1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Акцыі пратэсту прадпрымальнікаў працягнуцца

Генадзь Канстанцінаў10 января 2008 г.

У цэнтры Мінску 10 студзеня прайшлі несанкцыянаваныя дэманстрацыя і мітынг пратэсту прадпрымальнікаў супраць указа прэзідэнта, які забараняе наёмную працу. У акцыі, па розных ацэнках, узялі ўдзел ад 2 да 5 тысяч чалавек.

https://p.dw.com/p/Cnt0
Фото: picture-alliance/ dpa

Яшчэ напярэдадні несанкцыянаванай акцыі 10 студзеня былі затрыманыя актывісты беларускага дэмакратычнага і прадпрымальніцкага рухаў Вячаслаў Сіўчык, Аляксандр Макаеў і некаторыя іншыя.

Тысячы людзей у цэнтры Мінску

Тым не менш, ужо апоўдні на Кастрычніцкай плошчы сталіцы сабраліся больш за тысячу індывідуальных прадпрымальнікаў, якія фактычна страцілі магчымасць працаваць, бо ўказ прэзідэнта № 760 забараняе “іпэшнікам” выкарыстоўваць працу наймітаў, апроч блізкіх сваякоў.

Такім чынам, за апошні час у Беларусі пазбавіліся працы тысячы наёмных працаўнікоў і прадпрымальнікаў. Як адзначыла адна з прадпрымальніцаў, “дзяржава займаецца паборамі, яны не даюць нам свободна працаваць, наш клас індывідуальных прадпрымальнікаў папросту хочуць знішчыць. Я за тое, каб клас індывідуальных прадпрымальнікаў пакінулі, каб за намі захавалі права на працу. Мы ўсе – жыхары Рэспублікі Беларусь, і мы маем права на працу!”

Цяжкія часы прадпрымальнікаў

Паводле словаў прадпрымальнікаў, яны ведаюць, што ў іх наступілі вельмі цяжкія часы.

- Нас чакае беспрацоўе, адназначна.

- Беспрацоўе, зноў будуць выступы грамадзянаў, не ведаю, на які тэрмін, невядома, як будзе развівацца сітуацыя, што будзе рабіцца.

- У першую чаргу пацярпелі наёмныя працаўнікі, таму што ад 1-га чысла яны дакладна не працуюць.

Як адзначае адзін з лідэраў кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Аляксандр Таўстыка, фактычная расправа з індывідуальнымі прадпрымальнікамі адгукнецца не толькі на іх.

“А што будзе чакаць адміністрацыю рынкаў, калі шмат кропак зачыняцца, і яны не будуць трымліваць адсоткаў 50 арэндных падаткаў? Улады ж да іх палезуць у кішэню – вы нам сплачвайце грошы за зямлю! Вось, што будзе рабіцца з адміністрацыяй рынкаў і з адміністрацыяй гарадоў?”

Без пратэсту не будзе зрухаў

На Кастрычніцкай плошчы з’явіліся лідэры дэмакратычных партыяў і рухаў, над натоўпам залуналі бел-чырвона-белыя і еўразвязаўскія сцягі, штандары АГП і руху “За свабоду”.

Паводле словаў намесніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча, улады пераследуюць прадпрымальнікаў “таму, што яны з’яўляюцца незалежнымі людзьмі, а незалежных людзей баяцца. Лукашэнка хоча, каб усе былі падкантрольныя, каб былі толькі тыя, хто атрымлівае заробак з яго бюджэта, ад яго карыта. Той, хто сам зарабляе грошы, для яго небяспечны”.

На думку лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, улады могуць пайсці насустрач патрабаванням прадпрымальнікаў толькі пры адной умове, калі ўбачаць сур’ёзны супраціў.

“Людзей сёння прыйшло многа, хаця хацелася, каб было больш, і без такіх пратэстаў, па адным, пазнішчаюць усіх. Таму я лічу, супраціў мусіць быць пастаянна, як і салідарнасць”.

Дэманстранты перакрылі галоўны праспект сталіцы

Праз колькі часу людзі перакрылі Праспект Незалежнасці, актывісты прадпрымальніцкага руху на чале з кіраўніком Грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатолем Шумчанкам накіраваліся ў будынак рэзідэнцыі прэзідэнта. Аднак, перамовы з начальнікам галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Інай Мядзведзевай, паводле словаў Шумчанкі, завершыліся безвынікова.

Мядзведзева заявіла, што 760 ўказ прэзідэнта адменены не будзе.

Пасля гэтага тысячы людзей другім разам перакрылі галоўную вуліцу і рушылі па Праспекце Незалежнасці да Дому ўраду. Нягледзячы на заторы, якія стварыліся ў цэнтры гораду, кіроўцы машын віталі маніфестантаў сігналамі клаксонаў.

На Плошчы Незалежнасці прадпрымальнікі правялі мітынг, на якім патрабавалі сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім, але безвынікова. Пасля прамоваў некаторых актывістаў людзі зноў перакрылі праспект у раёне Мінгарвыканкаму і галоўнага будынку Белдзяржуніверсітэта, пасля чаго спецназаўцы выціснулі іх на ходнікі.

Міліцэйскае начальства папярэдзіла Анатоля Шумчанку, Аляксандра Мілінкевіча і некаторых іншых актывістаў пра адміністратыўную і крымінальную адказнасць за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. А самі прадпрымальнікі заявілі, што 21 студзеня а 12-й гадзіне зноў выйдуць у цэнтр беларускай сталіцы на акцыю пратэсту.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще