1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Літаратурны фэст і культурны супраціў

Алена Данейка

Першы беларускі слэм адбыўся падчас міжнароднага літфэста «Парадак словаў», які яго ўдзельнікі назвалі фестывалем фестываляў, бо ў Мінск прыехалі «іншаземныя літфэсты». Аб ходзе імпрэзы і яе пераможцах.

https://p.dw.com/p/EqHe
фота з архівуФото: AP

Паэтычнае свята ў Мінску доўжылася чатыры дні на розных пляцоўках. Сёлетні міжнародны фестываль «Парадак словаў», распавядае сталы вядучы і ўдзельнік шматлікіх літаратурных імпрэзаў паэт Андрэй Хадановіч.

«Гэта ўжо трэці фестываль. Але сёлетні – унікальны. Бо гэта з аднаго боку фестываль фестываляў. У межах фестывалю прыяжджаюць іншыя фестывалі ў госці. З Узбекістану з Ташкенту, з Украіны з Кіева – фестываль «Кіеўскія лаўры», з Масквы - прыгожы праэкт «Літаратурнае радыё», фестываль «Літэратэрра». Усе гэта гучыць у межах беларускага фестывалю. Але перадусім гучыць процьма таленавітых маладых беларускіх паэтаў. Рускамоўных у меньшасьці, беларускамоўных у большасьці, што не можа не цешыць, не радаваць».

Падчас фэсту былі прадстаўленыя розныя тэндэнцыі і кірункі сучаснай літаратуры, літаратурныя часопісы, аб'яднанні і зугратванні.

Беларускі слэм упершыню

Асноўнай падзеяй фэсту шмат каму падаўся першы беларускі слэм - нешта накшталт экстрымальнай паэзіі ў ня менш экстрымальным выкананні ў атмасферы плёскання эмоцый у залі і на сцэне. Паэтам, якія чыталі свае вершы, ставілі дзве адзнакі – за змест і за артыстызм. Паводле ўмоваў слэму, распавядае Андрэй Хадановіч, «у журы павінны быць выпадковыя людзі – не паэты, не літаратары, не літаратуразнаўцы, не акадэмікі. Але сёння пры перапоўненасці залі былі маладыя мастакі і перформеры, паэты і літаратуразнаўцы. Крытыкі і культуролагі. Вельмі цяжка было знайсці выпадковага чалавека».

Першы беларускі слэм адбыўся у фальварку «Добрыя мыслі». Адна з умоваў слэму цэнзура на цэнзуру. Але нават пры адсутнасьці цэнзуры даводзілася пераадольваць перашкоды.

«Беларусь – краіна, якая выпрабоўвае паэтаў акустыкай. То начальства з клуба выгане, і даводзіцца пад дажджом спяваць, то мікрафоны адрубяць і святло выключаць, і даводзіца крычаць без мікрафона ў цемры. Фактычна тое самае здарылася тут. Чамусьці заглючылі-зафанілі мікрафоны, мы іх адрубілі, і паэты крычалі ў перапоўненай бітма набітай залі без мікрафону. І гэта каласальна выпрабоўвала іх на слэмаўскае майстэрства», - гаворыць Андрэй Хадановіч .

У фінал выйшлі найлепшыя з найлепшых, і што самае сымпатычнае – не толькі гарластыя, кажа Хадановіч. «Я баяўся, што адны перакрычаць іншых і знікне паэзія – будзе КВН, цырк, хуліганства. Гэта ўсё было. Але найперш была добрая паэзія - з метафарамі, з нечаканымі эфектнымі вобразамі. Дарэчы падазрона цвярозы слэм – штосьці дзіўнае. Відаць, у Беларусі ўсё з адценнем ханжэскай маралі і, па-мойму, выключна адзін п'яны хуліган на ўсю залю, што кашмарна мала як для слэму. Можна толькі цешыцца, першы блін комам абсалютна не выйшаў».

Культурны супраціў?

Скептычную ноту, ацэньваючы імпрэзу, дадаў Максім Жбанкоў. Тое, што мы пабачылі, ён назваў «спробай пераўтварэння працы са словам у клюбнае шоу». А на яго думку, літаратура пачынаецца там, дзе ты не думаеш, як «грамчэй скокнуць» і як высока падняць нагу ў цяжкім боце.

Максіму Жбанкову падаеца, што слэм наогул:

«можа гэта і цікава, але цалкам бессэнсоўна. Тут як у нашай палітыцы – перамагае той, хто грамчэй крычыць. Я мяркую, што гэта няправільна. Я абсалютна перакананы, што на любым слэме цалкам «праляцеў бы» Іосіф Бродскі. Я абсалютна перакананы, што любы слэм прайгаў бы Леанард Коэн, у апошніх радках застаўся б Боб Дзілан. То бок гэта весела, але гэта - не літаратура».

Дарэчы, ці мае слэм дачыненне непасрэдна да літаратуры як такой – асобнае пытанне. Паводле адной легенды, нарадзіўшыся ў ЗША як форма самавыяўлення публікі падчас выступу музычных гуртоў у панк-рок-кафэ у 70-х гг., слэм, а дакладнее slamdancing, першапачаткова азначаў стыхійную эмацыйную рэакцыю, якая прыкладна нагадвала танцы. Ці да месца такія «танцы з літаратурай» – таксама асобнае пытанне. Вядучаму імпрэзы Андрэю Хадановічу «падабаецца такі культурны супраціў, які мы дэманстравалі разам сёння».

Прызы кіеўскага літаратурнага часопіса культурнага супраціву «ШО» атрымалі пераможцы слэм-турніру - Віктар Жыбуль, Вера Бурлак і Віталь Рыжкоў.

«Для мяне гэта падзея знакавая ўжо тым, што гэта першы на Беларусі слэм, бо у іншых краінах гэта даўно ладзіцца. А у нас дагэтуль чамусьці не было. Хаця паэтаў у нас шмат, у тым ліку і такіх, якія могуць са сцэны пачытаць. Вельмі добра, што такое адбылося. Было прыемна паўдзельнічаць. Сапраўды шоу атрымалася», - кажа Віктар Жыбуль.

А Вера Бурлак асалоду ад чытання вершаў для публікі, якая разумее, параўноўвае нават з асалодай ад нараджэння дзіцяці – што безумоўна на першым месцы, і з нараджэннем саміх вершаў.