1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзeяў тыдня

3 декабря 2010 г.

Пракуратура не будзе ўзбуджаць крымінальную справу па факту смерці журналіста, за сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты пагражаюць звальненнямі, маладафронтаўца аштрафавалі за расклейванне абвестак.

https://p.dw.com/p/QOwP
Символ правосудия - молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Крымінальная справа па факту гібелі журналіста Алега Бябеніна заводіцца не будзе, у Шклове ўлады пагражаюць звальненнямі за ўдзел у сустрэчы з апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, у Бабруйску расклейванне ўлётак на дошках для абвестак палічылі адміністратыўным правапарушэннем.

Справы не будзе

Мінская абласная пракуратура адмовілася ўзбудзіць крымінальную справу па факту смерці журналіста Алега Бябеніна, знойдзенага ў пятлі на ўласным лецішчы непадалёк ад Мінска 3 верасня бягучага году. Паводле паведамленняў пракуратуры, праверка па факце гібелі Бябеніна і ўсе належныя экспертызы завершаны, згодна з высновамі, журналіст засіліўся сам. Паводле вынікаў экспертызы, нябожчык на момант смерці знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення.

Дзеля праверкі абставінаў гібелі журналіста былі запрошаны эксперты АБСЕ, якія азнаёміліся з ужо падрыхтаванымі і перакладзенымі на англійскую мову высновамі беларускіх следчых органаў і экспертаў. У заключэнні спецыялістаў з АБСЕ адзначаецца, што вынікі ўскрыцця і рэчавыя доказы, сабраныя на месцы здарэння, "ясна сведчаць пра тое, што прычынаю смерці стала самагубства праз павешанне".

На похоронах журналиста Олега Бебенина
Пракуратура адмовілася расследаваць абставiны смерці журналіста Алега БябенинаФото: DW

Многія сябры і калегі Алега Бябеніна дагэтуль не вераць у тое, што журналіст мог засіліцца сам. Па словах кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, у выбарчым штабе якога мусіў працаваць Бябенін, пры дзейнай беларускай уладзе чакаць аб’ектыўнага расследавання гібелі журналіста не выпадае. На думку палітыка, беларускія ўлады пераўтварылі смерць Бябеніна ў палітычную гульню з Еўропай, а экспертаў АБСЕ, якія прыязджалі дзеля ацэнкі расследавання, яны проста выкарысталі.

Саннікаў лічыць, што ні следства, ні эксперты АБСЕ не развеялі сумненняў у тым, што Бябенін быў забіты. Палітык заявіў таксама, што мае намер асабіста займацца расследваннем гібелі журналіста.

Пагрозы за сустрэчу з кандыдатам

У Шклове ў Магілёўскай вобласці мясцовым жахырам за сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Уладзімірам Някляевым пагражалі звальненнямі. Пра гэта кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" паведаміў кандыдат эканамічных навук, жыхар вёскі Дабрэйка Шклоўскага раёна Пётр Мігурскі.

Паводле яго словаў, 1 снежня ў гарадскі дом культуры на сустрэчу з кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду паэтам Уладзімірам Някляевым прыйшлі 60 чалавек. Як сцвярджае спадар Мігурскі, людзей магло б быць значна больш, але месцічаў папросту запалохалі. Па словах Мігурскага, жыхары Шклова распавядалі, што няпярэдадні сустрэчы з Някляевым кіраўнікі прадпрыемстваў папярэджвалі працаўнікоў, што заўважаныя на гэтай сустрэчы "адразу могуць рыхтавацца да звальнення".

Назіральнік пры Шклоўскай раённай камісіі Міхаіл Кучарэнка не змог абвергнуць альбо пацвердзіць інфармацыю Пятра Мігурскага, але чуў, што ў шэрагу арганізацыяў людзям прапаноўвалі не прыходзіць на сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Уладзімірам Някляевым.

На сустрэчу - пад прымусам

Женщина читает агитационный плакат
Улады прымушаюць выбаршчыкаў наведваць агiтацыйныя сходы за ЛукашэнкуФото: Bymedia

Па словах Міхаіла Кучарэнкі, 1 снежня ў Доме культуры ў Шклове адбылася сустрэча з тамтэйшымі выбаршчыкамі даверанай асобы Аляксандра Лукашэнкі, рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Вячаслава Шаршунова.

Міхаіл Кучарэнка сцвярджае, што многія мясцовыя арганізацыі і ўстановы атрымалі разнарадку з райвыканкама, згодна з якой ад кожнай арганізацыі на сустрэчы мусілі быць не менш як 20 чалавек. Назіральнiк лічыць, што мясцовыя ўлады дабіліся адваротнага эфекту, таму што многія з тых, хто прысутнічаў на сустрэчы пад прымусам, зараз кажуць, што лепш будуць галасаваць за аднаго з альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзидэнты.

Штраф за абвесткі

Адміністратыўная камісія Маскоўскага раёна Мінска прысудзіла актывісту зарэгістраванага ў Чэхіі Міжнароднага моладзевага аб’яднання "Малады фронт" Эдуарду Лобаву штраф у памеры 105 тысяч беларускіх рублёў - каля 27 еўра - за распаўсюд абвестак на інфармацыйных стэндах у горадзе Бабруйску.

Як адзначаецца ў пастанове адміністратыўнай камісіі, Эдуард Лобаў парушыў правілы добраўпарадкавання тэрыторыі, што падпадае пад частку 2 артыкула 21.14 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях.

Сам моладзевы актывіст называе пастанову адміністратыўнае камісіі "глупствам", паколькі інфармацыйныя шчыты каля пад’ездаў і прадугледжаны менавіта для размяшчэння інфармацыйных абвестак, таму маладафронтавец збірецца абскардзіць гэтае рашэнне ў адміністрацыі Маскоўскага раёна беларускай сталіцы.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме