1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Прадпрымальнікі пачалі вагацца

Генадзь Канстанцінаў

Лідэры прадпрымальніцкага руху рыхтуюцца да новых акцыяў пратэсту, а тым часам некаторыя шэраговыя бізнэсоўцы выказваюць расчараванне мінулымі мітынгамі і цвердзяць пра наканаванне палітыкаў выходзіць на вуліцы.

https://p.dw.com/p/D1ix
Фото: Marina Nikititsch

Яшчэ 21 студзеня, у часе апошняй акцыі, актывісты аб’яднанняў і рухаў прадпрымальнікаў заявілі, што чарговым разам выйдуць у цэнтр беларускай сталіцы ўжо 18 лютага. А ў некаторых рэгіёнах мітынгі запланаваныя нават на 11 лютага.

Расчараванні асобных бізнесоўцаў

Тым не менш, мінулыя акцыі, у выніку якіх прадпрымальнікі не здолелі дабіцца ад уладаў сур’ёзных саступак, шмат у каго з іх выклікалі расчараванне і нежаданне і надалей адстойваць свае правы на вуліцах і плошчах. Вось меркаванні некаторых бізнесоўцаў з Мінску і Барысава:

"У далейшых акцыях пратэсту браць удзел не буду. Адзінае, што толькі канкурэнты на гэтым нажываюцца, бо некаторыя выходзяць на акцыі, а некаторыя ў гэты час працягваюць працаваць. Па-другое, не так добра ўсё арганізавана. Трэба шукаць нейкія іншыя шляхі".

"Я выходзіла ўсе тры разы і расчараваная. У мяне асабіста эканамічныя патрабаванні...Гэтым павінныя займацца палітыкі, няхай яны з нейкімі лідэрамі прадпрымальнікаў ідуць у Дом ураду і вырашаюць гэтае пытанне".

Не палітыкі вывелі прадпрымальнікаў на вуліцы

Як адзначае кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька,

"Не апазіцыйныя палітыкі звалі прадпрымальнікаў на вуліцы. Абставіны, сітуацыя і ўлада змушаюць іх ісці туды. У той бульдозернай палітыцы, якую праводзіць сённяшняя ўлада, я не бачу ніякай альтэрнатывы".

На думку першага намесніка старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі,

"Выходзіць на плошчу - гэта справа тых, хто змагаецца за пэўныя каштоўнасці і інтарэсы, і ,часам, гэта бывае апошнім спосабам барацьбы. І кожны вырашае сам. Немагчыма патрымліваць таго, хто не падтрымлівае сябе сам".

Ад палітыкі нікуды не падзецца

Анатоль Лябедзька, парыруючы выраз, што вулічныя выступленні ёсць наканаваннем выключна палітыкаў, выказвае сумнеў, што сёння ў Беларусі ўвогуле магчыма правесці дакладную мяжу паміж палітыкамі і простымі грамадзянамі, "бо палітыка сёння сама прыходзіць да нас".

"У нас даволі вялікая праслойка людзей, якія з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і адначасова яны ж ёсць сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі".

Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, палітыкі могуць дапамагчы прадпрымальнікам у арганізацыйных і тэхнічных пытаннях, але асноўныя праблемы ўсё ж бізнэсоўцы мусяць імкнуцца вырашаць самі, у тым ліку і з дапамогаю сваіх структураў – руху “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” і аб’яднання “Перспектыва”.

Новыя формы барацьбы?

Як адзначае палітолаг Аляксандр Фядута дачынна адмовы некаторых прадпрымальнікаў браць удзел у масавых акцыях,

"Калі яны вырашылі не выходзіць на вуліцы, значыць, у іх ёсць нейкая іншая форма барацьбы за свае інтарэсы. Канешне, вельмі хацелася б даведацца, менавіта якая?"

Пра гэта, хутчэй за ўсё, стане вядома ўжо найбліжэйшым часам.