Выбары робяцца ўсё менш сапраўднымі
19 августа 2008 г.Дэмакратычныя партыі вылучылі ў склад участковых камісіяў больш за паўтары тысячы сваіх прадстаўнікоў. У выніку ў склад першасных выбаркамаў, дзе вядзецца падлік галасоў выбарцаў, трапілі толькі 48 чалавек, гэта тры адсоткі ад заяўленае колькасці, альбо сем сотых працэнта ад агульнае колькасці сябраў выбарчых камісіяў. Многія з іх зацверджаны ў склад участковых камісіяў на закрытых выбарчых участках - гэта шпіталі, вайсковыя часткі, санаторыі, дыспансэры і гэтак далей.
Непразрыста і негалосна
Па словах юрыста Валянціна Стэфановіча, у большасці выпадкаў камісіі фармаваліся непразрыста і негалосна:
“Намі зафіксавана вельмі шмат выпадкаў, калі назіральнікам, прадстаўнікам грамадскіх арганізацыяў, палітычных партыяў, незалежных СМІ адмаўлялі ў прысутнасці на паседжанні выканкамаў, якія фармавалі гэтыя ўчастковыя камісіі, адмаўлялі ў прадастаўленні інфармацыі, калі гэтыя паседжанні будуць адбывацца, не запрашаліся туды і самі вылучаныя ў камісіі прэтэндэнты”.
Паводле словаў праваабаронцы, паседжанні выканкамаў праходзілі вельмі фармальна і хуткацечна:
“Максімум гэта было паўтары гадзіны, пры гэтым разглядаліся да 1035 заяваў, як гэта было ў Лідскім райвыканкаме. Можна палічыць, колькі секундаў на кожную заяву аддаваў выканкам”.
Апроч таго, адзначыў Валянцін Стэфановіч, участковыя камісіі на 60-80 адсоткаў складаюцца з тых людзей, якія ўваходзілі ў гэтыя камісіі на мінулых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах. Як рэзюмаваў юрыст, адсутнасць заканадаўча дакладна вызначаных крытэраў пры фармаванні ўчастковых камісіяў дагэтуль дазваляе праводзіць разнастайныя маніпуляцыі пры іх фармаванні.
Катастрафічныя вынікі
“0,07% ад агульнага складу ўчастковых камісіяў - я назваў бы гэтыя вынікі катастрафічнымі для дэмакратычнага выбарчага працэсу ў Беларусі”, – адзначыў віцэ-прэзідэнт Міжнароднае Федэрацыі Правоў Чалавека Алесь Бяляцкі. – І мне падаецца, у пэўным сэнсе гэтую пагрозу для выбарчага працэсу адчувае і старшыня ЦВК”.
Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак прадэманстраваў спіс кіраўнікоў і сябраў участковых камісіяў па выбарчай акруге гораду Полацку, які правабаронцы атрымалі 6 жніўня, калі працэс падачы заяваў быў у самым разгары. Назіральнікамі быў складзены адпаведны акт і пратрыманы да заканчэння фармавання тых камісіяў:
“Аналіз паказвае, што на 90 адсоткаў кіруючы склад участковых камісіяў быў вядомы яшчэ да таго моманту, калі завершыўся этап падачы заяваў на фармаванне выбарчых камісіяў”.
Ёсць страх – няма выбараўвук
Гэтыя акт і спіс, паводле словаў Алега Гулака, будуць перададзеныя ў Цэнтравыбаркам і пракуратуру. Паводле кіраўніка БХК, вельмі шмат людзей, якія ўдзельнічалі ў выбарчым працэсе, але пад уціскам уладаў мусілі ад гэтага адмовіцца, нават баяцца падаць пісьмовыя скаргі пад пагрозаю быць звольненымі з працы альбо выкінутымі з навучальных установаў, таму такія выпадкі вельмі цяжка абскардзіць у пракуратуру. Як канстатуе праваабаронца, пакуль да людзей не вернецца адчуванне свабоды і не знікне страх, дагэтуль не магчымыя свабодныя выбары.