1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Аляксандр Казулін: “Мяне не зламіць“

Паўлюк Быкоўскі

Сярод цяперашніх кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі найбольш супярэчнай па ацэнках назіральнікаў з’яўляецца фігура А. Казуліна – былога рэктара БДУ, лідэра апазіцыйнай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)

https://p.dw.com/p/87PG
Фото: AP

Нядаўні пераход былога рэктара галоўнай ВНУ краіны ў лагер апанентаў кіроўнага рэжыму перашкаджае аб’ектыўнай ацэнцы гэтай фігуры.

У 1996 годзе Аляксандр Казулін з пасады намесніка міністра адукацыі быў прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага універсітэту. У акадэмічным асяроддзі гэта справакавала незадавальненне: рэктар не выбраны, а прызначаны, мае толькі ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук. Але хутка Казулін абараніў доктарскую па педагогіцы, зрабіўся прафесарам і ў 2000 годзе ўжо быў абраны на пасаду рэктара абсалютнай бальшынёй рады універсітэту. Праз 3 гады Лукашэнка са скандалам вызваліў Казуліна ад пасады рэктара, пасля чаго яго прозвішча фігуравала ў крымінальнай справе ў адносінах да адказных асобаў прадпрыемства “Унідрагмет БДУ”.

Хутка абвінавачанні з былога рэктара былі знятыя і, як кажуць, не без заступніцтва Паўла Барадзіна. Сам дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы пацвярджае толькі факт добрага знаёмства з Казуліным. Былы рэктар у гэты час мусіў аформіць фіктыўны развод з жонкай і падзяліць уласнасць, каб абараніцца ад пагрозы яе канфіскацыі. Таму дэкларацыя аб даходах кандыдата і яго ўласнасці складаецца амаль выключна з адных прочыркаў.

Летась Аляксандр Казулін узначаліў сацыял-дэмакратычную партыю, асноўны касцяк якой склалі былыя прыхільнікі яе экс-старшыні Міколы Статкевіча. Казулін і яго партыя не прызналі агульны механізм вызначэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл і дагэтуль аспрэчваюць гэты статус у Аляксандра Мілінкевіча. Многія прыхільнікі Мілінкевіча лічаць Казуліна адмысловым праектам уладаў, закліканым расцягнуць галасы прыхільнікаў перамен. Давераная асоба Казуліна, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч сцвярджае, што гэта самы незалежны кандыдат:

“Ён мне бачыцца найбольш самастойным. Не казачком, не праектам улады. Фігуры, якая не звязана абяцаннямі злева-справа, з Захаду – з Усходу, нейкімі карпаратыўнымі вузамі – партыйнымі, грамадскім”і.

Выбарчая кампанія Казуліна аказалася агрэсіўнай. На сцэне з’явіўся не інтэлігент прафесар, а адважны салдат, марскі пехацінец, кім быў Казулін за часам службы ў войску. Вось як ён патлумачыў гэтае пераўтварэнне:

“Мяне не зламіць. Марпехі ніколі не здаюцца!”

Свядомы выбар вобразу салдафона, якому дазваляльна без зважання на асобы рэзаць праўду-матку, дазволіў Казуліну зрабіцца самай вядомай ахвярай цэнзуры за часам выбарчай кампаніі. Больш за тое, кандыдат прымусіў дзейнага прэзідэнта ўказаць на яго, як на галоўнага ворага, хаця, калі меркаваць па рэйтынгах, Казулін і не мог прэтэндаваць на гэткую ролю.

“Лукашэнка на Ўсебеларускім народным сходзе. Давайце задумаемся пасля ўсяго, што адбылося – хто галоўны адмарозак у нашай краіне?”

Многія назіральнікі лічаць, што асноўная мэта Казуліна ў гэтай кампаніі – зрабіцца лідэрам апазіцыі пасля выбараў. Для гэтага былому рэктару БДУ, як і Аляксандру Мілінкевічу, трэба прайсці ўсё гульнёвае поле і выйсці ў дамкі.