1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чаму ЕС фінансуе мерапрыемствы па інтэграцыі беларускіх памежных войскаў у адзіную сістэму агульнаеўрапейскіх стандартаў?

Юнэля Крупенька

У рамках Праграмы «Узмацненне кіравання мяжой у Рэспубліцы Беларусь» у Гомелі падыходзіць да заканчэння семінар у пытаннях барацьбы з нелегальным перасоўваннем праз дзяржаўную мяжу радыёактыўных і ядзерных матэрыялаў.

https://p.dw.com/p/8tpr

У семінары ўдзельнічаюць прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў, мытных органаў, МНС, а таксама экперт Міжнароднай агенцыі па атамнай энергіі Рольф Меркер з Нямеччыны.

Семінар у Гомелі ладзіцца ў рамках двухгадовай Праграмы «Узмацненне кіравання мяжой у Рэспубліцы Беларусь». Яе асноўная мэта – укараненне адзіных для памежных установаў краінаў Еўрапейскага Звязу стандартаў у працы памежных войскаў Беларусі. Праект закранае дзейнасць памежных войскаў у такіх галінах, як барацьба з транспамежнай арганізаванай злачыннасцю, тэрарызм, нелегальная міграцыя, падробка дакументаў і нелегальнае перасоўванне радыёактыўных і ядзерных матэрыялаў.

У рамках праекту ўжо набытае сучаснае абсталяванне радыяцыйнага кантролю, на якім цяпер і вучацца працаваць беларускія адмыслоўцы. Пра гэта «Нямецкай хвалі» распавёў кіраўнік праекту Сяргей Прыходзька:

“У рамках праекту было пастаўленае найноўшае абсталяванне, ухваленае МАГАТЭ для выкарыстання – гэта тое абсталяванне, якое дазваляе выяўляць кантрабанду радыёактыўных і ядзерных матэрыялаў, якія можна выяўляць і па-за памежнымі пунктамі пропуску”.

Паводле Сяргея Прыходзькі, навучаюць беларускіх памежнікаў высокакласныя прафесіяналы з еўрапейскіх краінаў. У прыватнасці, у Гомель у якасці выкладчыка прыехаў эксперт МАГАТЭ з Нямеччыны Рольф Меркер, які добра ведае спецыфіку краінаў СНД.

Варта адзначыць, што рэалізацыя праекту «Узмацненне кіравання мяжой у Рэспубліцы Беларусь» здзяйсняецца пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН. Бюджэт праекту складае больш за 4,5 мільёны еўра, пры гэтым асноўнае фінансаванне забяспечвае Еўразвяз.

На прэзентацыі праекту прадстаўніца ААН у Беларусі Джыхан Султаноглу распавядала, што з’яўленне праграмы такога кшталту сведчыць пра тое значэнне, якое Еўрапейскі Звяз надае стасункам са сваімі новымі суседзямі. На думку Султаноглу, неабходна сумесна змагацца з незаконным гандлем людзьмі, распаўсюдам наркотыкаў і зброі – з усім тым, што непасрэдна ўплывае на бяспеку ў Еўропе. Заўважу, што з 3500 кіламетраў дзяржаўнай мяжы Беларусі каля траціны выпадае на краіны Еўразвязу. У звязку з гэтым робіцца зразумелым, чаму Брусель актыўна фінансуе мерапрыемствы па інтэграцыі беларускіх памежных войскаў у адзіную сістэму агульнаеўрапейскіх стандартаў.