1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Дабрачынныя акцыі БАЖ на Раство

24 декабря 2008 г.

Беларуская асацыяцыя журналістаў у розных гарадах краіны праводзіць дабрачынныя акцыі на Раство.

https://p.dw.com/p/GMcL
АрхивФото: AP

Асаблівую ўвагу журналісты звярнулі на дзяцей, што жывуць без бацькоў. У Магілеве да прадстаўнікоў медыя-супольнасці далучыліся і актывісты моладзевага крыла прафсаюза радыеэлектроннай прамысловасці (РЭП). Валанцерская група з дваццаці чалавек 24 снежня наведала Чавускі дзіцячы дом.

Акцыя журналістаў мае агульнанацыянальны маштаб

Дабрачынная акцыя «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» стала сапраўдным сюрпрызам для Чавускага дома-інтэрната. Звычайна дапамога сюды прыходзіць з-за мяжы. Але гэтым разам для 80 дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, свята вырашылі зрабіць магілеўскія журналісты. Прадстаўнік мясцовай суполкі БАЖ Андрэй Дзьвігун распавеў, як пачыналася гэтая акцыя:

"Ідэя правядзення такой акцыі ўзнікла падчас сустрэчы маладых лідараў БАЖ. Мэта акцыі – гэта прасоўванне ў грамадства каштоўнасцяў БАЖ праз шэраг дабрачынных акцый. Нашыя каштоўнасці – гэта шчырасць, уменне казаць праўду, гэта добрае адкрытае сэрца. Упершыню гэтая акцыя мае агульнанацыянальны маштаб. У Магілеве нам дапамагае прафсаюз РЭП".

Супольна з БАЖ

Прадстаўнікі моладзевага крыла прафсаюза маюць досыць багаты досьвед працы з інтэрнатамі. Яны падрыхтавалі паўтарагадзінную музычна-забаўляльную праграму з Дзедам Марозам і Снягуркай, цікавыя конкурсы дый выступы сапраўдных артыстаў. Акрамя таго, кожны выхаванец напрыканцы сустрэчы атрымаў салодкі падарунак. Сродкі на ўсе гэтае збіраліся сярод журналістаў дый прадпрымальнікаў напрацягу месяца. Адзінае, чаго пазбягалі арганізатары, паводле каардынатара моладзевага прафсаюза РЭП Станіслава Кавалеўскага, гэта ўдзелу палітыкаў у акцыі:

“Для нас гэта ўжо не першая такая акцыя, але рэч у тым, што мы вырашылі далучыцца да акцыі БАЖ, дый зрабіць гэта супольна. Мы вырашылі не звяртацца да нейкіх палітычных арганізацыяў, а сабралі звычайных валанцераў, якія пагадзіліся паехаць у Чавусы. "

Тэлевізар ад магілеўскіх жураналістаў

Арганізатары выбралі чавускі дзіцячы дом-інтэрнат не выпадкова. Перад тым яны абыйшлі практычна ўсе падобныя ўстановы абласнога цэнтра, і як высветлілася, у Магілеве недахопу ў перадсвяточнай дапамозе няма. Кожная дабрачынная арганізацыя мае за абавязак перад Раством абыйсці ўсе дзіцячыя ўстановы. Таму было вырашана паехаць у раен. Андрэй Дзьвігун кажа, што за два тыдні да акцыі журналісты ўжо наведвалі чавускі прыют, дый нават атрымалі замову ад дзяцей:

"Дзеці замовілі тэлевізар, і ў нас паўстала этычная праблема: ці варта дарыць дзецям тэлевізар, каб яны глядзелі БТ? Але потым мы вырашылі, што настаўнікі – таксама людзі, і яны будуць уключаць не толькі навіны БТ, але і “Калыханку”, і дзіцячыя праграмы".

У выніку, дзеці ўсе ж атрымалі ад журналістаў жаданы тэлевізар. Але паводле ўсіх дарослых удзельнікаў акцыі, яны гатовыя набыць яшчэ адзін, калі б гэта дапамагло сапраўды сагрэць дзіцячыя сэрцы. Падчас развітання з выхаванцамі дома-інтэрната ў журналістаў узнікла ідэя пазнаеміць іх з тымі людзьмі, хто ахвяраваў грошы. Магчыма гэта дапаможа камусьці знайсці сапраўднага сябра, якім можна было б апекавацца далей. БАЖ-аўцы абяцаюць, што акцыя будзе працягвацца.

Аляксандар Буракоў