1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Незалежная прэса легалізуецца?

Генадзь Канстанцінаў21 ноября 2008 г.

Ужо ў лістападзе ў Мінску, а ў снежні па ўсёй Беларусі ў кіёсках могуць з’явіцца незалежныя друкаваныя выданні. Таксама газеты атрымаюць магчымасць друкавацца на тэрыторыі краіны.

https://p.dw.com/p/FzMd
Фото: Olja Melnik/DW

Пакуль што гаворка ідзе пра газеты "Народная воля" і "Наша ніва". Абяцанне вярнуць іх у продаж утрымліваецца ў неафіцыйным лісце, накіраваным высокімі чыноўнікамі ў еўрапейскія структуры. "Беларусь сур’ёзна разглядае магчымасці аднаўлення супрацы з Еўрапейскім Звязам, што з’явіліся пасля рашэння Рады ЕС ад 13 кастрычніка 2008 году, - гаворыцца ў допісе. - Гэтае рашньне стварыла неабходныя перадумовы для поўнамасштабнага палітычнага дыялога".

У лісце маецца спасылка на выказванні кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея: каб прадэманстраваць сур’ёзнасць свайго намеру нармалізаваць адносіны з Еўразвязам, беларускі бок абавязуецца, у прыватнасці, "забяспечыць рэальную магчымасць для недзяржаўных газет "Народная воля" і "Наша Ніва" друкавацца на тэрыторыі Беларусі; вярнуць вышэй названыя выданні ў дзяржаўныя сеткі распаўсюду і ўключыць іх у дадатковы каталог "Белпошты". У допісе таксама выказваецца гатоўнасць улічыць пажаданні ўпаўнаважанага АБСЕ па свабодзе СМІ ў сферы заканадаўства.

На наступным тыдні – у продаж!

Як паведаміў галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч, "на наступным тыдні мы будзем спрабаваць прабіцца ў шапікі ў Мінску, а ўжо ў рэгіёнах з 1-га снежня ў абавязковым парадку".

Па словах Іосіфа Сярэдзіча, зараз вядзецца праца па падрыхтоўцы дагавораў з дзяржаўнымі партнёрамі, адказнымі за распаўсюд і падпіску, якія гэтым разам не выштурхоўваюць незалежныя газеты за парог, але з задавальненнем ідуць на падпісанне дамоваў.

"Мы ўжо працуем з кожным – і з "Белпоштай, і з "Саюздрукам", і з абласнымі прадпрыемствамі "Саюздруку", і з друкарняй. Сёння я сустракаўся з генеральным дырэктарам выдавецтва "Беларускі дом друку", і яго юрысты ўжо атрымалі даручэнне з тым, каб калі не сёння, то ў панядзелак мы падпісалі з імі дагавор, - адзначае выдавец і рэдактар "Народнай волі". – Я лічу, што такая змена сітуацыі павінна была наступіць даўным даўно. Тое, што адбывалася апошнія тры гады, не ўкладваецца ні ў якія рамкі, я маю на ўвазе, калі нас выкінулі за межы краіны, а вось тое, што сёння адбываецца, - гэта рэальны факт, аб’ектыўнасць часу".

На думку лідэра руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча, гэта "несумненна пазітыўны, хоць і нязначны крок уладаў насустрач далейшага развіцця дыялогу", бо ў Беларусі ёсць шэраг іншых незалежных медыяў, якія працуюць у вельмі неспрыяльных умовах, паведамляе прэс-служба руху "За Свабоду".

Калі няма грошай, пачынаецца дэмакратыя

Палітолаг Аляксандр Фядута так тлумачыць фактычную легалізацыю хаця б гэтых двух незалежных выданняў: "Улада нарэшце зразумела, што незалежны друк у тым выглядзе, у якім ён сёння існуе, не ўяўляе аніякай пагрозы, і яго можна вярнуць. Па-другое, улада таксама добра разумее, што галоўныя рэдактары, адзін раз страціўшы мажлівасць распаўсюджвацца праз дзяржаўную сістэму распаўсюду, таксама будуць вельмі сцерагчыся, каб зноў не страціць гэтую магчымасць".

Але ёсць, на думку эксперта, і яшчэ адно тлумачэнне такога кроку ўладаў.

"Успомнім, што адбывалася ў Савецкім Саюзе пасля таго, як абрынуліся кошты на нафту, вось тое сёння адбываецца і ў нас: калі няма грошай, прыходзіць дэмакратыя".

Варта, аднак, адзначыць, што пакуль нічога невядома адносна таго, ці вернуцца ў беларускія друкарні і ў шапікі іншыя незалежныя выданні, у тым ліку і рэгіянальныя.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще