1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ці лёгка быць камуністам у апазіцыі?

Сяргей Панчанка

Міністэрства юстыцыі накіравала ў штаб-кватэру апазіцыйнай Партыі камуністаў Беларускай ліст, у якім запатрабавала прадставіць асабістыя дадзеныя па складзе партыйных структураў.

https://p.dw.com/p/8tmn

Уз’яднальны з’езд Партыі камуністаў Беларускай ды Камуністычнай партыі Беларусі, які адбыўся ў мінулым месяцы, можа стварыць праблемы абедзвюм партыям. Так, Міністэрства юстыцыі запатрабавала ад ПКБ прадставіць асабістыя спісы яе сябраў. У сваю чаргу, апазіцыйныя камуністы плануюць падаць у суд на прапрэзідэнцкіх за дыскрэдытацыю сваёй партыі.

Міністэрства юстыцыі накіравала ў штаб-кватэру Партыі камуністаў Беларускай ліст, у якім запатрабавала прадставіць асабістыя дадзеныя па складзе партыйных структураў. З просьбай праверыць колькасць апазіцыйнай кампартыі раней звярнулася Камуністычная партыя Беларусіі. Пасля ўз’яднальнага з’езду, праведзенага КПБ у сярэдзіне ліпеня, яе лідэры кажуць, што ў ПКБ не засталося тысячы сябраў, што ёсць мінімальнай, адпаведна закону, колькасцю сябраў партыі. Але, паводле сакратара ЦК ПКБ Валерыя Ухналёва, прад’яўляць партыйныя спісы камуністы не збіраюцца.

“Патрабаванне Мінюсту супярэчыць закону “Аб палітычных партыях”, згодна якога асабістыя дадзеныя прадстаўляюцца толькі ў часе устаноўчага з’езду арганізацыі. Потым у Мінюст штогод прадстаўляюцца толькі дадзенныя пра партыйныя структуры ды кіраўніцтва партарганізацыяў”, – кажа Валеры Ухналёў. Сябра бюро ЦК Сяргей Вазняк дадае, што, цытую: “У адпаведнасці з трэцім артыкулам закону, у афіцыйных дакументах забаронена потрабаваць указання партыйнасці асобы, за выключэннем шэрагу выпадкаў. Жаданне Мінюсту ды КПБ да такіх выпадкаў не адносіцца”. А значыць, робіць выснову Вазняк, калі мы зробім тое, што ад нас патрабуюць, то гэтым самым парушым закон.

На яго думку, гэтае патрабаванне ўзнікла пасля няўдалай аперацыі Рады бяспекі па зліцці абедзвюх партыяў на платформе КПБ.

На ўз’яднальным з’езде было абвешчана, што ад першасных структураў ПКБ вылучаныя 74 дэлегаты. Апазіцыйныя камуністы даведаліся, што гэта за людзі, і цяпер заяўляюць, што 34 з іх былі выключаныя з партыі некалькі гадоў таму, 19 -- зусім ніколі ў ёй не знаходзіліся, а галоўнае, ніводін не быў абраны на з’езд ад партарганізацыі, а прыбыў по асабістым жаданні. “Бліжэйшым часам мы збіраемся падаць у суд на дзеячоў КПБ, якія паўсюль заяўляюць, што гэтых асобаў вылучылі на нашых партсходах, за дыскрэдытацыю партыі, а, магчыма, і за падлог дакументаў”, – сказаў “Нямецай хвалі” Сяргей Вазняк.

А вось сакратар ЦК КПБ Георгі Атаманаў лічыць такую рэакцыю, цытую “агоніяй збанкрутаванага кіраўніцтва ПКБ”. З яго словаў, КПБ гатовая паказаць усе неабходныя дакументы па выбарах делегатаў ды масавым пераходзе камуністаў з адной партыі ў іншую. “Вось, да прыкладу, Камянецкая партарганізація перайшла да нас, Белаазёрская... іншыя зараз пераходзяць”, – кажа Атаманаў. Што тычыцца праверкі Мінюсту, палітык падкрэсліў, што яна тэхнічная ды праводзіцца не толькі ў ПКБ, але і ў КПБ. “Калі ёсць людзі, ды дакументы ў парадку, тады баяцца няма чаго. Наадварот, гэта ўнясе пэўнасць у партыйныя шэрагі”, – лічыць Георгі Атаманаў.