1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Якім чынам нямецкая мова паўплывала на беларускую?

Юнэля Крупенька

Ужо геаграфічнае становішча Беларусі садзейнічала шырокаму пранікненню іншамоўных словаў з Захаду. Па словах навукоўцы і перакладчыка з нямецкай мовы Васіля Сёмухі, беларусы актыўна выкарыстоўваюць тысячы германізмаў.

https://p.dw.com/p/9HC2

Працэс запазычвання іншамоўных словаў з’яўляецца натуральным працэсам у гісторыі кожнай мовы. Лінгвісты сцвярджаюць, што германізмы – словы нямецкага паходжання – у параўнанні з іншымі запазычаннямі, найбольш трывала захоўваюцца ў сучаснай беларускай мове.

У часы Сярэднявечча беларускія землі часта станавіліся месцам сутыкнення інтарэсаў заходніх краінаў. Толькі на працягу другой паловы ХІV стагоддзя нямецкія крыжаносцы здзейснілі каля 100 нападаў на Вялікае княства Літоўскае. Значны ўплыў на беларускі слоўнік аказала і развіццё гандлёвых зносінаў з прыбалтыйскімі немцамі. У ХШ-першай палове ХVІ стагоддзяў у беларускую мову непасрэдна з нямецкай мовы прыйшлі такія словы, як бровар, вага, ліхтар, дах і іншыя.

Вядомы навуковец Васіль Сёмуха, які ўжо амаль паўвека займаецца перакладамі з нямецкай мовы, сцвярджае, што беларусы актыўна выкарыстоўваюць тысячы германізмаў. Дзякуючы Васілю Сёмуху, на беларускай мове ўбачылі свет творы такіх класікаў нямецкай літаратуры, як Гётэ, Шылер, Гофман, Ніцшэ, Зюскінд. За сваю плённую перакладчыцкую дзейнасць Васіль Сёмуха быў узнагароджаны нямецкай дзяржавай ордэнам “За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай”.

“Ну вось я вам назаву слова, якое лічыцца чыста беларускім, абсалютна, таму што рэалія, да якой адносіцца гэтае слова, ну толькі ў беларусаў і ёсць. Што такое “андарак” – спадніца. Прычым не любая спадніца, а святочная, у якой сялянкі хадзілі ў цэрквы. Прадмет, які быў распаўсюджаны не ў вышэйшых пластах грамадства, а менавіта сярод сялянства, сярод такіх вось нізоў. Аднак гэта нямецкага паходжання слова. Я думаю, што яно таксама сюды прыйшло праз гандаль. Гэта нямецкае слова, якое абазначае “ніжняя спадніца”, “ніжні пінжак”. Вось так яно пераасэнсавалася ў Беларусі".

Важная роля ў замацаванні нямецкіх словаў у беларускай мове належыць польскаму і яўрэйскаму пасярэдніцтву. У другой палове ХVІ - ХVІІІ стагоддзях, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Рэчы Паспалітай, праз польскую мову з нямецкай былі запазычаны такія словы, як варштат, грунт, кафля, цэгла. Дзякуючы ідзіш, беларускі слоўнік папоўніўся пераважна словамі з камерцыйнай сферы, такімі як гандаль, рахунак, труна, разынкі.

Паводле перакладчыка Васіля Сёмухі, на сучасным этапе працэс слоўнага запазычвання менш пашыраны і адбываецца найперш праз літаратуру, сродкі масавай інфармацыі.

“Гэта настолькі няплённы працэс, што мне нават цяжка сказаць. У галаву толькі прыходзіць вядомае беларусам “хэндэхох”, “капут”. Яшчэ гавораць, калі ўжо нешта да крайнасці даходзіць – дык кажуць – “Ну поўны алес”. Гэта нямецкае запазычанне. Вельмі харошае запазычанне. А так мне цяжка сказаць. Тым больш, што яны сёння бытуюць, заўтра не, потым зноў вяртаюцца – гэта ж працэс не 2-3 дзён. На гэта патрэбна, каб слова замацавалася, дзесяткі гадоў, а то і сотні гадоў”.

Пра адваротны ж працэс запазычвання беларускіх словаў нямецкай мовай спадар Сёмуха здолеў прыгадаць толькі адзін яскравы прыклад.

“А так, каб беларускае нешта запазычвалі, не ведаю. Ну можа цяпер бытуе ў Германіі слова “Лукашэнка” (смяецца). Вось гэта ўжо немцы ведаюць, што такі”.