Праваабаронцы: гэта што, выбары?
1 сентября 2008 г.Падсумоўваючы вынікі чарговага этапу выбарчай кампаніі – рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) Гары Паганяйла адзначыў, што гэты этап праходзіў у вельмі скаладанай палітычнай абстаноўцы.
Запалохванні і праверкі
Паводле юрыста, улады на месцах, верагодна, не чулі заклікаў кіраўніцтва краіны і пажаданняў вышэйшых службовых асобаў, што выбары павінны прайсці адкрыта, празрыста і справядліва. Да вывучэння пададзеных звестак кандыдатамі, як і раней, былі прыцягнутыя праваахоўныя і падаткавыя органы, але асабліва жорстка праходзіла вывучэнне сапраўднасці подпісаў грамадзян.
"Праходзіла гэта часам вельмі некарэктна, выходзілі наўпрост да людзей, якія паставілі свае подпісы, і патрабавалі ад іх расповяду пра тое, пры якіх абставінах збіраліся подпісы: ці вамі пастаўленая тая ці іншая дата, ці адпавядаеі гэты подпіс вашаму подпісу, - паведаміў Гары Паганяйла. – Канешне, многія людзі пры такіх падыходах губляліся, не ведалі, як сябе паводзіць, што адказваць, і нярэдка яны ў часе такіх вось праверак разумелі, што не выключаныя нейкія пагрозы для іх, якія хаваюцца ў падобных праверках".
Паводле словаў праваабаронцы, "некаторыя казалі, што іх запалохвалі тым, што яны могуць страціць працу, патрабавалі патлумачыць, чаму яны паставілі подпісы за вядомых апазіцыйных дзеячоў, і гэта ўсё, натуральна, не адпавядала патрабаванням Выбарчага кодэкса і тым устаноўкам, якія былі прадэклараваныя як перад выбарчай кампаніяй, гэтак і падчас яе".
Адміністратыўны рэсурс
Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак адзначыў, што праваабаронцы фіксавалі выпадкі выкарыстання асобнымі цяпер ужо кандыдатамі ў дэпутаты адміністратыўнага рэсурсу ў часе збору подпісаў: "Такія планы, па нашых звестках, даводзіліся да некаторых школ. На сённяшні дзень мы таксама правяраем некалькі звестак, што насамрэч сходы працоўных калектываў не праводзіліся, але паперы былі аформленыя і пададзеныя ў выбаркамы".
Алег Гулак таксама адзначыў, што лакальныя дзяржаўныя СМІ вялі датэрміновую агітацыю за прэтэндэнтаў ад улады, што парушае выбарчае заканадаўства. У той жа час працягваўся ўціск на сяброў ініцыятыўных груп дэмакратычных прэтэнтаў на кандыдата. Фармальна гэта не было звязана з выбарчай кампаніяй, але менавіта актывістаў найчасцей выклікалі ў праваахоўныя органы ў звязку з высвятленнем іх прыналежнасці да мінскага выбуху ў ноч на 4-га ліпеня. Наяўнасць страху ў грамадстве, на думку кіраўніка БХК, таксама не спрыяе правядзенню выбарчай кампаніі найлепшым чынам.
Кампанія можа сарвацца?
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі падксрэсліў, што "дзякуючы" высілкам мясцовых уладаў, у некаторых выбарчых акругах у бюлетэні для галасавання будзе ўнесена толькі адно прозвішча: "На сённяшні дзень ужо 12 акругаў безальтэрнатыўныя. Гарадзенская вобласць, самая маленькая вобласць у краіне, вызначылася: 5 безальтэрнатыўных акругаў. Гэта што, выбары?"
Алесь Бялякі, вяртаючыся да праблемы фармавання ўчастковых выбарчых камісіяў, у склад якіх у выніку трапілі толькі чатыры сотыя працэнта апазіцыянераў, падкрэсліў, што менавіта мінімальнае ўключэнне ў іх склад прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў паслужыла таму, што гомельская абласная кааліцыя АДС прыняла рашэнне зняць усіх сваіх кандыдатаў за некалькі дзён да выбараў, і такое ж рашэнне ў суботу прыняў Сойм Партыі БНФ.
"Пры зняцці фронтаўскіх кандыдатаў колькасць безальтэрнатыўных акругаў рэзка павялічыцца, і я думаю, будуць усе падставы гаварыць пра тое, што менавіта выбарчыя камісіі, сфармаваныя такім адміністратыўным чынам, сталіся віноўнікамі зрыву гэтай выбарчай парламенцкай кампаніі", - заявіў праваабаронца.