1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Пачаўся чарговы крымінальны працэс над актывістамі дэмсілаў

Генадзь Канстанцінаў16 апреля 2008 г.

16 красавіка пачаўся крымінальны працэс над актывістамі дэмсілаў, звінавачанымі ў масавых беспарадках падчас вулічнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Маладзёны не прызналі віну, некаторыя адмовіліся ад дачы паказанняў.

https://p.dw.com/p/Dj5Y
Акцію ў падтрымку прадпрымальнікаў 21 студзеня 2008 годаФото: AP

Ад самага ранку непадалёк будынку суда Цэнтральнага раёну Мінска размесціліся аўтазак і некалькі аўтобусаў са спецназаўцамі. У сам будынак змаглі патрапіць толькі каля паўсотні чалавек, яшчэ столькі ж засталіся на вуліцы. Саміх падсудных напачатку міліцыянты таксама не пускалі ў будынак суда, бо на іх былі майкі з цытатай артыкула 35 Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе грамадзянам права на свабоду сходаў.

Актывіста арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэя Кіма, якога абвінавачваюць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – за масавыя беспарадкі і за пагрозу ці ўчыненне гвалту да супрацоўніка міліцыі – прывезлі ў суд у міліцэйскім “варанку” са следчага ізалятару, дзе юнак знаходзіцца ўжо амаль тры месяцы.

Схапілі і вывелі ў кайданках

Адзін за фігурантаў крымінальнае справы, маладафронтавец Уладзімір Сяргееў распавёў, што калі праводзіліся затрыманні 10 студзеня, ім удалося вырвацца, але ўжо 16 студзеня яго затрымалі адмыслова. “Спецыяльна прыйшлі на маё прадпрыемства, схапілі, вывелі ў кайданках за прахадную і потым аформілі пратакол, што я ўдзельнічаў у мітынгу 10 студзеня. Я адсядзеў сваё 15 сутак і толькі пасля гэтага даведаўся, што па тых жа фактах заведзеная яшчэ і крымінальная справа, апроч адміністрацыйнай, па якой я ўжо панёс пакаранне”.

Па словах Уладзіміра Сяргеева, на акцію ў падтрымку прадпрымальнікаў ен пайшоў “як грамадзянін сваёй краіны, якому неабыякавыя працэсы, якія адбываюцца, я сам да прадпрымальніцкага руху маю ўскоснае дачыненне, то бок, мая маці калісці была прадпрымальніцай, таксама змагалася, потым ёй прыйшлося сысці. І мае многія сваякі таксама з’яўляюцца прадпрымальнікамі, ім таксама цяжка, вось падтрымаць іх я, напэўна, і прыйшоў”.

Аналагічнымі матывамі кіравалася і адзіная дзяўчына, якая праходзіць абвінавачанай па гэтай справе, Таццяна Цішкевіч. “Па-першае, я вельмі салідарная з прадпрымальнікамі, па-другое, гэты ўказ тычыцца і мяне, і ўсіх астатніх людзей як спажыўцоў. Падымаюцца кошты, мы плацім больш, і гэта мне не падабаецца, як і прадпрымальнікам”.

Актывістка “Маладога Фронту” з Нясвіжу Наста Азарка, якая сама шматкроць прадставала перад судамі за актыўную дзейнасць, прыехала ў сталіцу з парыву салідарнасці з падсуднымі: “Я сёння прыйшла на гэты працэс, таму што судзяць маіх сяброў, паплечнікаў, я іх падтрымліваю, таму што гэты суд самы ганебны, самы няправільны. Ясны факт, што правы прадпрымальнікаў, гэтых хлопцаў і ўсіх беларусаў зараз папраныя. Трэба падтрымліваць тых, хто не баіцца гучна сказаць сваё слова”.

Моладзь не запалохаць

Апроч маладых актывістаў, патрымаць абвінавачаных у суд прыйшлі і вядомыя ў краіне асобы. “Улада спрабуе запалохаць людзей, спрабуе рабіць ужо масавыя працэсы, я думаю, што гэта ўжо тэст для ўлады, - адзначае лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. – Палохаць – гэта адно, але асуджаць людзей па палітычных матывах нельга”.

Як падксрэслівае сустаршыня аргкамітэту партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павал Севярынец, “працэс беспрэцэдэнтны – людзі выйшлі абараніць свае правы, за гэта іх судзяць па артыкуле, які прадугледжвае суворае пакаранне. Судзяць паказальна, каб іншым не павадна было выходзіць на вуліцу. Але беларускую моладзь такімі працэсамі не запалохаць”.

На думку юрыста, былога следчага пракуратуры Алега Волчака, цяперашнія падсудныя могуць быць скарыстаныя ўладамі для далейшага гандлю ў перамовах з Захадам: “Я лічу, што гэтая справа будзе потым выкарыстоўвацца ў перамоўным працэсе з Еўразвязам – мы вызваляем, а вы нам робіце нейкія паслабленні, вось і ўсё. Гэта не крымінальны, а чыста палітычны працэс”.

Трымаюцца годна

Суддзя Алена Ільіна, якая вядзе працэс, адразу ж адхіліла хадайніцтва некаторых падсудных аб магчымасці карыстацца перакладчыкам на беларускую мову. Яна прыслухалася да довада дзяржаўнага абвінаваўцы, намесніка пракурора Цэнтральнага раёна Мінску Рамашэўскага, які заявіў, што паколькі адзін з заяўнікаў хадайніцтва Міхаіл Пашкевіч нарадзіўся ў Комі АССР былога Савецкага Саюза, то ён мусіць дасканала ведаць рускую мову.

Пасля зачытання абвінавачання ўсе падсудныя не прызналі сваю віну, а некаторыя адмовіліся даваць паказанні. Як адзначыла ў перапынку судовага паседжання юрыст Алена Танкачова, “маладзёны выбітна вытрымліваюць прыстойную пазіцыю, нехта з іх адмаўляецца ад дачы паказанняў, катыстаючыся сваім канстытуцыйным правам, бо не лічыць патрэбным удзельчаць у тым, што бачыцца ім як фарс. А тыя, хто бярэ на сябе адказнасць і дае паказанні, следуюць, на мой погляд, абсалютна дакладнаму разуменню еўрапейскіх і міжнародных стандартаў адносна свабоды асацыяцыяў”.

Працэс зацягнецца яшчэ на некалькі дзён, бо адных толькі сведкаў-міліцыянтаў вылікана амаль два дзесяткі. З боку абароны сведкамі заяўленыя старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і праваабаронца Ігар Леднік.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще