1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Падарожжа па краіне альбо нефармальная адукацыя

Аляксандар Буракоў14 августа 2008 г.

Магілёўская арганізыцыя «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» далучае моладзь да беларускай культуры праз падарожжы. Ужо трэцяя экспедыцыя прайшла пад дэвізам «На прастор, на шырокі прастор!».

https://p.dw.com/p/ExJF
фота з архівуФото: DW/Mazurkewitsch

Гэтыя падарожжы нельга назваць звычайнымі экскурсіямі – магілёўцы пракладаюць новыя маршруты. Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці мясцовая суполка ТБМ лічыць арганізацыю вандровак па невядомых кутках Беларусі, якія пазней могуць стаць турыстычнымі аб’ектамі для замежнікаў. Прыкладам, адно з падарожжаў прайшло ад самай паўднёвай кропкі Беларусі да самай паўночнай – маршрут пракладзены ад “Чорнага замку Альшанскага” да Друі, дзе памежнікі ахоўваюць “Барысаў камень”.

Паводле старшыні гарадской арганізацыі ТБМ Алега Дзьячкова такі выбар быў зроблены свядома:

“Мы зрабілі акцэнт не на самых вядомых і “раскручаных” турыстычных брэндах кшталту Міра ці Нясвіжа, але мы абралі для людзей спецыяльна мястэчкі мала вядомыя. І нават мы наведалі такія мясціны, якія прафесійныя гісторыкі і экскурсаводы – большасць не чула пра іх, а калі і чула, то не бывала. Мы ў кожнай вандроўцы выбіраем такія мясціны, у якіх ніхто з магілёўцаў не быў”.

Беларускае асяроддзе

Падарожжы можна разглядаць і як нефармальную адукацыю. На пачатку паездкі кожны з удзельнікаў атрымлівае адмысловы буклет, дзе паказаны маршрут і аб’екты наведвання, партрэты вядомых асобаў. Акрамя таго, кожны ахвочы можа падрыхтаваць даклад па пэўнай тэме вандроўкі. Такім чынам, усе атрымліваюць магчымасць пабыць у ролі экскурсавода. У выніку, людзі знаходзяць сваё культурнае асяроддзе.

Так, выпадкова патрапіўшы на адну з вандровак, Алена Асмакоўская стала адной з найбольш знаных магілёўскіх актывістак ТБМ:

“Для многіх, як і для мяне, гэта магчымасць знайсці беларускае асяроддзе і знаходзіцца ў ім. Гэта вялікае задавальненне. Сучаснае беларускае асяроддзе – яно жыве, я была здзіўленая, таму што шмат год я не мела да яго ніякага дачынення, і думала, што ўсё загібла ўжо даўно. Усё гэта на ўзроўні асабістых уражанняў. Вядома, што ўсе ў вялікім захапленні ад вандровак, таму што гэта такое неафіцыйнае асяроддзе, якое робіць людзей вельмі блізкімі”.

Самы гаротны стан – на Усходзе

Па выніках вандровак у бліжэйшай будучыні плануецца зладзіць прэзентацыю дыска з фота- і відэаматэрыяламі. Частка фотапрацаў будзе прэзентаваная ў выглядзе перасоўнай фотавыставы, якую ТБМ штогод ладзіць у магілёўскіх школах. Гэтым разам асаблівую ўвагу Алег Дзьячкоў звяртае на гаротны стан архітэктурных помнікаў на Усходзе Беларусі. Па яго словах, каб знайсці прыгожае, неабавязкова ехаць кудысьці далёка:

“Мы ўсё едзем некуды далёка. Але прыйшлі да высновы, што горш за ўсё мы ведаем Магілёўскі рэгіён. І падаецца, што тут няма чаго паглядзець, але мы паехалі на дзень па Быхаўшчыне – праехалі 150 км., ніхто ніколі не меркаваў, што там можна нешта ўбачыць. І вось менавіта пасля вандроўкі па Быхаўшчыне народ быў у самым вялікім засмучэнні, бо пабачылі, што ў нас на Магілёўшчыне, ва Усходняй Беларусі помнікі ў самым гаротным стане. Заходняя Беларусь была пад “саветамі” на 20 гадоў меней, там ёсць, што паглядзець. А ў нас – альбо падмурак застаўся, альбо толькі ўспамін пра гэты помнік”.