Падазраваных у мінскім выбуху няма
9 октября 2008 г.Следчы ізалятар пакінуў яшчэ адзін і апошні дапытаны на прадмет спрычынення да злачынства 21-гадовы Аляксандр Корык, былы супрацоўнік кампаніі "Уладпрадімпарт", кіраўніцтва якой цяпер знаходзіцца ў СІЗА па падазрэнні ва ўхіленні ад уплаты падаткаў, а раней таксама падазрвалася ў спрычыненні да выбуху.
Як паведаміў журналістам кіраўнік аддзелу інфармацыі Мінскага ГУУС Аляксандр Ластоўскі, "на дадзены момант падазраваных у гэтай справе няма, але праводзяцца следчыя і аператыўныя мерапрыемствы дзеля высвятлення асобаў, якія мелі дачыненне да выбуху".
Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч выказаў Deutsche Welle сваё меркаванне, чаму дагэтуль не знойдзеныя злачынцы, і як доўга яшчэ можа весціся іх пошук.
"Пракуратура мае права працягваць тэрмін следства на год-паўтара і гэтак далей. Тое, што няма падазраваных, то мы ўжо маем другую такую падобную справу. Віцебская, як мы ведаем, таксама скончылася нічым, падазраваных там таксама няма, і нікога не знайшлі там па факце тых падзеяў. Тое самае і ў Мінску. Відаць, міліцыя не падрыхтаваная да працы па такіх гучных справах – ні ў Віцебску нікога не знайшлі, ні ў Мінску, хаця сілы былі задзейнічаны даволі вялікія, казалі, што ёсць фатаробат, і напрацоўкі нейкія маюцца, але мы бачым, што следства фактычна зайшло ў тупік, і ніякіх варыянтаў у іх няма".
"Аб’ём працы яны зрабілі вялікі, - дадае Валянцін Стэфановіч, - аднак нікога не знайшлі. Відаць, не там шукалі і не тое рабілі. Чаму яны шукалі менавіта ў Мінску, чаму яны вырашылі, што злачынца з Мінску? Ён мог ужо даўно з’ехаць, напрыклад, у Маскву куды-небудзь. Будзем спадзявацца, што міліцыя ўсё ж будзе выконваць свае абавязкі належным чынам, а не шукаць падыходзячую асобу на абвінавачанага".
У выніку выбуху ў раёне стэлы "Мінск – горад-герой" ноччу 4 ліпеня аскопкавыя раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі 53 чалавекі, 46 з якіх былі шпіталізаваныя. (гк)