1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Каму гарэлка, каму вязніца

Генадзь Канстанцінаў 1 мая 2008 г.

Каля 30 дэмакратычных актывістаў былі затрыманыя ў Мінску 1 траўня ля Нацыянальнай бібліятэкі, дзе яны хацелі адзначыць Дзень Еўропы і дзе адбывалася акцыя афіцыйных прафсаюзаў.

https://p.dw.com/p/DrtU
Фото: AP

Тое, што адбывалася ля Нацыянальнай бібліятэкі, нагадвала падзеі часоў даперабудовачнага Савецкага Саюзу – бравурныя транспаранты, чырвоныя стужкі, напаўсавецкія штандары, спевы з подыюма ды хвалебныя прамовы на адрас прэзідэнта ад высокіх чыноўнікаў і кіраўнікоў праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у тым ліку, яе старшыні Леаніда Козіка.

“Наш мітынг праходзіць у падтрымку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і яго курса на пабудову дзяржавы з сацыяльна арыентаванай эканомікай… Мы сёння павінныя падтрымаць тое ўказанне кіраўніка дзяржавы, якое ён даў ураду, пра тое, што сярэдняя зарплата да 2010 году павінна скласці не менш за 700 даляраў”, - адзначыў старшыня праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік.

Міліцыя пільнавала іншых

Толькі вось нават людзі, што прыйшлі альбо якіх прывезлі на афіцыйны мітынг, не надта верылі ў такую вясёлкавую перспектыву: “Мы паверым, калі гэта будзе. А што цяпер казаць? Вось калі такі заробак прыйдзе, тады і будзем казаць, што гэта ёсць на самой справе”.

У шматлікіх месцах ля Нацыянальнай бібліятэкі смажылі шашлыкі, разлівалі безалкагольныя і спірытусовыя напоі, таму ўжо да апоўдня на прыгорках і проста на траве можна было бачыць шмат людзей у добрым падпітку. Аднак, супрацоўнікі органаў аховы правапарадку не звярталі на іх увагі. Яны пільнавалі іншых.

Дзень Еўропы адзначыць не далі

Прыкладна а палове на першую дня акурат там, дзе адбываўся мітынг, былі затрыманыя больш за два дзесяткі дэмакратычных актывістаў, якія прыйшлі адзначыць Дзень Еўропы – пяцігоддзе пашырэння Еўразвязу. Ім нават не далі разгарнуць еўрапейскія і нацыянальныя беларускія бел-чырвона-белыя сцягі, раздаць друкаваныя матэр’ялы пра Еўрапейскі Звяз.

Сярод тых, хто апынуўся ў аўтазаках, былі кіраўнік “Народнай грамады” (БСДП) Мікалай Статкевіч, лідэры “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Яляксей Янушэўскі, Зміцер Федарук, актывісты кампаніі “Джынс за свабоду” Яўген Афнагель і Павал Юхневіч ды іншыя. Усіх затрыманых адвезлі ў РУУС Першамайскага раёну Мінску.

А ў гэты час у Парку дружбы народаў ля Плошчы Бангалор святкавала Першамай Партыя камуністаў Беларуская. Там жа былі і некаторыя актывісты дэмакратычнага прафсаюзнага руху.

Хваля народнага пратэсту яшчэ не ўзнялася да вышыні

“Прэзідэнт карыстаецца падтрымкаю, у першую чаргу, вярхушкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – Козіка ды яго паплечнікаў. А працоўны клас наўрадці цяпер падтрымлівае Лукашэнку”, - адзначыў актывіст незалежнага Прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Аляксандр Бухвостаў. - Людзі, якія працуюць на прадпрыемствах, якія задаўленыя кантрактамі, разумеюць сваё становішча. Проста сёння хваля народнага пратэсту яшчэ не ўзнялася да такой вышыні, каб выплеснуцца і ў нейскай ступені змесці гэты рэжым, як гэта было ў 1991 годзе”.

Адрозныя ад пампезных выступаў афіцыйных асобаў рэчы казала на альтэрнатыўным мітынгу і актывістка дэмакратычнага жаночага руху Беларусі Алена Яськова: “У нас цяпер практычна платная адукацыя, платнае медычнае абслугоўванне, нізкія пенсіі, бальшыня нашых людзей працуюць ва ўмовах рабскіх кантрактаў - праблем у нашай краіне вельмі шмат”.

Пасля выступаў удзельнікі альтэрнатыўнага святкавання правялі спаборніцтвы па шахматах, перацягванні канату, паспявалі песні, адначасна наўпрост на пляцоўцы адбылася прэзентацыя недзяржаўнай газеты “Товарищ”.

“Паступіў загад нас затрымаць”

А тым часам, праз амаль тры гадзіны пасля затрымання, з Першамайскага РУУС пачалі выпускаць непаўнагадовых актывістаў. Сярод іх – актывіст “Маладога Фронту” з Салігорску Іван Шыла.

“Мы не выкрыквалі аніякіх лозунгаў і не спрабавалі ўзняць нейкую сімволіку, - паведаміў юнак. - Увесь час нашага знаходжання ля Нацыянальнай бібліятэкі побач з намі знаходзіліся супрацоўнікі мінскага АМАПу ў цывільным, якія адсочвалі кожнае нашае перасоўванне. Пасля паступіў загад нас затрымаць”.

Як сказаў маладзён, супрацоўнікі міліцыі абвінавачвалі затрыманых у розных парушэннях – выкрыкванні лозунгаў, дробным хуліганстве, арганізацыі несанкцыянаванай акцыі.

Працяг палітыкі па раз’яднанні людзей

На думку Івана Шылы, “гэта былі спробы ўладаў не дапусціць, каб мы сёння адсвяткавалі Дзень Еўропы, а не Дзень працы. Фактычна гэта працяг той палітыкі, якую ўлады праводзяць цягам 14 год, па раз’яднанні людзей, па знішчэнні тых базавых прынцыповых каштоўнасцяў, на якіх мусіць трымацца дэмакратычная краіна”.

Бліжэй да вечара з прастарунку былі адпушчаныя амаль усе затрыманыя, за выключэннем лідэраў, над якімі, хутчэй за ўсё, у пятніцу адбудуцца суды.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще