1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

10 сутак арышту за Дзень Еўропы

2 мая 2008 г.

У пятніцу суд Першамайскага раёну разгледзеў адміністратыўную справу старшыні аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікалая Статкевіча, затрыманага 1 траўня ля Нацыянальнай бібліятэкі.

https://p.dw.com/p/DsNq
Фото: AP

Палітыка даставілі ў аддзяленне суда на ўскрайку гораду на вуліцы Астрашыцкай пад канвоем з Цэнтру ўтрымання правапарушальнікаў (былога спецпрыёмніка-размеркавальніка) на вуліцы Акрэсціна, дзе вязень правёў ноч да суда.

Мікалая Статкевіча затрымалі разам з больш як дваццаццю актывістамі дэмакратычных сілаў, калі тыя спрабавалі адзначыць Дзень Еўропы ў месцы, дзе абываліся афіцыйныя святкаванні Дня працы, ладжаныя праўладнай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

Мікалай Статкевіч спрабаваў праз мегафон звярнуцца да грамадзян, што знаходзіліся на пляцоўцы ля Нацыянальнай бібліятэкі, але яго схапілі спецназаўцы і разам з іншымі затрыманымі адвезлі ў РУУС Першамайскага раёну Мінску, дзе на палітыка быў складзены пратакол аб адмінстратыўным правапарушэнні паводле артыкула 23.34 КаАП РБ за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

Суд не звярнуў увагі на тое, што ніякай несанкцыянаванай акцыі не было ў прынцыпе, бо на месцы, дзе затрымалі Статкевіча, адбывалася дазволенае і нават ініцыяванае ўладамі масавае мерапрыемства. У выніку палітык, які адмовіўся даваць паказанні, атрымаў 10 сутак арышту, якія правядзе ў “палітычнай турме” на Акрэсціна.