1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Кандыдаты ў прэзіденты сустрэліся з гарадзенскімі выбаршчыкамі

6 марта 2006 г.

У штабе А. Мілінкевіча адзначаюць, што у рэгіёнах сустрэчы з выбаршчыкамі збіраюць поўныя залы. Людзі стаяць у праходах, у файе і на вуліцах, куды прыходзіцца выводзіць гукавую апаратуру

https://p.dw.com/p/84yv

Штаб Аляксандра Мілінкевіча вырашыў правесці сустрэчу выбаршчыкаў з адзіным кандыдатам на плошчы каля абласной філармоніі. У вялікай зале філармоніі, якая змяшчае каля 700 чалавек, у гэты час адбываўся канцэрт, прысвечаны Дню міліцыі, дарэчы, глядачэй там было не больш за сотню.

Пагаварыць з адзіным кандыдатам прыйшлі дзве тысячы гараджан. Плошча была ацэпленая супрацоўніками міліцыі, вяліся аператыўныя здымкі. Толькі праз поўгадзіны ад пачатку сустрэчы, калі людзі пачалі скандзіраваць “Мікрафон!”, міліцыянты далі дазвол на падключэнне дынамікаў.

Кіраўнік абласнога штаба Мілінкевіча Анатоль Хацько паведаміў, што напярэдадні сустрэчы паступіла інфармацыя ад студэнтаў Гарадзенскага ўніверсітэта аб правакацыях з удзелам сябраў прадзяржаўнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі – БРСМ. Студэнты расказалі, што пад кіраўніцтвам загадчыцы кафедры культуралогіі ўніверсітэта, псіхолага Наталлі Валковіч падрыхтаваная група з 25 чалавек, якая “можа працаваць у натоўпе, будзе задаваць Мілінкевічу “няёмкія” пытанні і абсвістваць ягонае выступленне”.

Але іхняя правакацыя была няўдалай: калі сябры БРСМ толькі з”явіліся на плошчы, як іх адразу блакавалі выбаршчыкі і актывісты штаба адзінага кандыдата.

А вось у Баранавічах прадстаўнікі БРСМ і кампартыі Беларусі, якія таксама спрабавалі сарваць сустрэчу Мілінкевіча з выбаршчыкамі, дралі партрэты кандыдата і скандзіравалі “За Лукашэнка!”. Іх паводзіны былі вельмі агрэсіўнымі, але Мілінкевіч здолел стрымаць сваіх прыхільнікаў ад дзеянняў у адказ. Адзіны кандыдат заявіў, што замест таго, каб правесці з дэмакратычным кандыдатам дэбаты, Лукашэнка накіроўвае на ягоныя сустрэчы з выбаршчыкамі хуліганаў.

У штабе адзінага адзначаюць, што у рэгіёнах – у Лідзе, Ваўкавыску, Слоніме, Салігорске – сустрэчы з выбаршчыкамі збіраюць поўныя залы. Людзі стаяць у праходах, у файе и на вуліцах, куды прыходзіцца выводзіць гукавую апаратуру.

На сустрэчу з іншым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным прыйшлі больш за 500 чалавек. Напрацягу амаль 4 гадзінаў Казулін адказваў на пытанні выбаршчыкаў.

Тут таксама не абышлося без правакацыяў. Частка месцаў у залі былі занятыя прадстаўнікамі БРСМ і людзьмі, якія назваліся настаўнікамі гарадзенскіх школаў. Іх паводзіны былі агрэсіўнымі, яны перапынялі Аляксандра Казуліна крыкамі “Непраўда!”. Але Казулін запрасіў на дапамогу залу і сцішыў крыкуноў. А аператара дзяржаўнага тэлебачання, які здымаў сустрэчу, ён папрасіў убраць відэакамеру.

Прэс-сакратарка Аляксандра Казуліна Ніна Шыдлоўская паведаміла “Нямецкай хвалі”, што штаб Казуліна не мае даверу да тэлебачання, таму што выдэаматэрыял, хутчэй за ўсё, будзе выкарыстаны супраць кандыдата.

На сустрэчы Казуліна ў Лідзе на заводзе “Оптык” арганізаваная група таксама спрабавала справакаваць беспарадкі. Але, па словах прэс-сакратаркі, у Казуліна ёсць досвед адносін з людзьмі, і таму ён паспяхова адольвае правакатараў.