1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Улады бьюць апазіцыю рублём

Генадзь Канстанцінаў24 апреля 2008 г.

У Мінску працягваюцца разгляды зыскаў да заяўнікаў Еўрапейскага маршу, які адбыўся яшчэ 14 кастрычніка мінулага году. Дэмакратычныя актывісты мусяць сплаціць мільённыя спагнанні за быццам бы нанесены ўрон падчас акцыі.

https://p.dw.com/p/Dnxz
Дэмакратычныя актывісты падчас Еўрапейскага маршуФото: picture-alliance/ dpa

Яшчэ ў сераду суд задаволіў зыск Унітарнага прадпрыемства “Горрэмаўтадор” да Віктара Івашкевіча, Аляксандра Мілінкевіча, Вінцука Вячоркі, Зміцера Федарука і Яўгена Афнагеля аб кампенсацыі матэр’яльнага ўрону ў памеры больш за два мільёны беларускіх рублёў. У чацвер разглядаўся аналагічны зыск “Мінскзеленбуда” (яго памер з пошлінаю – больш за паўтара мільёны), а ў пятніцу будуць разглядацца прэтэнзіі прадпрыемства “Рэмаўтадор Савецкага раёна Мінска” (сума зыску – таксама амаль паўтара мільёны рублёў). Калі ўлічыць папярэднія зыскі да заяўнікаў “Еўрапейскага маршу”, то іх агульная сума ўжо перавысіла ў пераліку 6 тысяч еўра.

Чаму амаль праз паўгода пасыпаліся такія зыскі да арганізатараў даўно мінулае акцыі і якія мэты імкнецца дасягнуць улада, прэсуючы дэмакратычных актывістаў фінансавымі пакараннямі? “Нямецкай хвалі” сваё меркаванне з гэтай нагоды выказаў адзін з заяўнікаў Еўрапейскага маршу, першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

“Гэты працэс дастаткова анекдатычны, бо сама падзея адбылася ў кастрычніку, а справа была ўзбуджаная толькі ў лютым, і павінна было прайсці паўгоду. А за гэтыя паўгоду змянілася палітычная каньюнктура, і рэжыму спатрэбілася паказаць, што ў яго ёсць рычагі кантролю і ўціску нават зваротнага дзеяння.

Я думаю, што ніводная з гаспадарчых службаў, ні аўтарамонтная, ні жыллёвыя гаспадаркі насамрэч не пацярпелі ад Еўрапейскага маршу, бо ўзельнікамі яго, як і бальшыні дэмакратычных акцыяў, былі людзі адукаваныя, культурныя, людзі, якія заўсёды ўзаемна кантралююць паводзіны адзін аднаго, заклікаючы адзін аднаго не апускацца да правакацыяў. І зразумела, ніхто нічога не ламаў, не пісаў, не разбіваў падчас Еўрапейскага маршу.

Чаму гэта робіцца, чаму выносяцца прысуды выплочваць вельмі вялікія па беларускіх мерках штрафы? Дзеля таго, каб непавадна было наступным заяўнікам акцыяў, ну і, магчыма, дзеля таго, каб абмежаваць у разе патрэбы выезд заяўнікам Еўрапейскага маршу за межы краіны. Штрафы яны выпішуць, але ясна, што нас яны не запалохаюць. Магчыма, спрабуюць запалохаць нашых наступнікаў -заяўнікаў іншых акцыяў. Не думаю, што гэта атрымаецца”.