1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ці законнае перасяленне без ордэраў?

Ларыса Новікава

Яшчэ два гады таму гарадзенцы ўладкавалі свае дамы на вуліцы Горкага і выдаткавалі немалыя грошы на падвядзенне камунікацыяў. Увёсну ўлады вырашылі знесці некалькі дамоў- у звязку з неабходнасцю пашырэння праезнай часткі

https://p.dw.com/p/8zFU

Нягледзячы на тое, што некаторыя гарадзенцы пражылі тут усё сваё жыццё, ад іх патрабавалі пакінуць наседжаныя месцы за 15 дзён. Цяпер іх высяляюць за 24 гадзіны пад пагрозай адключэння электрычнасці ў кватэры ў новым доме. Людзям нават уручылі ключы, але, як кажуць пераселенцы, пад прымусам, дагэтуль ім не выдалі ордэры на новыя месцы пражывання.

Некаторыя з дамоў, якія прызначаныя на знос, - прыватныя. Рыначны кошт жытла ў цэнтры гораду нашмат большы, чымся кошт невялікіх па плошчы кватэраў, якія ўлады прапанавалі замест дамоў. Напрыклад, замест уласнага дому з зямельным участкам пэнсіянерам – мужу і жонцы Сядзюкам выдзелілі аднапакаёвую кватэру. Толькі праз наведванні дзесяткаў кабінетаў Зінаіда Сядзюк, як кажуць, выбіла двухпакаёвае жытло. Пры гэтым кампэнсацыю выплочваць ёй ніхто не збіраецца.

Адна з жыхаркаў дому, які ідзе пад знос, Таццяна Пяхун так і не здолела прапісаць у ім у сваяка, - ад траўня прапіска была нечакана забароненая. Цяпер Тацьцяну фактычна выкідваюць на вуліцу.

Навошта такая спешка і ці законнае перасяленне без ордэраў, запыталася я ў дэпутата Гарадзенскага гарсавету Сяргея Кузьмянка. Адказ дэпутата адназначны: незаконнае. Але інфармацыю пра тое, за чый кошт прадстаўляецца іншае жытло, у гарвыканкаме не даюць нават дэпутату гарсавету.

Сяргей Кузьмянок падкрэсліў, што, паводле беларускіх законаў, акт па выкупу зямельнага ўчастку ёсць толькі пасведачаннем пра землекарыстанне, але не права ўласнасці на зямлю. Гэта дае ўладам магчымасць выкарыстоўваць зямлю ў горадзе згодна са сваім меркаваннем.

Дарэчы, адзін з чыноўнікаў гарвыканкаму на ўмовах ананімнасці паведаміў, што замест дамоў, якія прызначаныя на знос, на вуліцы Горкага плануецца пабудова гатэльнага комплексу, а зямля тут будзе аддадзеная ў камэрцыйнае карыстанне.