1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

21 января 2011 г.

Адвакатаў не пускаюць да Някляева. У Беларусі працягваюцца затрыманні і допыты актывістаў і ператрусы ў іх кватэрах і офісах. Паслы краінаў Еўразвязу праігнаравалі інаугурацыю Лукашэнкі з-за парушэнняў правоў чалавека.

https://p.dw.com/p/100dV
На столе лежит молоток судьи - один из символов правосудия, а также книга
Фото: Bilderbox

Адвакаты экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева ад 29 снежня не могуць сустрэцца са сваім падабаронным. Па ўсёй краіне працягваюцца затрыманні актывістаў дэмакратычнага руху, суды, допыты і ператрусы ў кватэрах і офісах. Абмасадары краінаў Еўразвязу і прадстаўнік Еўракамісіі ў Беларусі на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, пераследу апазіцыі і парушэнняў правоў гарадзянаў у дзень інаугурацыі Аляксандра Лукашэнкі скіраваліся ў сталіцу Літвы.

Адвакатаў не пускаюць да палітвязня

Владимир Некляев
Арыштаваны Уладзімір Някляеў не можа пабачыць адвакатаФото: DW

Адвакат Тамара Сідарэнка ўжо больш за тры тыдні не можа патрапіць да свайго падабароннага экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, лідэра грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміра Някляева, які знаходзіцца ў следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ). Абаронца не можа ўбачыць Някляева ад 29 снежня мінулага году, менавіта ранкам таго дня вязень перажыў гіпертанічны крыз.

Адвакаты Някляева і іншых палітвязняў дасылаюць звароты, скаргі, хадайніцтвы, але атрымліваюць фармальныя адпіскі. Па сцвярджэннях праваабаронцаў, такімі дзеяннямі і нядопускам адвакатаў да падследных улады груба парушаюць права грамадзянаў на абарону.

Допыты актывістаў

Раніцой у пятніцу 21 студзеня з уласнай кватэры супрацоўнікі міліцыі забралі на допыт кіраўніка незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча. Яго дапытваюць як сведку па крымінальнай справе, узбуджанай па факце падзеяў, што мелі месца ў сталіцы Беларусі ўвечары 19 снежня 2010 году. Допыт адбываўся ў следчым упраўленні папярэдняга расследавання Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкама.

Раней, 14 студзеня, у офісе прафсаюза РЭП адбыўся ператрус, у выніку якога былі адабраныя дакументы, кампутары і носьбіты інфармацыі. 21 студзеня чарговым разам на допыт у КДБ выклікалі намесніцу старшыні прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк, якой нават не паведамілі, у якасці каго яе дапытваюць.

Ператрус у кватэры актывістаў БХД

Раніцой 21 студзеня ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) супрацоўнікі КДБ уламіліся ў кватэру актывістаў партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Таццяны і Віктара Малашчанкаў. Ператрус ажыццяўлялі супрацоўнікі Упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці.

Таццяна Малашчанка думала, што вобшук звязаны з тым фактам, што яна была даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віталя Рымашэўскага – сустаршыні БХД. Аднак высветлілася, што ператрус вядзецца з тае прычыны, што Віктар Малашчанка, паводле дадзеных КДБ, 19 снежня 2010 году знаходзіўся на Плошчы ў Мінску.

Варта адзначыць, што толькі сем дзён таму Таццяна Малашчанка нарадзіла дзіця, так што ператрус адбываўся ў прысутнасці ў кватэры немаўляці.

Адбіткі пальцаў з нябожчыка

Виталий Тарас
Журналіст і пісьменнік Віталь ТарасФото: DW/Kesner

18 студзеня ў выніку цяжкой хваробы пайшоў з жыцця вядомы беларускі журналіст, публіцыст, пісьменнік Віталь Тарас, якому было 54 гады. Зафіксаваць негвалтоўны характар смерці чалавека апроч медыкаў мусіў і супрацоўнік міліцыі, які разам з медыкамі прыбыў у кватэру памерлага.

Якімі былі жах і абурэнне ўдавы і сына нябожчыка, калі малодшы лейтенант пачаў здымаць адбіткі пальцаў з памерлага. На пратэст родзічаў Віталя Тараса было заяўлена, што той яшчэ летам мінулага году адмовіўся дабраахвотна здаваць адбіткі пальцаў, таму цяпер міліцыянт сам мушаны іх зняць.

Паводзіны супрацоўніка міліцыі выклікалі хвалю абурэння ў беларускім грамадстве, у тым ліку і сярод юрыстаў. Дарэчы, паводзіны міліцыянта асудзіў нават прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

Амбасадары ЕС праігнаравалі інаугурацыю

Паслы краінаў Еўразвязу, акрэдытаваныя ў Беларусі, а таксама павераны ў справах Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі не ўзялі ўдзел у інаугурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая прайшла ў Мінску 21 студзеня. Замест гэтага дыпламаты скіраваліся ў сталіцу Літвы. Па словах Майі Качыянчыч, прэс-сакратара вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу па міжнародных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўрапейскія амбасадары адмовіліся ўдзельнічаць у інаугурацыі Лукашэнкі на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіяў у дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Паслы і прадстаўнік Еўракамісіі абмяркуюць з кіраўніцтвам Міністэрства замежных справаў Літвы сітуацыю ў Беларусі, а таксама праграму старшынявання Літвы ў АБСЕ. Не прысутнічаў на інаугурацыі і кіраўнік амбасады ЗША ў Беларусі – часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, які 21 студзеня знаходзіўся ў Гродна.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Вікторыя Заранка

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме