1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Пакаральныя акцыі ўладаў

22 января 2009 г.

На мінулым тыдні ў Беларусі мелі месца факты ўмяшальніцтва спецслужб у прызыўную кампанію, калі сілавікі гвалтоўна дастаўлялі ў ваенкаматы і ў вайсковыя шпіталі моладзевых актывістаў.

https://p.dw.com/p/GeIU
У войска пад прымусам?Фото: BilderBox

На мінулым тыдні ў Беларусі мелі месца факты ўмяшальніцтва спецслужб у прызыўную кампанію, калі сілавікі з выкарыстаннем сілы дастаўлялі ў ваенкаматы і ў вайсковыя шпіталі моладзевых актывістаў, якім па стане здароўя былі прадастаўлены адтэрміноўкі ад службы. Мелі месца і іншыя парушэнні правоў грамадзян.

Суд горада Клецка пастанавіў аштрафаваць сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Сяргея Панамарова на 30 базавых велічынь - больш за 300 еўра. Нагодай для штрафа стала арганізаванае Панамаровым яшчэ 7 лістапада мінулага году мерапрыемства, правядзенне якога ён не ўзгадняў з уладамі.

Гэта была сустрэча кіраўнікоў Рэспубліканскага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры з грамадскасцю Клецка. Між тым, як кажуць арганізатары, напярэдадні сустрэчы Клецкі райвыканкам сцвярджаў, што адмысловага ўзгаднення з рэгіянальнай выканаўчай уладай мерапрыемства не патрабуе.

"За антыдзяржаўную дзейнасць"

У маці актывіста "Маладога фронту" Арцёма Дубскага, асуджанага па гучнай "Справе 14-ці" да абмежавання волі без накіравання ў спецыяльную ўстанову, забралі прыёмных дзяцей.

Два гады таму Алена Дубская ўзяла на выхаванне з дзіцячага дому трохгадовых хлопчыка і дзяўчынку. Згодна з законам, штогод жанчына мусіць падаўжаць кантракт на іх выхаванне. У гэтым годзе маці Арцёма Дубскага адмовілі ў падаўжэнні кантракту на падставе таго, што яе родны сын быў асуджаны і быццам бы "ажыццяўляў і працягвае ажыццяўляць "антыдзяржаўную дзейнасць". Некалькі дзён назад дзяцей у Алены Дубскай забралі ў дзіцячы дом.

Актывіст? Шыбуй у войска…

Актывіста Руху "За свабоду" Ігара Салаўя прызвалі ў войска, хоць у юнака была адтэрміноўка ад службы ў сувязі з хваробай сэрца. Юнак лічыць, што такім чынам яго пакаралі за тое, што ён адмовіўся супрацоўнічаць з спецслужбамі. 20 студзеня прызыўнік Салавей быў накіраваны на службу ў зенітна-ракетную частку пад Івацэвічамі. Камандаванне часткі спрабавала адмовіцца ад "праблемнага" прызыўніка, аднак ваенны камісар Пінску настаяў на прызыве.

Аналагічныя праблемы зведвае лідэр Моладзі БНФ Франак Вячорка, якога нядаўна з выкарыстаннем гвалту супрацоўнікі спецслужбаў даставілі ў ваенкамат са шпіталя, дзе той праходзіў абследаванне. Маладзёну ўручылі позву на 26 студзеня. У сувязі з гэтым, беларусы, што пражываюць у ЗША, накіравалі зварот на імя кангрэсмена Элсі Гастынгса, які з’яўляецца старшынём Хельсінскай камісіі Кангрэсу ЗША з просьбай узняць праблемы гвалтоўнага прызыву ў войска Франака Вячоркі і іншых моладзевых актывістаў Беларусі.

Як адзначыў юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч, ужо вымалёўваецца сістэма, калі прызыў грамадска-палітычных моладзевых актывістаў фактычна арганізуецца спецслужбамі. Таксама, па словах праваабаронцы, ужо стала фактычна сістэмай перапісванне вынікаў медычных абследаванняў, якія папярэдне даваліі права на адмэрміноўку. "Гэта арганізаваныя акцыі спецслужбаў па ізаляванні моладзевых актывістаў такім чынам - праз накіраванне на вайсковую службу", - лічыць Валянцін Стэфановіч.

Чаканне "Нашай вясны"

А тым часам днямі ў Мінску адбыўся ўстаноўчы сход Грамадскага праваабарончага аб’яднання "Наша Вясна", кіраўніком якога быў абраны віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Заснавальнікамі "Нашай Вясны" з’яўляюцца праваабаронцы, журналісты і грамадскія дзеячы з розных рэгіёнаў краіны, якія раней уваходзілі ў арганізацыю, ліквідаваную уладамі па рашэнні Вярхоўнага Суда Беларусі яшчэ ў кастрычніку 2003 года. Цяпер праваабаронцы спадзяюцца, што ў новых варунках, якія складваюцца ў Беларусі, іх арганізацыя будзе зарэгістравана беларускім Мінюстам.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме