1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“10 гадоў з аднаго вакна”

Генадзь Канстанцінаў7 марта 2008 г.

Так завецца фотавыстава беларускага музыкі, прадусара, рэжысёра, мастака Андрэя Плясанава, якая адкрылася ў сядзібе БНФ. Усе фотаздымкі апавядаюць пра рэальныя падзеі, якія адбываліся на адным толькі скрыжаванні...

https://p.dw.com/p/DKe8
Фото: picture-alliance/ dpa

На адкрыццё выставы ў невялікім памяшканні сабраліся больш за сто гледачоў – як шматгадовыя аматары творчасці Андрэя Плясанава як музыкі, гэтак і зусім маладыя людзі, якім шасцідзесяцігадовы мэтр мог бы быць дзедам. Цяпер Плясанаў прадстаў публіцы ў новым амплуа – фотамастака, а лепей сказаць, фатографа-дакументаліста. Бо ўсе фотаздымкі апавядаюць пра рэальныя падзеі, якія адбываліся цягам больш як дзесяці гадоў на адным толькі скрыжаванні – галоўнай магістралі беларускае сталіцы – Праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы.

Тут у адным з дамоў жыве майстар, тут з вакна сваёй кватэры, а таксама ад свайго пад’езда ён рабіў усе прадстаўленыя на выставе фотатворы. На здымках – і проста бясконцы паток аўтамабіляў, і вайсковыя летакі-знішчальнікі ў часе аднаго з парадаў, святочныя шэсці падчас афіцыйных мерапрыемстваў і масавыя акцыі дэмакратычных сілаў, а таксама няшчасныя выпадкі, аварыі, здарэнні, сцэны разгону вулічных акцыяў апазіцыі.

Самы аб’ектыўны від мастацтва

Як адзначыў у часе адкрыцця выставы адзін з яе арганізатараў, старшыня культурніцкае камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка, “фатаграфія, якая тут сабраная, не толькі ўбірае ўнікальныя моманты нашае гісторыі, але яна яшчэ гэтую гісторыю і падрабязна аналізуе. Здаецца, усе фатаграфіі зробленыя з аднаго ракурсу, з аднаго вакна, Але ўсе фатаграфіі па-свойму розныя. Яны, як тая відэастужка, апісваюць жыццё аднаго перакрыжавання ў цэнтры Мінску”.

Адрозна ад іншых жанраў, фатаграфія, паводле словаў Франака Вячоркі, ёсць найбольш аб’ектыўным відам мастацтва. “У нас у краіне ёсць вельмі моцнае падзяленне – ёсць апазіцыя, дэмакратычныя сілы, а ёсць улада. Фатаграфія аб’ядноўвае і тое, і тое. На фатаграфіі гэтага падзелу не існуе. І на гэтай выставе адкрыўся яшчэ адзін талент – талент фатографа Андрэя Плясанава”, - адзначыў старшыня культурніцкае камісіі Партыі БНФ.

Перашкоды для майстра

Як кажа сам аўтар, некаторыя матэр’ялы з’яўляюцца для яго вельмі каштоўнымі, бо “на здымках ёсць ужо забітыя людзі, якія там яшчэ жывыя, там ёсць старонкі жыцця нашага гораду ў пэўны час, ужо нават не за дзесяць гадоў, а за дванаццаць”.

Па словах Андрэя Плясанава, часам вельмі няпроста было рабіць гэтыя фота: “Праблема была ў тым, што калі я рабіў гэтыя здымкі, да мяне прыходзіла міліцыя і казала: калі вы іх апублікуеце, мы вас пасадзім. Мяне некалькі разоў арыштоўвалі проста ў двары, калі я рабіў здымкі з двара, з вокнаў пад’езду і суседзяў, з суседскіх балконаў. Калі здымаў міліцыю, як яна ела кашу, былі вельмі цікавыя здымкі, але ў мяне адабралі апарат, адабралі стужку, засвяцілі яе і выкінулі”.

У перспектыве – новая выстава

Мастацтвазнаўца і музычны крытык Вітаўт Мартыненка адзначае разнастайнасць натуры Андрэя Плясанава: “Мастак, музыка, калекцыянер… Адзін цікавы момант. Я неяк збіраў для аднаго выдавецкага праекта рэдкія здымкі беларускіх гуртоў. Куды не пайду – ні ў каго няма, хоць здымалі і фотакоры. А ў Плясанава ёсць усё. Да таго ж, гэты чалавек, нягледзячы на ўзрост, увесь час развіваецца, мяняецца, удасканальваецца”.

Сам Андрэй Плясанаў ужо гатовы прадставіць на суд гледача новую экспазіцыю: “Я хачу арганізатарам гэтае выставы праз некалькі месяцаў прапанаваць зладзіць паказ маіх фотаздымкаў з усіх канцэртаў нашых беларускіх рок-музыкаў. Тут, на выставе, прадстаўлены здымкі, зробленыя проста фактычна – што бачу, то і здымаю, а на канцэртах я спрабаваў здымаць так, каб гэта было на высокім мастацкім узроўні”.

Пасля кароткай афіцыйнай часткі прысутныя змаглі паслухць Піта Паўлава, Юрыя Несцярэнку і, натуральна, самога Андрэя Плясанава ў якасці вакаліста, выканаўцы на губным гармоніку і гітарыста рок-гурту P.L.A.N.