1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларускія правабаронцы патрабуюць спыніць палітычны пераслед грамадзянаў

Генадзь Канстанцінаў

У Мінску прайшоў “круглы стол” з удзелам беларускіх правабаронцаў і прадстаўнікоў дэмакратычнае грамадскасці. Асноўнымі тэмамі дыскусіі сталі сітуацыя з правамі чалавека і палітычны пераслед грамадзянаў у Беларусі.

https://p.dw.com/p/D5HM
Фото: BilderBox

Удзельнікі “круглага стала” адзначылі, што вызваленне апошнім часам з месцаў пазбаўлення волі палітычных вязняў - лідэраў “Маладога Фронту” Зміцера Дашкевіча і Артура Фінькевіча, а таксама прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава не ёсць знакам дэмакратызацыі і паляпшэння становішча з пераследам апанентаў дзейнае беларускае ўлады. Бо апошнім часам з’явіліся новыя крымінальны справы ў дачыненні да актывістаў моладзевых структураў, яшчэ адным прыкладам былі шматлікія арышты ўдзельнікаў вулічных акцыяў прадпрымальнікаў і гэтак далей.

“Лібералізацыя” - часовая

Да таго ж, як адзначыў праваабаронца, экс-адвакат палітычнага зняволенага Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч,

“Пэўная вонкавая лібералізацыя можа быць часовай, паколькі як толькі пагоршыцца сацыяльна-эканамічнае становішча і раптам пачнуцца сур’ёзныя сацыяльныя пратэсты ды вулічныя акцыі ўвесну гэтага году, рэпрэсіі могуць працягнуцца з новаю сілаю”.

Таму, паводле словаў Ігара Рынкевіча,

“Неабходна знайсці адзіны падыход да адказу на палітычныя рэпрэсіі, выкарыстоўваць ужо напрацаваныя алгарытмы кшталту камісіяў “Свабоду Казуліну!”, “Свабоду Дашкевічу!”, а цяпер і “Свабоду Андрэю Кіму!”

Праваабаронца ўпэўнены, што...

"Толькі калі мы будзем мець адпрацаваныя механізмы, пэўны прафесіяналізм і, канешне ж, каардынацыю паміж сабою, мы здолеем выйсці на новы ўзровень”.

"Палітызацыя крымінальнага заканадаўства"

Асаблівую ўвагу ўдзельнікі дыскусіі надалі прыктыцы прымянення артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае пакаранне за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях. Паводле артыкулу 193 прым. КК у Беларусі ўжо асуджаныя 14 чалавек, прычым чацвёра актывістаў. Гэта тры ўдзельнікі арганізацыі па незалежным назіранні за выбарамі “Партнёрства” і лідэр “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, асуджаныя да рэальных тэрмінаў пазбаўлення волі.

Сёння ў стадыі расследавання знаходзяцца яшчэ чатыры крымінальныя справы па гэтым артыкуле – і ўсе ў дачыненні да актывістаў “Маладога Фронту”, прычым тры чалавекі пераследуюца ў Гомелі і адная дзяўчына – Кацярына Салаўёва – у Полацку.

Як адзначыў сябра Рады Праваабарончага грамадскага аб’яднання “Вясна” Валянцін Стэфановіч, наяўнасць у Крымінальным кодэксе артыкулу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі -

"гэта палітызацыя крымінальнага заканадаўства".

Закон супярэчыць Канстытуцыі

Паводле Валянціна Стэфановіча, неабходныя абмежаванні дзейнасці сапраўды небяспечных партыяў ці аб’яднанняў утрымалівае артыкул 5 Асноўнага закону Беларусі, да якога, нажаль, амаль не звяртаюцца ні законатворцы, ні так званыя “сілавікі”. Згодна гэтага артыкула Канстытуцыі, як адзначае Стэфановіч,

"Забараняецца стварэнне арганізацыяў і палітычных партыяў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай ці расавай варожасці".

Як праваабаронца тлумачыць далей, гэты пералік з’яўляецца вычарпальным і не падгялае пашыранаму тлумачэнню. Акрамя таго, арт. 36 Канстытуцыі гарантуе ўсім грамадзянам права на свабоду аб’яднанняў, і арт. 23 Канстытуцыі гаворыць, што абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнае бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі і здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Валянцін Стэфановіч прыходзіць да высновы, што...

“дыспазіцыя артыкулу 193 прым. уваходзіць у яўнае супярэчанне з арт. 5 і арт. 23 Канстытуцыі РБ, паколькі прадугледжвае крымінальную адказнасць толькі за стварэнне і дзейнасць арганізацыяў, незалежна ад іх мэтаў”.

Закон супярэчыць Міжнароднаму Пакту

Калі казаць пра Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога ў свой час далучылася і Беларусь, то яго арт. 22 гарантуе, што кожны чалавек мае права на стварэнне асацыяцыяў з іншымі, уключаючы права на стварэнне прафсаюзаў і ўступленне ў іх для абароны сваіх правоў.

“Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія прадугледжваюцца законам і якія неабходныя ў кожным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў”, - адзначыў праваабаронца.

Такім чынам, рэзюмаваў Валянцін Стэфановіч, арт. 193 прым. КК супярэчыць палажэнням Пакта, паколькі ўтрымалівае недапушчальныя для дэмакратычнага грамадства абмежванні ў рэалізацыі права на свабоду асацыяцыяў у выглядзе крымінальнае адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванае арганізацыі.

Не дапусціць перадачы справаў у суд

Як адзначаюць правабаронцы, сёння стаіць задача не дапусціць перадачы справаў па артыкуле за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў суды, а таксама дабіцца міжнароднае рэакцыі на пакаранні паводле гэтага артыкулу, якія ўжо мелі месца. Суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі ў адстаўцы, доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў прапанаваў ахвярам прымянення згаданага артыкула Крымінальнага кодэкса ўсім разам звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

“Гэта адразу б прыцягнула каласальную ўвагу міжнароднае грамадскасці, а можа, і ўсёй ААН да гэтай праблемы. Тады гэтую справу разгледзелі б хутчэй, і, магчыма, сюды б прыбыў прадстаўнік Камітэта ААН па правах чалавека і сустрэўся б з гэтымі ахвярамі”.

Звярнуцца да Еўропы

Па меркаванні Міхаіла Пастухова, трэба не цурацца магчымасці для вырашэння праблемы задзейнічаць уплывовыя еўрапейскія структуры.

"Неабходна гэтым ахвярам звярнуцца ў Савет Еўропы альбо ў Еўрасаюз, у ПАСЕ ці парламент ЕС і папрасіць правесці слуханні па гэтым пытанні. Гарантавана, што яны пойдуць насустрач".

Іншымі пытаннямі, якія абмяркоўвалі ўдзельнікі “круглага стала”, былі актывізацыя кампаніі на абарону актывіста моладзевай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэя Кіма, які цяпер знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Мінску; кампанія супраць прымянення ў дачыненні да дэмакратычных актывістаў адміністратыўнага пераследу па артыкуле 17.1 КаАП РБ за дробнае хуліганства, калі людзей беспадстаўна абвінавачваюць у парушэнні грамадскага парадку (за нібыта лаянку матам) напярэдадні акцыяў апазіцыі; пытанне стварэння “шэрае кнігі”, у якую будуць унесеныя ўсе службовыя асобы, якія спрычыніліся да пераследу грамадзянаў па палітычных матывах, а атксама стварэнне базы дадзеных усіх пацярпелых па палітычных матывах. Для каардынацыі сваіх дзеянняў праваабаронцы вырашылі штотыдзень збірацца на адмысловыя нарады.