1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“pARTisan” прыехаў у Магілёў

Аляксандар Буракоў30 октября 2008 г.

У межах кампаніі “Будзьма” у Магілёве адбылася прэзентацыя сёмага нумара часопіса “pARTisan”. У мерапрыемствы прынялі ўдзел такія знакавыя для Беларусі асобы як Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Максім Жбанкоў.

https://p.dw.com/p/Fkee
Фото: Elena Danejko

Сустрэча пачалася з дакладу Алеся Анціпенкі, прысвечанага вынікам апошніх выбараў у Беларусі. Гутарка ішла пра ролю СМІ ў грамадстве падчас такіх значных для краіны падеяў. Спадар Анціпенка выказаўся на гэтую тэму досыць бескампрамісна:

“На вялікі жаль, медыі не здолелі стварыць шырокую панараму выбарчай кампаніі. Яны фактычна маргіналізавалі галоўных герояў – я маю на ўвазе кандыдатаў і палітычныя партыі, і нічым не дапамаглі выбарцам зрабіць кампетэнтны выбар падчас галасавання”.

Тэма нумару – “лузеры”

Большасць свайго выступу Алесь Анціпенка прысвяціў тэме маральнага выбару і адказнасці журналістаў перад грамадствам, што настройвала на сур’ёзны лад. Але другая частка сустрэчы была прысвечаная ўласна апошняму нумару часопіса “pARTisan”, яго тэма – “Лузеры” ці “няўдачнікі”. Шквал эмоцыяў выклікала выступленне знанага філосафа і інтэлектуала Валянціна Акудовіча:

“Феномен “лузерства” – гэта небеларускі феномен. Ён належыць іншаму народу, і калі хочаце, іншай цывілізацыі – амерыканскаму народу і вялікай амерыканскай цывілізацыі, дзе праблема поспеху гэта адна з галоўных праблемаў і ментальных, і сацыяльных. Накладваньне амерыканскай матрыцы на нас абсалютова неадэкватнае”.

Ці ёсць беларусы “лузерамі”? Ці ёсць беларускія палітыкі “няўдачнікамі”? Гэтыя правакацыйныя пытанні наўмысна сталі галоўнай тэмай часопіса. Апанентам знакамітага філосафа выступіў спадар Анціпенка, а журналіст Максім Жбанкоў спрабаваў вынайсці кампрамісны варыянт у спрэчцы:

“Лузерамі” мы робім сябе самі, калі пачынаем казаць пра спазнённую нацыю, пра недарэчную культуру, пра памылковую ўладу і гэтак далей”.

У Мінску больш снабізму

“pARTisan”, па вызначэнні аўтараў, гэта сваеасаблівая праблемная зона, тэрыторыя пытанняў, а не адказаў, і пэўны “правакатар мыслення”. Пра слушнасць прэзентацыі тэмы ў Магілёве стала зразумела па рэакцыі зала. Максім Жбанкоў падзяліўся сваімі ўражаннямі напрыканцы мерапрыемства:

“Магілёўская публіка больш шчырая, больш эмацыйная, не надта стомленая нашым супольным інтэлектам. Мінская аўдыторыя больш прысычаная. Для яе не надта істотна, што скажу я ці спадар Акудовіч, якіх можна сустрэць кожны вечар у якой-небудзь кавярні. Вось гэтая дыстанцыя, якая неабходная каб зразумець сапраўдны маштаб асобы, яна прысутнічае тут, а ў Мінску яе няма. Там больш снабізму”.

“Ці ёсць Бог на Марсе?”

На развітанне, адмыслова для Deutsche Welle аўтары падзяліліся планамі на будучыню. Новы нумар “pARTisan”-а выйдзе перад самым Новым годам, і будзе прысвечаны пытанню веры. Ён будзе пачынацца гутаркай Валянціна Акудовіча з Алесем Анціпенка на тэму існавання Бога. Вось як акрэсліў тэму сам спадар Акудовіч:

“Гэта вясёлая тэма, і калі я не памыляюся, называцца нашая гутарка будзе “Ці ёсць Бог на Марсе?”, але за гэтай весялосцю пачынаюцца сур’ёзныя праблематыкі, якія мы хочам развязаць”.

Усе аўтары паабяцалі яшчэ раз наведаць Магілёў, з прэзентацыяй новага нумару.