1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Выбары: старт дадзены

Генадзь Канстанцінаў

24 чэрвеня ў Беларусі стартуе кампанія па выбарах дэпутатаў парламента. Цэнтрвыбаркам і Аб’яднаныя дэмсілы заяўляюць пра поўную гатоўнасць да выбарчай гонкі. Але эксперты не абяцаюць апазіцыі лёгкага жыцця.

https://p.dw.com/p/EP27
Фото: dpa

Цэнтравыбаркам, паводле яго кіраўніцтва, звычайна пачынае падрыхтоўку да чарговый выбарчай кампаніі адразу пасля завяршэння кампаніі папярэдняй, таму і да восеньскіх выбараў ужо ўсё гатова. Як адзначае сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік, парламенцкія выбары ёсць больш складанымі параўнальна і з мясцовымі, і нават з прэзідэнцкімі выбарамі, і, як правіла, удзельнікі менавіта парламенцкай кампаніі вядуць найбольш жорсткую барацьбу.

“Кожны кандыдат лічыць сябе найбольш годным і вартым, таму час ад часу пакідае за сабою магчымасць парушыць некаторыя нормы выбарчага права. Вось тут нам і даводзіцца разбірацца ў спрэчках, тым больш што кандыдаты вельмі пільна сочаць адзін за адным, інфармаюць аб усіх парушэннях, і ўзнікае вельмі шмат выбарчых спрэчак”.

Што да магчымай ратацыі складу Палаты прадстаўнікоў, то Мікалай Лазавік заўважыў: “Я мяркую, што больш чым на палову будучы парламент будзе абноўлены. Аднак, мне не хацелася б рабіць нейкія прагнозы: наколькі парламент будзе абноўлены – вырашаць не камісіям, а выбаршчыкам”.

Права працаваць у камісіях

Сакратар Цэнтравыбаркаму адзначыў, што палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі ды іншыя ўдзельнікі выбарчай кампаніі маюць права працаваць у выбарчых камісіях. На маё пытанне, якім правам будуць яны валодаць – правам дарадчага ці вырашальнага голасу, Мікалай Лазавік адказаў: “Натуральна, правам рашаючага голасу, калі гаворка ідзе пра ўчастковыя ці акруговыя выбарчыя камісіі”.

Паводле Мікалая Лазавіка, і на гэтых выбарах, як і на мінулых, у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі будуць уведзеныя прадстаўнікі палітычных партыяў, якія пажадаюць удзельнічаць у кампаніі. “Такая прапанова ёсць і на будучыя выбары, прэзідэнт з гэтым пагадзіўся, і мы думаем, што калі партыі ўжо вызначацца са сваімі вылучэнцамі, кандыдатамі ў дэпутаты, і мы будзем бачыць, якія партыі непасрэдна ўдзельнічаюць у вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, тады і з’явіцца такі дэкрэт”.

Палітычныя партыі з удзелам у выбарах і са сваімі вылучэнцамі ўжо вызначыліся і таксама гатовыя ўключыцца ў выбарчую гонку. Як падкрэсліў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, “падрыхтоўчая праца вялася апошнія паўгады зусім мэтанакіравана, і мы ўдзельнічаем у гэтай кампаніі з яснымі для нас мэтамі. Мы не лічым, што паводле той колькасці нашых прадстаўнікоў, якая трапіць у “палатку”, можна будзе меркаваць пра паспяховасць нашага ўдзелу, але мы гатовыя вылучаць сваіх прадстаўнікоў у камісіі і рабіць усю іншую працу”.

Цяжкасці вядомыя

Паводле Аляксея Янукевіча, дэмакратычныя сілы дакладна ведаюць, што ім давядзецца сутыкнуцца з сур’ёзымі праблемамі падчас выбарчай гонкі: “Самыя вялікія цяжкасці будуць з абмежаваннямі, якія будуць штучна ствараць нацыянальныя, раённыя і мясцовыя ўлады для агітацыі, для дзейнасці нашых кандыдатаў, для нашых актывістаў. На жаль, ёсць падставы меркаваць, што зноў будзе ціск на працы, ціск на сваякоў, абмежаванне на распаўсюд матэр’ялаў, абмежаванне на правядзенне сустрэчаў з выбаршчыкамі”.

“Фармальна апазіцыя пастаралася, каб гэтая кампанія выглядала прадумана і арганізавана, я маю на ўвазе тое, што складзены спіс са 110 кандыдатаў, складзена пасланне электарату, - адзначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі. – Іншая рэч - гэта пытанне якасці і спісу, і паслання. Таму што шэраг аналітыкаў адзначаюць, па-першае, што сам спіс складзены ў пэўнай ступені фармальна, і пасланне не тое, якое можа выклікаць магутны рэзананс у электарата”.

Але нават не гэта будзе іграць галоўную ролю на будучых выбарах, мяркуе Аляксандр Класкоўскі: “Безумоўна, самы галоўны чыннік, які зводзіць на нішто ўсе высілкі апазіцыі, хай яна нават будзе сем пядзяў у ілбе, гэта гульня без правілаў - скарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, тых недасканалых момантаў выбарчага заканадаўства, якія крытыкуюцца і апазіцыяй, і міжнароднай супольнасцю, - тое, што дапамагае ўладзе дабіцца патрэбных ёй вынікаў”.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще