1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Рыгор Барадулін: „Нашай мове неяк усё жыцце не шанцавала”

Юнэля Крупенька

У сярэдзіне студзеня на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача адбылася прэм’ера спектакля “Марныя намаганні кахання”. На беларускую мову п’есу Шэкспіра пераклаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін

https://p.dw.com/p/7qld

Aдмыслова для «Нямецкай хвалі» гэтыя радкі з верша Рэдзьяра Кіплінга зачытаў у сваім перакладзе Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Дзякуючы прызнанаму ва ўсім свеце Барадуліну-перакладчыку на беларускай мове загучалі таксама Джордж Байран, Адам Міцкевіч, Вінцэсь Каратынскі, Ян Райніс, Сяргей Ясенін, Расул Гамзатаў і многія іншыя класікі сусветнай літаратуры. За пераклады на беларускую мову шматлікіх твораў вядомых латышскіх аўтараў і значны ўнёсак у развіццё беларуска-латышскіх сувязяў Барадулін атрымаў вышэйшую ўзнагароду Латвійскай Рэспублікі – ордэн Трох Зорак.

Дасканала валодаючы мастацкім словам, Барадулін перакананы, што дакладнага перакладу не існуе, паколькі іншая мова мяркуе і іншае мысленне, іншыя асацыятыўныя вобразы. Гэтым і тлумачацца адступленні перакладчыкаў ад арыгіналу:

„I я лiчу, што мастацкi пераклад павiнен гучаць на той мове, на якую ты перакладаеш. Безумоўна, трэба трымацца арыгiнала, але ў пэўных рамках ад яго адыходзiць“.

Акрамя таго, на рахунку Барадуліна – каля чатырох дзесяткаў кніг арыгінальнай лірыкі, сатыры і гумару, паэзіі для дзяцей. У розны час ён был уганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР, прэміяй Ленінскага камсамолу Беларусі, першым нацыянальным медалём Францыска Скарыны. Як ужо паведамляла «Нямецкая хваля», улетку 2005 года Беларускі ПЭН-цэнтр вылучыў Рыгора Барадуліна на атрыманне Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры за апошні зборнік духоўнай паэзіі «Ксты». Ініцыятары вылучэння разлічваюць на поспех, тым больш што імя Барадуліна вядомае і далёка за межамі Беларусі.

Разам з тым, афіцыйны Мінск намагаецца не заўважаць аднаго з самых папулярных сучасных беларускіх літаратараў. Так, летась 70-гадовы юбілей Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна не святкавалі на дзяржаўным узроўні. Гэта і вытлумачальна, бо вось ужо прыблізна паўстагоддзя паслядоўная творчая і грамадзянская пазіцыя пісьменніка ў розных палітычных варунках застаецца прыкладам для многіх беларусаў. Разам з Васілём Быкавым і Зянонам Пазняком Барадулін быў натхняльнікам новага беларускага Адраджэння. Пасля стварэння альтэрнатыўнай прадзяржаўнай пісьменніцкай арганізацыі ён застаўся прыхільнікам апальнага Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Прыродны аптымізм дазваляе мэтру беларускага слова не звяртаць увагу на стасункі з уладай, а разважаць пра перспектывы нацыянальнай літаратуры і мастацкага перакладу ў прыватнасці:

„Вельмi добра, што зараз расце шмат моладзi, якая добра ведае мовы, iмкнецца пазнаць свет, што называецца, у арыгiнале, i перакладаць на беларускую мову. Але справа ў тым становiшчы нашай мовы, якой неяк усе жыцце не шанцавала. Але, безумоўна, калi будзе беларуская мова шырокага ўжытку ў дзяржаўным значэннi, перспектывы будуць больш значныя“.