Bymedia

Камітэт у абарону журналістаў (CPJ), штаб-кватэра якога месціцца ў Нью-Ёрку (ЗША), заклікаў беларускія ўлады вярнуць грамадзянства Рэспублікі Беларусь вядомаму журналісту Паўлу Шарамету. Гэтая міжнародная няўрадавая арганізацыя “просіць кіраўніцтва Беларусі не пазбаўляць папулярнага журналіста беларускага пашпарта і дазволіць яму ў любы час наведваць сваю родную краіну”.

Як паведамляе прэс-служба “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, у адмысловай заяве CPJ указваецца, што такое рашэнне беларускіх уладаў з’яўляецца чарговым звяном у доўгім ланцугу афіцыйнай помсты Паўлу Шарамету, якога ў адказ на крытыку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўжо падвяргалі турэмнаму зняволенню, нападам і правакацыям з боку ўладаў. “Гэтаму павінен быць пакладзены канец раз і назаўсёды”, - гаворыцца ў адкрытым лісце Камітэту ў абарону журналістаў.

Як распавёў 30 сакавіка бягучага году сам Павел Шарамет, ён атрымаў з амбасады Беларусі ў Маскве ўведамленне, што пазбаўляецца беларускага грамадзянства. Падставай для гэтага сталася нібы тое, што журналіст ужо мае грамадзянства Расійскай Федэрацыі, але сам Шарамет лічыць рашэнне аб пазбаўленні яго беларускага грамадзянства палітычна матываваным крокам беларускіх уладаў.

Для даведкі: CPJ амаль трыццаць гадоў займаецца абаронаю правоў журналістаў. Гэтая арганізацыя збірае па ўсім свеце інфармацыю пра рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, пра парушэнні іх правоў на прафесійную дзейнасць.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще