1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Гародні пры добраўладкаванні старога цэнтру будаўнікі разбураюць фундаменты Палацу магнатаў Радзівілаў i парэшткі драўлянага тракту 16-18 стагоддзяў

19 апреля 2006 г.

Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны рыхтуе дакументы аб парушэннях заканадаўства пры правядзенні работ Але бульдозеры працягваюць знішчаць культурныя шыхты зямлі без правядзення археалагічных даследванняў

https://p.dw.com/p/8HeC

Рэканструкцыя плошчы Савецкай пачалася яшчэ ўвесну мінулага года. Але археалагічныя раскопкі закранулі толькі малую частку вялікай тэрыторыі ў 20 тысячаў квадратных метраў, дзе зараз плануецца добраўпарадкаванне.

Гэтая плошча ў гістарычным цэнтры Гародні – другой сталіцы Каралеўства Польскага – у розныя часы мела імя караля Баторыя, называлася Ратушнай і Гандлёвай. Тут знаходзіліся Палац Радзівілаў, гандлёвыя шэрагі й гарадская Ратуша, якія былі разбураныя ў часе Другой сусветнай вайны.

Архітэктурная забудова плошчы, якая склалася пасля вайны, надзейна ахоўвала муры старажытных будынкаў дзеля будучага аднаўлення.

Калі напачатку красавіка бягучага году на плошчы зноў з’явілася будаўнічая тэхніка ды экскаватары пачалі ламаць жалезныя зубы аб падмуркі Палаца Радзівілаў, гарадзенцы накіравалі да гарадскіх ўладаў некалькі зваротаў з заклікамі спыніць бяздумнае знішчэнне гістарычнай спадчыны. Сярод тых, хто падпісаў лісты ў гарвыканкам ды гарсавет, ёсць дактары гістарычных навукаў, выкладчыкі гісторыі й краязнаўцы.

«Пераўтварэнні ў гістарычным цэнтры Гародні прывялі да страты непаўтаральнага камернага аблічча гораду, - было напісана ў адным са зваротаў. – Знішчаюцца старажытныя забудовы ды дрэвы, да юбілеяў і святаў будуюцца вялізныя плошчы, якія зусім не характэрныя для Гародні. Пры гэтым, рашэнні аб зменах – зносе ці перапланіроўцы – прымаюццца без удзелу грамадскасці».

На мінулым тыдні будоўлю на плошчы Савецкай інспектавала Наталля Хвір – спецыяліст Дэпартаменту гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі. Як паведаміў намеснік начальніка Дэпартамента Ігар Чарняўскі, па выніках інспекцыі падрыхтаваны ліст Міністра культуры да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама прадпісанне ў інстытут «Гроднаграмадзянпраект» і ў арганізацыю «Гроднапрамбуд» аб парушэннях заканадаўства падчас правядзення працы. «Усе праектныя рашэнні й інжынерныя распрацоўкі мусяць быць заснаваныя толькі на выніках археалагічных даследванняў», - заяўляе Ігар Чарняўскі.

Між іншым, будаўнікі ўжо пачалі разбураць падмуркі флігеля Палаца Радзівілаў, каб будаваць падземны пераход. А на афіцыйны сайт Гарадзенскага аблвыканкаму прыходзяць сотні водгукаў грамадзянаў, абураных паспешнай будоўляй на плошчы Савецкай, на якой сёлета ў чэрвені плануецца правядзенне Фестывалю нацыянальных культур.