1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека: беларускія рэаліі

31 июля 2009 г.

У Лідзе за падтрымку палітвязня затрыманы маладафронтавец, пракуратура папярэдзіла незалежнага журналіста, улады забаранілі пікет на абарону жывёл і адмовілі ў рэгістрацыі культурніцкага грамадскага аб’яднання.

https://p.dw.com/p/J0wB
Митинг протеста в Минске
Фото: AP

За акцыі ў падтрымку палітвязня Арцёма Дубскага ў Лідзе двойчы затрымлівалі моладзевага актывіста, папярэджанне ад пракуратуры атрымаў галоўны рэдактар незалежнага часопіса, Мінгарвыканкам чарговым разам забараніў пікет на абарону жывёл, а гродзенскія чыноўнікі адмовілі ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання "Спадчына".

Затрыманне за салідарнасць

У Лідзе позна ўвечары 29 ліпеня быў затрыманы моладзевы актывіст, які ладзіў міні-акцыю на падтрымку палітвязня Арцёма Дубскага. Вадзім Бароўскі расклейваў улёткі з інфармацыяй пра зняволенага актывіста "Маладога фронту".

Яго адвялі ў пастарунак, дзе маладзён даў тлумачэнні, пасля чаго больш як праз гадзіну юнака адпусцілі. Цягам бягучага тыдня гэта быў ужо другі прывод Вадзіма ў міліцыю. 27 ліпеня Бароўскага таксама затрымалі за расклейванне ўлётак разам з яшчэ адным маладафронтаўцам.

Затрыманне моладзевага актывіста. Фота з архіву
Затрыманне моладзевага актывіста. Фота з архівуФото: AP

Забаранілі пікеты

Мінскі гарвыканкам ужо другім разам забараніў пікеты на абарону бяздомных жывёл, якія арганізатары меркавалі правесці 31 ліпеня і 1 жніўня каля сталічнага пункту адлову і часовага ўтрымання жывёл "Фауна горада" па вуліцы Гурскага, 42. Па словах заяўніка пікета, абаронцы жывёл Вадзіма Александровіча, заяўка на правядзенне акцыі была пададзена яшчэ 9 ліпеня. Мэтай пікетавання было звярнуць увагу на праблему бяздомных жывёл у Беларусі і на сітуацыю, якая склалася ў "Фауне горада".

Як сцвярджаюць актывісты, штогод у Беларусі адлоўліваецца і знішчаецца каля 70 тысяч жывёл, у тым ліку ад 3 да 5 тысяч толькі ў Мінску. Пад час пікету яго ўдзельнікі збіраліся заявіць пра неабходнасць прыняцця закона аб абароне жывёл ад жорсткага абыходжання. Пікет забаронены з-за таго, што акцыя нібыта будзе "ствараць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху" у раёне вуліц Гурскага і Русановіча, 2-га Прылуцкага завулку. Варта адзначыць, што падставаю забароны першых пікетаў на абарону бяздомных жывёл, якія мусілі адбыцца 10-11 ліпеня, чыноўнікі назвалі неадпаведнасць заяўкі Закону "Аб масавых мерапрыемствах".

Абаронцы жывёл маюць намер падаць скаргу ў суд на рашэнне чыноўнікаў Мінгарвыканкаму, якое парушае іх права на свабоду мірных сходаў. Калі актывісты не знойдуць паразумення ў беларускіх судах, яны сярнуюць звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Hund hinter einem Zaun
Мінскі гарвыканкам забараніў пікеты на абарону бяздомных жывёлФото: AP

Адмова ў рэгістрацыі

Гродзенскі абласны суд узбудзіў грамадзянскую справу па скарзе актывістаў дэмакратычнага руху з Бярозаўкі на адмову Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкаму ў рэгістрацыі Грамадскага культурна-асветніцкага аб’яднання "Спадчына". Упраўленне юстыцыі абгрунтавала адмову тым, што пададзеныя на рэгістрацыю дакуманты не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. У сваю чаргу, старшыня "Спадчыны" Сяргей Трафімчык лічыць падставы, па якіх адмоўлена ў рэгістрацыі, надуманымі і звязвае нежаданне ўладаў рэгістраваць няўрадавую арганізацыю з палітыкай дзяржавы, накіраваную на негатыўнае стаўленне да праяваў адраджэння беларускасці. З яго меркавання, улады не маюць вялікага жадання адраджаць беларускасць.

"Я гэта звязваю ў першую чаргу з тым, што людзі, якія вызнаюць сябе беларусамі, больш імкнуцца да незалежнасці і досьць крытычна ставяцца да існуючай улады", - падкрэсліў Сяргей Трафімчык. У выпадку адмоўнага рашэння першаснай судовай інстанцыі актывісты "Спадчыны" маюць намер звярнуцца са скаргай у Вярхоўны суд Беларусі.

Як адзначае сябра Рады Праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзімір Лабковіч, беларускія ўлады баяцца любой грамадзянскай актыўнасці. Па словах юрыста, нават непалітычныя грамадскія акцыі, як то пікет на абарону жывёл ці рэгістрацыя культурніцкага асветніцкага рэгіянальнага грамадскага аб’яднання, выклікаюць у дзяржавы страх, бо ўся сістэма скіравана на тое, каб не дапускаць нават развіцця такіх непалітычных грамадскіх ініцыятыў. Ёсць боязь, што як толькі развіваецца грамадская актыўнасць, людзі пачынаюць думаць і рана ці позна прыходзяць да ўсведамлення неабходнасці палітычных зменаў, лічыць правабаронца. "Гэты страх і змушае ўлады прымаць такія абсурдныя неадэкватныя рашэнні", - падкрэсліў Уладзімір Лабковіч.

Старшыня не прызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс
Старшыня не прызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка БорысФото: Tatjyana Marchuk

Папярэджанне журналісту

Пракуратура Гродзенскай вобласці вынесла афіцыйнае папярэджанне галоўнаму рэдактару незалежнага часопіса "Magazyn Polski na uchodzstwie" ("Магазын польскі ў выгнанні") Ігару Банцэру. Па словах журналіста, падставай для вынясення яму папярэджання стала яго прафесійная дзейнасць і той факт, што часопіс не прызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс не ўтрымлівае выходных дадзеных, якія патрабуе беларускае заканадаўства.

Ігар Банцэр адзначыў, што ўжо пяць гадоў "Магазын польскі" выдаецца ў такім фармаце, і толькі ўпершыню папярэдзілі галоўнага рэдактара за нібыта неадпаведнасць выдання Закону аб друку.

Журналіст адназначна разглядаю паўсталую сітуацыю ў кантэксце зместу травеньскага нумара. Напрыканцы чэрвеня супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі прыкладна 70 асобнікаў часопіса "Магазын польскі", на вокладцы якога быў змешчаны калаж з выявай прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў вобразе расійскага цара Аляксандра ІІІ. Акрамя гэтага, у азначаным нумары часопіса быў надрукаваны крытычны артыкул Анджэя Пісальніка аб магчымай пераемнасці ўлады на Беларусі Коля павінен стаць прэзідэнтам.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще