1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

4 февраля 2011 г.

У справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 году з’явіліся новыя абвінавачаныя і падазраваны. Улады забаранілі пікет салідарнасці з палітзняволенымі. У кватэры прафсаюзнага актывіста адбыўся ператрус.

https://p.dw.com/p/10Am2
На столе лежит молоток - один из символов правосудия
Фото: Bilderbox

Новыя абвінавачаныя і яшчэ адзін падазраваны з’явіліся ў крымінальнай справе па факце масавых беспарадкаў, якія нібыта мелі месца ў беларускай сталіцы ўвечары 19 снежня 2010 году. Мінскі гарвыканкам забараніў пікет супраць парушэння правоў чалавека ў Беларусі і ў падтрымку палітвязняў. У кватэры актывіста Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў прайшоў ператрус.

Новыя абвінавачаныя

У справе аб масавых беспарадках, якія нібыта адбыліся ў беларускай сталіцы пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня мінулага году, узніклі новыя фігуранты. Так, абвінавачанне паводле часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (КК) Беларусі (актыўны ўдзел у масавых беспарадках) выстаўлена намесніку старшыні зарэгістраванай ў Чэхіі міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Алесю Кіркевічу. Пакаранне па названым артыкуле прадугледжвае ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

У Гродна, дзе пражывае Алесь Кіркевіч, ужо пачаўся збор сродкаў для новага палітзняволенага. Трэба дадаць, што маладафронтавец ужо адбыў дзесяцісуткавы адміністратыўны арышт за тое, што ўзяў удзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі, якая прайшла ў Мінску каля ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна.

Люди читают вывешенные на стене списки находящихся в изоляторе
Алесь Кіркевіч ужо адбываў адміністратыўны арышт за удзел у акцыі салідарнасці з палітвязняміФото: Bymedia

Абвінавачанне па гэтай жа справе прад’яўлена і студэнту трэцяга курсу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (БДЭУ) Фёдару Мірзаянаву, які стаўся трыццаць восьмым фігурантам гэтае справы, калі не лічыць падазраваных. На 26 студзеня Мірзаянава выклікалі ў Камітэт дзяржбяспекі (КДБ) як сведку па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, але днём раней да яго прыехалі супрацоўнікі КДБ і забралі на допыт у следчае ўпраўленне Камітэта, што на сталічнай вуліцы Сапёраў.

У выніку маладзёна ўзялі пад варту на трое сутак і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. 1 лютага Фёдару Мірзаянаву выставілі абвінавачанне паводле часткі 1 артыкула 293 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у масавых беспарадках). Нагадайма, што студэнт БДЭУ ужо адбыў патнаццацісуткавы адміністратыўны арышт за удзел у акцыі 19 снежня ў ізалятары горада Жодзіна (Мінская вобласць).

Яшчэ адзін падазраваны

Новым падазраваным у справе аб так званых масавых беспарадках 19 снежня 2010 году названы жыхар Мінска Дзяніс Шыдлоўскі, які 2 лютага быў затрыманы на трое сутак. Ён ужо адбыў дзесяцісуткавае адміністратыўнае пакаранне за ўдзел у згаданай акцыі пратэсту ў беларускай сталіцы. Шыдлоўскага падазраюць у парушэнні часткаў 1 і 2 артыкула 293 КК.

Такім чынам, колькасць падазраваных па дадзенай крымінальнай справе павялічылася да шаснаццаці чалавек, абвінавачаных – да трыццаці васьмі.

Ператрус у прафсаюзніка

Милиция задерживает участника акции протеста 19 снежня
Пераструс ў кватэры Уладзіміра Лазоўскага адбываўся ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежняФото: AP

Трое супрацоўнікаў КДБ 2 лютага правялі ператрус у кватэры тэхнічнага інспектара Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Уладзіміра Лазоўскага. Вобшук доўжыўся каля гадзіны. У выніку, па словах Лазоўскага, былі адабраныя тры старыя дыскі з песнямі і старымі кампутарнымі праграмамі. Ніякай тэхнікі дома ў інспектара БКДП не было.

Пераструс адбываўся ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 году. Як паведаміў Уладзімір Лазоўскі, супрацоўнікі КДБ, апроч іншага, цікавіліся дзейнасцю незалежных прафзвязаў.

Забаранілі пікет

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт забараніў Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" правесці 5 лютага на плошчы Бангалор у сталіцы Беларусі пікету супраць парушэння ў краіне правоў і свабодаў грамадзянаў. Адпаведная заяўка своечасова была пададзена гарадскім уладам. Патэнцыйныя пікетоўцы таксама збіраліся выказаць салідарнасць і запатрабаваць вызвалення палітычных вязняў.

Намеснік старшыні "Справядлівага свету" Валеры Ухналёў называе рашэнне Мінгарвыканкаму "поўным бязмежжам" і "забаронай на партыйную дзейнасць". Па словах Ухналёва, праз забарону нават не мітынгу, але проста пікета на традыцыйна дазволеным выканкамам месцы ўлады "працягваюць кампанію, распачатую 19 снежня".

Дарэчы, плошча Бангалор, якую ў народзе празвалі пляцоўкай для выгула сабак, была фактычна адзіным месцам, дзе сталічныя ўлады практычна заўсёды дазвялялі правядзенне апазіцыйных мерапрыемстваў, бо яна знаходзіцца ў паркавым масіве - не самым людным месцы.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Вікторыя Заранка

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме