1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

11 марта 2011 г.

Гарадзенская пракуратура папярэдзіла журналіста. Брэсцкія ўлады забаранілі дэманстрацыю салідарнасці. Міжнароднага назіральніка не ўпусцілі ў Беларусь. Маладафронтаўца адлічылі з універсітэта за Плошчу.

https://p.dw.com/p/10Xmt
Молоток и свод законов на столе судьи
Фото: Bilderbox

Пракуратура Гарадзенскай вобласці вынесла папярэджанне незалежнаму журналісту. Брэсцкія ўлады не далі дазволу на правядзенне акцыі салідарнасці з палітычнымі зняволенымі. Назіральніка Міжнароднай місіі не пусцілі на тэрыторыю Беларусі. Актывіста "Маладога фронту" адлічылі з універсітэта за ўдзел у акцыі 19 снежня 2010 году.

Папярэджанне журналісту

Гарадзенская абласная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне журналісту Анджэю Пачобуту за тое, што ён працуе на польскую "Газету выборчу". Пракурор Віктар Марозаў убачыў у працы Анджэя Пачобута парушэнне дзейнага беларускага заканадаўства, бо журналіст працуе на замежнае выданне без акрэдытацыі.

Справа ў тым, што ў свой час Міністэрства замежных справаў Беларусі пазбавіла карэспандэнта акрэдытацыі. "У адпаведнасці з артыкулам 35 закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ без акрэдытацыі забараняецца, аднак гэтае патрабаванне закона вамі не выконваецца", - гаворыцца ў папярэджанні Гарадзенскай абласной пракуратуры.

Па словах Анджэя Пачобута, ён працуе ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе кожнаму грамадзяніну права на пошук, збор і распаўсюд інфармацыі, таму не збіраецца спыняць сваю прафесійную дзейнасць.

Забарона на дэманстрацыю

Акция протеста оппозицции
Улады забараняюць правядзенне акцый пратэсту пад любой падставайФото: AP

Сябру незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі "Берасцейская вясна" Васілю Ваўранюку ўлады адмовілі ў праве правесці дэманстрацыю па вуліцы Пушкінскай ля цэнтральнага рынку Брэста. Гэтую адмову чыноўнікі абгрунтавалі тым, што масавыя мерапрыемствы забаронена праводзіць на адлегласці менш як 50 метраў ад будынкаў, дзе месцяцца органы дзяржаўнага кіравання. Па вуліцы ж Пушкінскай, 33 знаходзіцца Берасцейская медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія, адзначаецца ў адказе чыноўнікаў на адрас праваабаронцы.

Нагадайма, што раней, 26 лютага, Васіль Ваўранюк меркаваў правесці пікетаванне салідарнасці з палітзняволенымі ў выніку падзеяў 19 снежня мінулага году. Але ўлады адмовілі ў ладжанні акцыі з тае прычыны, што месцам правядзення масавых мерапрыемстваў, за выключэннем дэманстрацыяў і шэсцяў, вызначаны спартовы комплекс "Лакаматыў", пікетаванні ж у цэнтры гораду забараняюцца. Пасля гэтага Ваўранюк і падаў заяўку на правядзенне дэманстрацыі, але, у выніку, усё роўна атрымаў адмову.

Не ўпусцілі ў Беларусь

Максім Кіцюк, які з’яўляецца памочнікам прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, ўноч на 9 сакавіка не змог уехаць на тэрыторыю краіны. Яму было адмоўлена ў перасячэнні беларускае мяжы. Гэта адбылося на ўкраінска-беларускай граніцы ў цягніку "Кіеў – Мінск".

Супрацоўнікі Гомельскага памежнага атраду патлумачылі адмову тым, што Максіму Кіцюку забаронены ўезд у Беларусь, і назіральніка раніцою таго ж дня адправілі назад у Кіеў з пячаткай "дэпартаваны" на квітку.

Як адзначыла прадстаўніца місіі Вікторыя Громава, зараз узнікае пытанне, ці ўвогуле змогуць сябры Міжнароднай назіральнай місіі надалей працаваць у Беларусі пасля выпадку з Максімам Кіцюком. Сябры місіі, апроч іншага, сочаць за ходам судовых працэсаў над грамадзянамі, якіх абвінавачваюць у масавых беспарадках, што мелі месца ў Мінску 19 снежня мінулага году.

Адлічаны за палітыку

Студенты сдают письменный экзамен
"Завал" на іспытах ў вну - адзін з механізмаў ціску на палітычна актыўных студэнтаўФото: Bymedia

Актывіст зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Алесь Лукашоў адлічаны з другога курсу фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Фармальнай падставай для выключэння з вышэйшай навучальнай установы сталася няздача сесіі.

У паредвыбарчы час Алесь Лукашоў працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева. 19 снежня юнак накіроўваўся ў бок Кастрычніцкай плошчы Мінску разам з групай Някляева і быў сведкам збіцця экс-прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы невядомымі ў чорным рыштунку.

Пасля падзеяў ужо на плошчы Незалежнасці маладзёна некалькі разоў выклікалі ў міліцыю, бо ягоныя мабільныя тэлефоны былі запеленгаваныя ў месцы падзеяў вечарам 19 снежня. Прычым, другі раз у міліцыю маладафронтаўца выклікалі праз дэкана факультэта, на якім той навучаўся. Дэкан давёў студэнту, што за палітыку выключыць яго не можа, але будзе шукаць іншыя падставы. У выніку з пяці іспытаў падчас сесіі Алесь Лукашоў змог здаць толькі першыя тры, на апошніх двух яго папросту "завалілі".

Актывіст лічыць, што ягоны прыклад мусіў быць паказальным для астатніх студэнтаў, якія таксама прысутнічалі на Плошчы 19 снежня. Алесь Лукашоў ужо атрымаў запрашэнне працягнуць навучанне ў Польшчы па праграме Каліноўскага, але цяпер маладзён хоча змяніць спецыяльнасць і вучыцца на журналіста.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар
: Вікторыя Заранка

Пропустить раздел Еще по теме