1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Дзяды" як акт кансалідацыі грамадства

Генадзь Канстанцінаў7 октября 2008 г.

У Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 2 лістапада акцыі “Дзяды”. Вядомыя ў Беларусі дзеячы распавялі пра гісторыю адзначэння “Дзядоў” і наступствы, што мела самая першая акцыя для Беларусі.

https://p.dw.com/p/FVfv

Юрыдычную адказнасць за акцыю 2 лістапада на сябе ўзялі старшыня Беларускага народнага фронту Лявон Баршчэўскі і ягоны намеснік Віктар Івашкевіч, яны ж і падалі заяўку ў сталічны выканкам, але, як было заяўлена журналістам, у склад аргкамітэту “Дзядоў” увойдуць дзесяткі прадстаўнікоў партыяў, гамадскіх аб’яднанняў, творчых звязаў і дэмакратычных моладзевых структур.

Паэт Генадзь Бураўкін адзначыў, што тая восеньская акцыя 1988 году, калі ўпершыню людзі выйшлі на “Дзяды”, стала пераломным пунктам у сучасным летапісы краіны: “Гэта была вельмі важная ў гісторыі Беларусі падзея. Калі б не гэтая падзея, то многага ў нашым грамадскім жыцці не было б, і таго ўздыму, які тады, у 90-я гады, зрабіў адраджэнне, не было б”.

Генадзь Бураўкін, які ў тыя часы ачольваў Белтэлерадыёкампанію, нагадаў, што нават у 1988 годзе, калі існаваў Савецкі Саюз, атрымалася зняць і прабіць на экраны фільм пра падзеі на “Дзяды” – пра гвалтоўны разгон акцыі, пра збіццё і арышты яе ўдзельнікаў, пра выкарыстанне вайскоўцамі слезацечнага газу.

“Непрыемна, што калі тады былі журналісты і кінадакументалісты, якія ўсё ж прарывалі сцяну афіцыйнага замоўчвання, то сёння і блізка няма ў такіх калектывах, як тэлевізійнікі, радыйнікі, людзей, якія б спрабавалі нешта зрабіць”.

Першая акцыя – першыя рэпрэсіі

Той першы мітынг на “Дзяды” вёў прапісаны тады ў Полацку пісьменнік Уладзімір Арлоў, якога пасля акцыі ўлады нават спрабавалі дэпартаваць з беларускай сталіцы.

“Пасля таго выступу супрацоўнікі міліцыі на мяне кожны дзень пачалі складаць пратакол аб пражыванні ў Мінску без прапіскі, папярэдзіўшы, што злаўмыснае ўхіленне ад прапіскі будзе мець наступствамі альбо дэпартацыю назад у Полацк, альбо пасадку за краты”.

Выратаваў маладога пісьменніка ад непрыемнасцяў тагачасны старшыня прэзідыюму Вярхоўнага Савету БССР Георгій Таразевіч, які потым стаў актыўным сябрам апазіцыі, уступіўшы ў сацял-дэмакратычную партыю.

“Мне запомніўся арышт, гэты хапун. Гэта быў першы хапун, які я адчуў на сабе, - узгадвае старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў Аляксей Марачкін. – Схапілі мяне, майго сына Ігара – мы сямьёй ішлі. Складалі пратаколы, там шмат народу было. Памятаю, як ламалі рукі мастаку Міколу Купаву, як бралі яшчэ аднаго мастака Алеся Пушкіна”.

Злучэнне пакаленняў

Па словах намесніка старшыні БНФ Віктара Івашкевіча, да ўдзелу ў арганізацыйным камітэте па падрыхтоўцы “Дзядоў – 2008” будуць запрошаныя як тыя людзі, што ўдзельнічалі ў самай першай акцыі, гэтак і дзейныя сённяшнія палітыкі, а таксама прадстаўнікі ўсіх моладзевых дэмакратычных арганізацыяў, на якіх павінен легчы галоўны цяжар падрыхтоўкі мерапрыемства. “Злучэнне намаганняў як старэйшага пакалення, так і моладзі, якое было 20 год таму, я перакананы, і сёння дасць той эфект, які быў дасягнуты 20 год таму”.

Самая першая акцыя на Дзень памінавення продкаў сталася штуршком для стварэння структуры, якая сталася апірышчам нацыянальнага адраджэння Беларусі, нагадаў лідэр БНФ Лявон Баршчэўскі. “Дзяды”, якія былі ў 1988 годзе, сыгралі вялікую ролю ў станаўленні нашай арганізацыі – Беларускага народнага фронту ў тым выглядзе, у якім ён, урэшце, паўстаў”.

Акцыя кансалідацыі

Па словах Лявона Баршчэўскага, ён правёў перамовы з кіраўніком Кансерватыўна-хрысціянскай партыі Зянонам Пазняком (КХП звычайна асобна ладзіць усе мерапрыемствы), і была дасягнута дамоўленасць, што асноўная частка акцыі адбудзецца з агульным удзелам. “У нас ёсць памкненні, каб гэтыя “Дзяды” нікога не раз’ядноўвалі, але аб’ядноўвалі”. З Лявонам Баршчэўскім пагадзіўся і Генадзь Бураўкін. “У гэты дзень мы павінны быць разам. Нейкіх двайных маршрутаў, нейкіх двайных дарог да “Дзядоў” не павінна быць”.

Акцыя пачнецца апоўдні ў нядзелю, 2 лістапада, ускладаннем кветак на Усходніх могілках сталіцы да магіл славутых людзей – Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, Уладзіміра Караткевіча, Міхася Ткачова, Уладзіміра Мулявіна і многіх іншых слынных сыноў Беларусі. Пасля гэтага адбудзецца шэсце да ўрочышча Курапаты, дзе на месцы масавых расстрэлаў мірных грамадзян у сталінскія часы адбудзецца мітынг памяці.