Дэмакратычныя кандыдаты пачалі здымацца з выбараў
19 сентября 2008 г.Як паведаміў DW-RADIO кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
“Сёння да 12-ці гадзінаў мы не атрымалі адказ ад Цэнтрвыбаркама на наш зварот, а ён зключаўся ў аказанні садзеяння ў друку нашай прадукцыі, і таму мы мушаны заявіць, што пяць кандыдатаў у дэпутаты ад партыі па горадзе Мінску пішуць сёння заявы аб сваім зняцці. Гэта не байкот, гэта наш пратэст супраць таго, што брутальна парушаюцца правы 380 тысяч выбаршчыкаў, якія так і не здолелі атрымаць нашу праграму. Здымаюцца тры сябры Палітычнай рады партыі – гэта Валянціна Палевікова, Станіслаў Багданкевіч і Аляксандр Дабравольскі, адзін з лідэраў “Маладых дэмакратаў” Ганна Ягорава і сябра нашай партыі Кацярына Маласаева. Што тычыцца старшыні партыі, то прынята рашэнне, каб я застаўся на гэтым этапе, дэманструючы прыхільнасць нашым абавязкам у фармаце кааліцыі АДС, і на маёй акрузе мы будзем выконваць тое, што бралі на сябе, – гэта прад’яўленне фактаў фальсіфікацыі вынікаў выбарчай кампаніі”.
А напярэдадні адбыўся сход Мінкай гарадской арганізацыі Партыі БНФ, на якім таксама раглядалася пытанне далейшага ўдзелу кандыдатаў ад Беларускага народнага фронту ў парламенцкіх выбарах. Як паведаміў DW-RADIO лідэр сталічных фронтаўцаў Віктар Івашкевіч:
“Удзельнікі сходу Мінскай гарадской арганізацыі пераважнай большасцю галасоў выступілі за тое, каб рашэнне Сойму не мяняць, і на заўтрашнім Сойме пакінуць тое рашэнне, якое было прынятае месяц таму, а менавіта, да 23-га верасня кандыдатам ад БНФ зняцца. І адзіная папраўка – выказалі меркаванне, што па адной, а менавіта Кобрынскай акрузе, дзе балатуецца кандыдат Аляксандр Мех, у сувязі з грамадскай публічнасцю яго справы, дазволіць яму ісці да канца і ўсе сілы фронта накіраваць туды на назіранне, каб на гэтай акрузе прадэманстраваць усё, што можа зрабіць рэжым. З моманту прыняцця рашэння на Сойме сітуацыя з выбарамі не палепшылася, а пагоршылася”. (гк)