1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

«Коратка ды з густам»

Алена Данейка

Інстытут Гётэ і сталічны кінатэатр “Перамога” падрыхтавалі да паказу праграму нямецкіх кароткаметражных стужак, якія маюць намер даць беларускаму гледачу ўяўленне аб стане спраў у кароткаметражным кіно Нямеччыны

https://p.dw.com/p/7qLV

Праграма тыдня нямецкага кароткаметражнага кіно падзеленая на чатыры тэматычныя блокі. Першы – “Ты і я” – тэма кахання, без якога немагчыма ўявіць сабе ніводную кінапраграму, ці то кароткі альбо доўгі метр. Фільм “Чужое цела” Каці Прачке – любоўная драма ў стылістыцы фотарамана. Захапляльна складаюцца ўзаемаадносіны Ота і Ганны ў фільме Клеменса Піхлера “Ганнаотаганна”. Поспехам завяршаюцца пошукі страчанай гармоніі ў камедыі Нэеле Леаны Фольмар “Мае бацькі”.

У рубрыцы “Блізка і далёка” прадстаўленыя працы маладых кінематаграфістаў, якія ставяць пад сумнеў прынцып дакументальнасці і падзелу на дакументальнае і гульнёвае кіно. Раздзел “Стары і малады” апавядае пра дачыненні пакаленняў, з усімі адпаведнымі гэтай тэме перажываннямі. Пра ценевыя бакі нямецкай рэчаіснасці мы даведваемся з раздзелу “Сысці альбо застацца”. На прыкладзе фільмаў, аб’яднаных гэтым блокам, відаць, як важна знайсці правільны тон, кажучы пра хваравітыя для грамадства праблемы.

На пачатку кінематографа ўсе фільмы былі кароткаметражнымі. Менавіта з кароткаметражак пачыналі сваё ўваходжанне на кінематаграфічны Алімп выбітныя нямецкія майстры – Райнер Вернэр Фасбіндэр, Вернэр Херцаг і Вім Вендэрс. У прадмове да цяперашняй кінакалекцыі яе складальнікі распавядаюць, што ў апошнія гады кароткаметражнаму кіно ўдалося адваяваць у Нямеччыне частку страчаных пазіцыяў.

Раней па эканамічных прычынах кароткаметражкі былі адцесненыя рэкламнымі блокамі, якімі займаюць звыклыя кіначасопісы перад фільмам. Цяпер нямецкае кароткаметражнае кіно на ўздыме. Сведчанне таму – шматлікія Оскары і іншыя прэстыжныя ўзнагароды. У Нямеччыне кароткаметражкі дэманструюцца на тэматычных паказах у артхаўсных кінатэатрах, арганізаваных сумесна з кінашколамі і фестывалямі. Выкарыстоўваюцца таксама камерцыйныя магчымасці: продаж ліцэнзіяў тэлеканалам і Інтэрнэт-парталам, а таксама паказ у метро, у цягніках, самалётах, на вакзалах і ў аэрапортах. Але асноўны спосаб прасоўвання – кінафестывалі. Найбуйнейшымі з іх у Нямеччыне лічацца Міжнародныя фестывалі кароткаметражнага кіно, якія праходзяць у Оберхаўзэне, Берліне, Гамбургу, Рэгенсбургу і Кёльне. Штогод на Берлінале ўручаецца самая буйная ў грашовым эквіваленце Нацыянальная кінапрэмія, усталяваная Міністэрствам культуры Нямеччыны.