1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

17 декабря 2010 г.

Прыгавораны да расстрэлу беларус звярнуўся ў ААН, выбаршчыкаў гоняць на датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта, міліцыянты разагналі пікет супраць датэрміновага галасавання.

https://p.dw.com/p/QepQ
Символ правосудия - молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Асуджаны на смяротнае пакаранне Алег Грышкавец звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Падчас датэрміновага галасавання назіральнікі адзначаюць шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства. У Гродна супрацоўнікі праваахоўных органаў разагналі пікет супраць датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі.

Зварот па абарону жыцця

Грамадзянін Беларусі Алег Грышкавец, прыгавораны 14 траўня 2010 году да смяротнага пакарання, звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Паводле Грышкаўца, былі парушаны ягоныя правы, перш за ўсё, права на справядлівае судовае разбіральніцтва. У прыватным звароце ўтрымліваецца таксама просьба ўжыць захады часовае абароны і не прыводзіць прысуд у выкананне да таго часу, пакуль справа не будзе напоўніцу разгледжаная Камітэтам па правах чалавека ААН.

Плакат против смертной казни в Беларуси
Цi адменiць Беларусь смяротнае пакаранне?Фото: Viasna

Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў гэтае паведамленне пад нумарам 2013/2010. У той жа самы дзень інфармацыю накіравалі праз Міністэрства замежных справаў Беларусі ў адпаведныя кампетэнтныя органы. Камітэт ААН патрабуе выкарыстання ў дачыненні да Грышкаўца захадаў прамежкавае абароны.

Па словах беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка, што непасрэдна дапамагаў складаць і падаваць скаргу, Алег Грышкавец скардзіўся найперш на тое, што крымінальная справа разлядалася не неперадузятым судом, і гэта выразна праяўлялася ў выказваннях суддзяў у часе працэсу. Гэтаксама была парушана прэзумцыя невінаватасці, паколькі яшчэ да вынясення прыгавора былі зафіксаваныя факты перадузятага стаўлення з боку ўдзельнікаў судовага працэсу.

Прымус да датэрміновага галасавання

Каардынатары кампаніі "За справядлівыя выбары" распавялі журналістам пра факты парушэнняў выбарчага заканадаўства пры датэрміновым галасаванні. Па словах старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна, улады вельмі актыўна выкарыстоўваюць адміністратыўны рэсурс.

Правабарончая кампанія мае звесткі, што кіраўнікі вышэйшых навучальных установаў, а таксама дэканы і іх намеснікі, напрыклад, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ) пагражалі студэнтам у выпадку адмаўлення прагаласаваць датэрмінова высяленнем з інтэрнатаў, праблемамі падчас сесіі і нават адлічэннем з ВНУ. "Апроч таго, у многіх ВНУ з пятніцы да аўторка студэнцкія інтэрнаты раптоўна зачыняюцца на прафілактычныя рамонты і санітарныя прафілактыкі, нiбыта студэнтам няма дзе жыць, яны вымушаныя з’язджаць і таму мусяць прагаласаваць датэрмінова", - падкрэсліў Сяргей Калякін.

Женщина ставит подпись в списке избирателей
Правабаронцы сведчаць пра пагрозы тым, хто адмаўляецца галасаваць датэрмiноваФото: Bymedia

На вытворчым аб’яднанні "Хімвалакно" кіраўніцтва гэтага прадпрыемства палохае працоўных тэрактамі, якія нібыта рыхтуе апазіцыя ў дзень асноўнага галасавання, і, каб застацца ў жывых ці не пацярпець у выніку такіх дзеянняў праціўнікаў улады, заклікае сваіх падначаленых прагаласаваць датэрмінова, паведаміў каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары".

Парушэнні заканадаўства

Як паведаміў Сяргей Калякін, насуперак дзейнаму заканадаўству, ахову скрыняў для датэрміновага галасавання ажыццяўляюць не старшыня і сябры выбарчых камісіяў, а супрацоўнікі міліцыі. Тым рэдкім сябрам участковых камісій, якія прадстаўляюць дэмакратычны лагер, адмаўляецца ў праве ставіць подпісы на бюлетэнях для галасавання.

Ужо маюцца прыклады і пазбаўлення акрэдытацыі незалежных назіральнікаў па надуманых і нават абсурдных прычынах: аднаго чалавека пазбавілі статуса назіральніка за тое, што той паставіў подпіс на паперы, якой заклеена скрыня для галасавання, а другога за тое, што меў у роце жуйку.

Зафіксаваныя таксама выпадкі істотных разыходжанняў паміж звесткамі незалежных назіральнікаў і ўчастковых камісіяў, што да колькасці прагаласаваўшых датэрмінова: на адным з участкаў незалежныя назіральнікі налічылі 77 чалавек, што прагаласавалі датэрмінова, а ўчастковая выбарчая камісія паведаміла пра 113 прагаласаваўшых.

Адміністратыўны рэсурс

Мобильный телефон
Беларускiя назiральнiкi засталiся без сувязiФото: picture-alliance / dpa / Themendienst

Намеснік старшыні Руху "За свабоду" Віктар Карняенка распавёў, што з першага дня сябры кампаніі "За справядлівыя выбары" не маюць магчымасці пасылаць і атрымліваць СМС-паведамленні. Калі прадстаўнікі кампаніі звярнуліся да аператара мабільнай сувязі, той адказаў, што не можа разблакаваць СМС-сувязь і не ведае, што насамрэч здарылася. Віктар Карняенка не сумняецца, што гэта – наўмысныя дзеянні ўладаў, каб спаралізаваць працу незалежных назіральнікаў.

Старшыня "Справядлівага свету" Сяргей Калякін адзначыў, што толькі сябры гэтай кампаніі накіравалі 47 скаргаў на парушэнні заканадаўства падчас датэрміновага галасавання. "Таму сакратар Цэнтрвыбаркаму Лазавік нахабна хлусіць, калі кажа ў дзяржаўных СМІ, што выбаркамы не атрымліваюць ніякіх скаргаў на парушэнні выбарчага заканадаўства", - рэзюмаваў Калякін.

Затрыманне за пікет

Чальцы выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева з Гродна Алег Калінкоў і Кірыл Семянчук зарганізавалі каля будынка Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта пікет супраць датэрміновага галасавання. Мужчыны трымалі ў руках плакат з надпісам "Студэнт, не хадзі на датэрміновае галасаванне!".

Праз трыццаць хвілінаў да пікетоўцаў пад’ехала машына з супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Алегу Калінкову і Кірылу Семенчуку прапанавалі праехаць у РАУС Ленінскага раёна абласнога цэнтра, дзе ў іх праверылі дакументы, перапісалі асабістыя дадзеныя. Пасля гэтага сябраў някляеўскага штабу адпусцілі.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня

Рэдактар: Вiкторыя Заранка

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме