1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Клімат для дзейнасці няўрадавых арганізацый у Беларусі застаецца неспрыяльным

Ала Максімава13 июля 2008 г.

Адной з ўмоваў, якія павінна выканаць Беларусь для паляпшэння стасункаў з Еўропай, з’яўляецца павага правоў няўрадавых арганізацый. Еўразвяз сфармуляваў умовы 2 гады таму. Ці змянілася сітуцыя для няўрадавых аб’яднанняў?

https://p.dw.com/p/EbWa

Клімат для дзейнасці няўрадавых арганізацый у Беларусі па-ранейшаму застаецца неспрыяльным, але пачалі выяўляцца станоўчыя тэндэнцыі. На гэтай думцы сыходзяцца многія грамадскія актывісты.

Дасягненне раўнавагі

Юрыст Цэнтра “Супольнасць” Юры Чавусаў адзначае, што ў параўнанні з 2006 годам – годам апошніх прэзідэнцкіх выбараў – сітуацыя дасягнула пэўнай раўнавагі.

“Умовы неспрыяльныя, але нельга сказаць, што яны пагоршыліся за апошні год. Асноўным неспрыяльным момантам застаецца наяўнасць артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса, які карае за дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў. Сама наяўнасць гэтага артыкула служыць пагрозай, якая працягвае шантажаваць шмат якіх актывістаў незарэгістраваных арганізацый”.

Юрыст таксама нагадаў, што за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі за мінулыя два гады былі асуджаныя 15 чалавек, шэсць з якіх адбывалі пакаранне за кратамі. Сёлета па дадзеным артыкуле была абвінавачана толькі адна асоба – актывістка “Маладога Фронта” Кася Салаўёва, пакаранне якой было абмежавана штрафам.

У якасці пазітыўных зрухаў у дзейнасці грамадскіх арганізацый фіксуецца павелічэнне колькасці выпадкаў іх рэгістрацыі. Яшчэ пару гадоў таму гэты бар’ер падаваўся непераадольным, і часам працэс рэгістрацыі займаў больш за год. Паляпшэнне з атрыманнем легальнага статусу, на думку Юрыя Чавусава, звязаная з тым, што ўлады “ўрэшце рэшт зразумелі, што наяўнасць зарэгістраванай дзейнасці – гэта большая магчымасць для кантролю, чым грамадская незарэгістраваная дзейнасць”.

Недасягальнасць легалізацыі

Для арганізацый, уцягнутых у палітычную дзейнасць, легалізацыя пакуль застаецца недасягальнай. Неаднаразовыя спробы рэгістрацыі руха “За свабоду”, “Маладога фронта”, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі пакуль не мелі поспеху. На думку Юрыя Чавусава, для Еўразвяза паказчыкам паляпшэння сітуацыі з правамі грамадскіх арганізацый у Беларусі будзе служыць менавіта сітуацыя з палітычна актыўнымі аб’яднаннямі.

“Настойлівасць руха “За свабоду”, калі яны ўжо тры разы падавалі на рэгістрацыю, можна толькі вітаць. Гэтая барацьба за рэгістрацыю пераўтвараецца ў прынцыповы момант, як у Польшчы калісьці была барацьба за легалізацыю незалежнага прафсаюза “Салідарнасць”. Гэта можа быць не столькі мэтай, колькі індыкатарам змены становішча. Я думаю, для еўрапейскіх структур якраз такі рэгістрацыя руха “За свабоду” будзе паказчыкам выканання аднаго з 12 патрабаванняў”.

Больш бяспечны фармат дзейнасці

Пакуль жа актывісты незарэгістраваных ініцыятываў могуць дзейнічаць не ад імя арганізацыі, а ў якасці асобных людзей. Такі фармат дзейнасці з’яўляецца больш бяспечным, лічыць спецыяліст па бяспецы дзейнасці грамадскіх арганізацый Аляксей:

“Калі няма магчымасці арганізацыі дзейнічаць легальна, то трэба арганізоўваць дзейнасць, пазбягаючы самога азначэння “арганізацыя”. Часам варта ахвяраваць піярам і рэкламай, брэндамі, а проста дасягаць грамадска значныя мэты, не фармалізуючы ўзаемадачыненні”.

Дарэчы, эксперты прагназуюць нізкі ўзровень удзелу зарэгістраваных грамадскіх арганізацый у парламенцкіх выбарах. Многія дзеячы перакананыя, што выбарчая кампанія не зменіць сітуацыю ў краіне, а наступствы для палітычна актыўных арганізацый, як сведчыць досвед мінулых гадоў, могуць быць самымі негатыўнымі.